Беларус хварэе, як і кожны чалавек. Але ён не бяжыць прышчапляцца ад слупняку, калі пальчык паколе. Самая цярплівая істота на сьвеце — беларус — вытрымае любую хваробу й боль. Я ведаў некалькі старых беларусаў, якія памерлі, ня ведаючы, што хворыя на рак лёгкіх.
Яшчэ ў беларусе жывуць спрадвечныя недавер і страх перад Лекарам.
Я лекар, глаўны аптэкар,
Умею лячыць,
Кроў мячыць,
Корпію ўстаўляць,
Жывых людзей
На той сьвет адпраўляць:
Ка мне вядуць на нагах,
А ад мяне вядуць на санях, — самарэклямуецца Лекар з батлейкі.
Лекар ва ўяўленьні беларуса — тутэйшы Харон, які перапраўляе людзей у апраметную, і ніколі — адтуль. Беларус, як істота інтравэртная, ня любіць, каб хтосьці корпаўся ў ягоных шлунках. Зьвязвацца зь Лекарам азначала тое ж, што хаўрусаваць са Сьмерцю. Таму беларус, калі яго апаноўвала немач, схільны быў ачуньваць або ісьці да Абрама на піва саматугам. Ён ратаваўся малітваю, зёлкамі або гумарам, як жартаўлівы Пісарэвіч з п’есы Максіма Гарэцкага ці Гервасі Выліваха з аповесьці Ўладзімера Караткевіча “Ладзьдзя Роспачы”. Самсона Самасуя з рамана Андрэя Мрыя выратавала ад гойстрага гастрыту каханьне.
Беларусы лекуюцца і паміраюць паасобку. Да апошняга моманту іх не пакідае надзея: можа, як-небудзь рассмокчацца? І няма ў нас такой звычкі — паміраць у калектыве. Кожны імкнецца зрабіць гэта ціха, бязь лішніх сьведкаў. Вось чаму герой дудараўскай п’есы “Вечар” Гастрыт уцёк з больніцы да Мульціка і Ганны, каб сканаць сярод сваіх.
Калі ў Беларусі пабудавалі больніцы, беларусы запоўнілі іх неахвотна. І не для таго, каб лячыцца. А для таго, каб, казаў той, у іх “ляжаць”. Насамрэч, беларусы ў больніцах не ляжаць. Яны ў іх сноўдаюцца, поўзаюць, цягаюцца, мадзеюць, чаўрэюць, але не ляжаць. Няма ў нас такой мэнтальнае рысы — ахвоты да ляжаньня. У Беларусі Ільля Мурамец не пралежаў бы і трыццаці трох дзён, бо яго сьцягнулі бы зь печы.
Прагматычныя беларусы вырашаюць у больніцах тыя праблемы, якія яны ня могуць вырашыць на волі. Больніца — месца, дзе можна прабавіць час узімку, калі працы няма, пракачацца, наглядзецца сэрыялаў, каб аж уваччу пазелянела. Літаратурная гераіня Івана Пташнікава Алімпіяда з аднайменнага раману залегла ў больніцу, каб пераасэнсаваць анталягічныя пачаткі быцьця. Яна хварэла ўлетку, і гэта быў рэдкі выпадак. Зазвычай беларусам улетку няма калі хварэць ды паміраць. Улетку больніцы напаўпустыя.
“Беларус любіць смачна паесьці”, — казаў Караткевіч. Асабліва ў больніцы, дадам я. Добры дух, які жыве ў лядоўні, клапоціцца, каб беларусу было ўежна. Памятаю, я як наіўна спрабаваў уратаваць у больніцы асабісты брус сала. Падвесіў яго на акне, але й тут яго прыкмеціла шпітальная варона і пачала дзяўбці. Давялося даверыць сала духу лядоўні. Праз гадзіну маё сала ўжо шамацеў дзядок з даверлівымі і сінімі, як возера Суя, вачыма. “Як добра гасударства пра нас дбае, — казаў дзядуля жуючы. — Лезь, сынку, у гэтую скрыню. Тут табе ўсяго наклалі: і сыру, і кілбасаў, і бананаў”.
У больніцах, як нідзе, беларусы выяўляюць свае мэнтальныя рысы: цярплівасьць ды законапаслухмянасьць. Прыгадваю, зь якой пакораю прымалі пацыенты самае балеснае, што ёсьць у больніцы: уколы ў вочы. Сам, атрымаўшы іх з тузін, засьведчу: пасьля такога радуесься кожнай хвіліне, пражытай без уколаў.
Дысцыплінаванасьць хворага беларуса паказаў Ядвігін Ш. у аповедзе “З бальнічнага жыцьця”. Пацыент №17 марудна канае, і нецярплівы наглядчык, не дачкаўшы ягонай сьмерці, запісвае ў кніжцы: “Памёр у 9 гадзін вечара”. “Як увесь свой нядоўгі век быў паслухмяны Сымон, так і ў гадзіну свайго кананьня стаўся паслухмяным начальству: у дзевяць сканаў”, — піша аўтар.
Найбольш сталая больнічная звычка беларуса — хадзіць, шоргаючы ды ўгнуўшыся. Здаецца, што дзеля таго і атабарыліся тут, каб шоргаць і гнуцца. Бо па-за больніцай так існаваць як бы сорамна. Нават размовы і аповеды тут — шоргаючыя. У больніцы пачуў я жашку пра хворага, які зрабіўся крохкі, як бульбяны скрылік, і ад яго пачалі адвальвацца часткі цела — пальцы, рукі, ногі. Часам думаю, што ўсе хваробы пайшлі ад гэтай звычкі — існаваць, угнуўшыся ды шоргаючы. Пройдзе яна, і мы станем краінай бяз больніцаў і бяз хворых. Людзі выпрастаюцца і зноў навучацца жыць і паміраць сярод сваіх. Калі-небудзь гэтае выпростваньне адбудзецца, бо кожнай хваробе пакладзены канец.