Таварыства Мёртвых Паэтаў

Сяргей Дубавец

(эфір 19 лістапада 2000)

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец.

Рыхтуючы мінулую перадачу пра Аркадзя Куляшова і ягоны верш "Бывай", я ня мог прамінуць самага трагічнага дня ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. - 29 кастрычніка 1937 году, калі ў Менску было расстраляна адначасова 14 паэтаў. На наступны дзень, 30-га, дастралялі яшчэ трох. Агулам - каля дваццаці.

Нешта няёмчыцца ў сьвядомасьці ад такога факту, нешта турбуе і патрабуе калі не адказу, дык хаця б разгляду. Пытаньне сьмяротнае кары само сабою складанае і вырашаецца па рознаму. Пытаньне сьмяротнае кары для паэтаў яшчэ складанейшае. Маю на ўвазе матывацыі для такога пакараньня. Нам трэба абавязкова разабраць іх, каб зразумець, чаму такое было магчыма і чаму такое магчыма ў прынцыпе.

Я гартаю сучасны біяграфічны даведнік "Беларускія пісьменьнікі", дзе ўжо без эўфэмізмаў называюцца даты расстрэлаў, і не магу пазбавіцца адчуваньня, што датыкаюся да нейкага таварыства мёртвых паэтаў - забітых і замучаных зусім не на вайне або пасярод чумы, або ў часе стыхійнага бедзтва, а пасярэдзіне сталінскага Менску, пасярэдзіне савецкага шчасьця і першае маладосьці многіх сёньняшніх нашых суграмадзян. Расстраляныя паэты, у адрозьненьне ад народных і заслужаных маюць стакроць большае права называцца паэтамі, бо менавіта ў такой якасьці і за такі грэх былі пакараныя. Чэкісцкая куля навечна прыпаяла да іхных абліччаў гэткае званьне - паэт.

Гартаеш даведнік, а вока ўвесь час трапляе на даты расстрэлу ў біяграфіях вершатворцаў. Міжволі адбываецца нейкая дзіўная падмена паняцьцяў - маўляў, калі паэт, дык абавязкова мусіць быць забіты альбо закатаваны, інакш ужо быццам і не паэт. Таму сярод расстраляных і памерлых на катарзе ў біяграфічным даведніку ўшанаваныя і памерлыя сваёй сьмерцю выглядаюць неадэкватна, бо таксама называюцца паэтамі, але ж не закатаваныя. Яшчэ больш дзіўна ўбачыць тут, у гэтым таварыстве мёртвых паэтаў, кагосьці жывога ды яшчэ й знаёмага, каго бачыў во на мінулым тыдні.

Жывыя не выглядаюць сярод забітых жывейшымі. У кагосьці замест радка "Расстраляны" значыцца - "Узнагароджаны мэдалём". У некага ўвогуле ў гэтым месцы пуста. Гэтак жывыя сваякі часам ставяць сабе помнік поруч з нябожчыкамі, толькі што дату не пазначаюць...

Зьвернемся да матывацыі тых расстрэлаў. Верагодна, усе нашыя паэты былі зьвінавачаныя ў нацдэмаўшчыне і трацкізме. Але гэта чыста фармальны бок. Ясна, што ані трацкістамі, ані якімі азьвярэлымі нацыяналістамі яны не былі. Юныя, як па сёньняшніх мерках, паэты пісалі часта наіўныя вершы пра вясну і пра камуну, пра сьветлае заўтра.

Яны не маглі быць антысаветчыкамі паводле самой прыроды сваёй, у якой зь дзіцячых гадоў зьліліся ў адно рэвалюцыя, нацыянальнае станаўленьне і паэтычная творчасьць. Па вялікім рахунку яны былі стваральнікамі беларускае пралетарскае сьведамасьці, што жыве ў нашым народзе да сёньня.

Колькі разоў даводзілася чуць ад нашых дасьведчаных людзей, што да 1917 году Беларусі не было. Не было і не было б, калі б ня тая сацыялістычная рэвалюцыя. Масавая нацыянальная самаідэнтыфікацыя народу супала з усталяваньнем савецкае ўлады, яе парадкаў і камуністычнае ідэалёгіі. А гэта значыць, што перакананьне ў ролі рэвалюцыі для таго, каб мы, беларусы, беларусамі азваліся, трапіла не на сьвядомасны ўзровень, а ледзь не на генэтычны - у кроў. Натуральна, гаворка ідзе не пра навукоўцаў-гуманітарыяў, а пра мільёны, пра народ, і пра паэтаў, якія лічылі для сябе за шчасьце быць выразьнікамі глыбокіх перакананьняў свайго народа.

Сталінскія рэпрэсіі і калектывізацыя наўрад ці моцна пахіснулі гэтыя перакананьні. Рэвалюцыя патрабавала ахвяраў. Тысячы і сотні тысяч мусілі легчы ў падмурак усеагульнага шчасьця. Рэпрэсіі прынесьлі шмат чалавечых трагедыяў.

Сапраўдная сьветапоглядная драма беларусаў пачала разгортвацца ўжо ў нашы дні. Пасьля таго, як Кастрычніцкую рэвалюцыю самі расейцы пераназвалі ў пераварот. Звыклая формула "Без Кастрычніцкай рэвалюцыі Беларусі не было б" цяпер мусіць гучаць "Без бальшавісцкага перавароту Беларусі і нас, як нацыі, не было б". Ды што ж мы, бандыты якія? Сьвядомасны падзел нагадвае разьдзяленьне сіямскіх блізьнятаў. Але ён неабходны, каб аддзяліць Боскае і д'яблава.

Паўставаньне нацыі - гэта станоўчы палітычны, эканамічны і культурны фактар. А крывавы пераварот у суседняй дзяржаве, цяпер ужо асуджаны і пераадолены ў сваіх наступствах - гэта гістарычная анамалія. Ды толькі ня проста да гэтага падступіцца. У Расеі зноў Дума і губэрнатары, зноў царскі трыкалёр і зьнесеныя помнікі Дзяржынскага. 7 лістапада ніхто не сьвяткуе як дзень рэвалюцыі. А ў нас і рэвалюцыя, і Дзяржынскі, і назвы вуліц савецкія - усё на месцах. Вось жа прычына гэтага ў тым, што за 20 стагодзьдзе камунізм стаў для масаў народа сынонімам сваёй нацыянальнай прыналежнасьці.

Вернемся ў 1937 год. Мы пераканаліся, што ўсе расстраляныя паэты верылі ў камунізм і ў тое, што рай на зямлі не збудуеш без ахвяраў.
Таму гэта не матывацыі іхнага расстрэлу. Наўрад ці такія матывацыі прыдумлялі ў НКВД, які кіраваўся разнарадкай - колькі трэба выявіць і расстраляць ворагаў народа. Зразумела, што НКВД сярод паэтаў не выбіраў. Для такога адбору нядаўна быў створаны спэцыяльны орган - Саюз пісьменьнікаў.

Як вядома, асноўным мэтадам, які прыводзіў да рэпрэсіяў супраць чалавека быў данос. І пачынаючы з трыццатага году да трыццаць сёмага ўжо шмат беларускіх паэтаў на падставе даносаў былі адпраўленыя ў Сібір альбо расстраляныя. Дзень 29 кастрычніка 1937 году ў гэтым шэрагу асаблівы. У адзін час і ў адным месцы было расстраляна ажно два дзясяткі паэтаў. Адразу. Цяжка паверыць, што так дружна і ўвадначасьсе прыйшлі даносы. Больш верагодна, што і Саюз пісьменьнікаў атрымліваў сваю разнарадку на ворагаў народа. А як інакш, калі гэтак дружна праводзіўся сенакос. Нагадаю, што Саюз пісьменьнікаў быў тады не грамадзкай арганізацыяй, як цяпер, а дзяржаўнай установай, і старшыня праўленьня саюзу Міхась Клімковіч быў адначасова членам ЦВК БССР - гэта значыць, міністрам літаратурных справаў.

Такім чынам, матывацыі масавага расстрэлу паэтаў трэба шукаць у Саюзе пісьменьнікаў. Нашыя вершатворцы сталі ахвярамі свайго цэху. Выжыў і пазьбегнуў рэпрэсіяў толькі той, хто ў цэх не ўваходзіў. Скажам, Янка Журба, які акурат у 37-м з-за хваробы вачэй пакінуў працу ў Менску і перабраўся ў вёску.

Верагодна, распараджаліся жыцьцём паэтаў кіраўнікі цэху, прынамсі, не бязь іхнага ўдзелу складалася разнарадка. Ясна, што былі і навушнікі, якія "падводзілі базу". А паколькі базу можна падвесьці пад каго хочаш, і паколькі нашы паэты не былі антысавеччыкамі, значыць, сутнасныя матывацыі мелі чыста чалавечы, маральны ці нават сытуацыйны характар. Незалежна ад таго, што пасьля пісалася ў пратакол.

Янка недалюбваў Петруся. А Міхась падазраваў, што Андрэй паклаў вока на ягоную. Юрась не пачуваўся геніем і зайздросьціў Валерку. А Сымон адчуваў, што сам нетрывала стаіць на нагах. Верагодна, і кватэрнае пытаньне тут адыграла сваю ролю напоўніцу.

Цікава, хто з клясыкай айчыннай літаратуры складаў тую разнарадку, свой самы галоўны твор? І ці была гэта пісьменьніцкая тройка на ўзор асобай нарады? І ці праходзяць творы тае тройкі ў сёньняшніх беларускіх школах?

Я ўяўляю як іх выводзяць на расстрэл - усіх разам. Можна ўзяць сытуацыю, якую так ясна выпісаў у сваім "Жоўтым пясочку" Васіль Быкаў. Але мне чамусьці ўяўляецца ўнутраны двор КГБ у Менску. Ці нават дворык самой "амэрыканкі" - унутранай турмы КГБ. Магчыма гэта слова "паэт", майстар слова патрабуе нейкага гарадзкога антуражу, гэтых тоўстых сьценаў і закратаваных вокнаў... Падае сьнег. Іх вышыхоўваюць у адзін шэраг. Завязваюць вочы, але я ўсё адно пазнаю іх у твар.

Міхась Зарэцкі - ужо на той час знакаміты пісьменьнік, аўтар трох раманаў, апавяданьняў, п'ес. Перакладаў, між іншым, па-беларуску Швэйка. Адукацыю меў папоўскую, а прафэсію вайсковую. Мудры ў свае 35 гадоў чалавек.

Алесь Дудар на тры гады маладзейшы, адзін з завадатараў той маладнякоўскай бурапены. У яго быў зборнік з такой назвай "І залацісьцей, і сталёвей".

Платон Галавач, камсамолец, партыец. Ягоная аповесьць "Спалох на загонах" ёсьць у сёньняшніх навучальных праграмах.

Анатоль Вольны, Васіль Каваль, Валеры Маракоў - паэты-маладнякоўцы.

Юрка Лявонны назваў свой першы зборнік "Камсамольскія вершы". Пераклаў па-беларуску "80 000 км пад вадой".

А Зяма Півавараў пасьпеў выдаць толькі адзін зборнік.

Васіль Сташэўскі пасьпеў болей. Пісаў п'есы і прозу. Каля дзясятка кніг.

Пяцёра расстраляных пісалі на ідыш - Бранштэйн, Дунец, Кульбак, Харык і Юдэльсон.

Характэрная дэталь. Менск у 20-30 гады быў у поўным сэнсе слова мультыкультурным горадам. Выходзілі кнігі і пэрыёдыкі, ставіліся п'есы па-польску, па-габрэйску, па-літоўску. Тут жылі і творцы на ўсіх згаданых мовах. Словам, Менск нагадваў Вільню зь яе сярэднявечнымі традыцыямі, такі сабе культурны кацёл, дзе на сутоках розных культураў нараджаліся шэдэўры. Але менскі мультыкультуралізм быў цалкам зьнішчаны ў 30-я. Польскія, габрэйскія, літоўскія пісьменьнікі былі расстраляныя або высланыя ў ГУЛАГ. Пасьля вайны колішняя традыцыя не адрадзілася да нашых дзён. Вось чаму і за саветамі, і сёньня беларушчына ў Менску пачуваецца як у пустцы, чужакавата. І беларускае слова на вуліцы адразу зьвяртае на сябе ўвагу.

Назаўтра пасьля расстрэлу 29 кастрычніка дастрэльвалі яшчэ трох. Гэта былі Тодар Кляшторны, Янка Нёманскі і Юлі Таўбін. Маладзенькі губашлёп Таўбін пісаў наіўныя вершы:
Нас мільёны... Мы інакшай,
Лепшай долі кавалі,
Гэту долю, гэта шчасьце
Нам крывёю здабылі...

Згадваючы той кастрычніцкі расстрэл, задаесься думкай: а дзе ж былі людзі? Літаратурнае жыцьцё тады, як і цяпер, кружляла галоўным чынам паміж рэдакцыямі, выдавецтвам, радыё, навучальнымі ўстановамі і, само сабой, Саюзам пісьменьнікаў. Ня можна паверыць, што масавае забойства дваццаці сябрукоў-паэтаў прайшло для гэтых тусовак незаўважна.

Сапраўды, на той момант ужо былі высланыя і зьнішчаныя многія постаці беларускага літаратурнага жыцьця. Але восеньскі расстрэл 37-га ў гэтым шэрагу беспрэцэдэнтны. Як правіла, расстрэльвалі аднаго і зьвесткі пра ягоную гібель маглі ня выйсьці са сьценаў турмы. У тым самым кастрычніку другога расстралялі Лукаша Калюгу, 14-га - паляка Жарскага, 20-га - Міхася Чарота. Пазьней, у розныя дні сьнежня, расстраляюць Дварчаніна, Курдзіна і Піятуховіча...

Дапускаю, што нехта папракне мяне ў недарэчнасьці або нават немаральнасьці параўноўваць сытуацыю расстраляных паэтаў з сытуацыяй тых, хто выжыў. Тым ня менш, прыведзеныя факты пра масавае зьнішчэньне вершатворцаў і саюзаўскую разнарадку даюць, на маю думку, падставу нават ня тое што шукаць пісьменьніцкае салідарнасьці, а адказаць на самае простае і чалавечнае пытаньне - дзе былі людзі? Ці, калі заўгодна, дзе былі іншыя пэрсанажы таго біяграфічнага даведніка, якім пашчасьціла пазьбегнуць расстрэлу.

Эдзі Агняцьвет на момант расстрэлу працуе рэдактарам Беларускага радыё. Тамсама - Кастусь Губарэвіч. Праз два гады Агняцьвет стане кансультантам у кабінэце маладога аўтара СП. Слова "кабінет" у гэтым кантэксьце гучыць страшнавата. Між іншым, на момант расстрэлу кансультантамі ў кабінэце працавалі Пятро Глебка і Аркадзь Куляшоў, а галоўным кансультантам быў Кузьма Чорны. Праўда, у Куляшова пасьля гэтага ў біяграфіі правал. Напісана, што ў 36-37 быў літкансультантам у кабінэце. Пасьля - у 1941-м - у армейскай газэце, на фронце.

Заўважная дэталь. Другая палова трыццатых часьцяком падаецца ў біяграфіях, як правіла, расплывіста - не па гадах, а пэрыядам па пяць і болей гадоў. Да прыкладу, у Петруся Броўкі гэты пэрыяд наогул нічым не пазначаны. Зрэшты для паэта важнейшыя справы, а не пасады - у 37-м ён выдае зборнік "Вясна радзімы".

У Віталя Вольскага гэты пэрыяд таксама выпадае. Хоць і сказана, што да 36-га году працаваў дырэктарам інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР. Пасьля ў 43-м былы чэкіст Вольскі працуе загадчыкам аддзела ў газэце "Раздавім фашысцкую гадзіну". Паміж дзьвюма намэнклятурнымі пасадамі - 7 гадоў, верагодна, творчае працы - п'есы, пераклады...

Няма 37-га году і ў біяграфіі Кандрата Крапівы, які да 36-га быў загадчыкам аддзела ў часопісе "Полымя рэвалюцыі". Наступны радок жыцьцяпісу пазначаны 39-м. Дзьве вэрсіі гэтых біяграфічных правалаў наступныя - або яны хаваліся дзе на дачах і вёсках, бо рэпрэсіяў тады баяліся ўсе, або пазьней біёграфы схавалі іхнае членства ў кіраўніцтве Саюзу пісьменьнікаў. У сьвятле згаданых раней разнарадак.

Праўда, самых галоўных на той час у СП не схаваеш, інакш выйшла б што і саюз у 37-м не працаваў. На момант расстрэлу старшынём СП быў Міхась Клімковіч, а ягоным намесьнікам - паэт Андрэй Александровіч. Праз год і Александровіча рэпрэсуюць, але ён аддзелаецца высылкай і вернецца ў Менск ужо ў 47-м.

Дырэктарам беларускага аддзяленьня літфонду быў на той час Сілан Гусеў. Паводле абавязку, ён ведаў матэрыяльнае становішча расстраляных і высланых паэтаў, бо разьмяркоўваў між паэтамі жыльлё і дапамогу.

Рэдактарам ЛІМа ўвесь гэты час - з 35 да 41 быў Ільля Гурскі. Невядома, ці ацэньваў ён таленты рэпрэсаваных творцаў і ці было яму шкада, калі расстрэльвалі здольных паэтаў - аўтараў ягонае газэты. Тое самае можна сказаць і пра Міхася Калачынскага - адказнага сакратара ў Ліме, і пра Рыгора Лынькова, які ў гэты самы час працуе, чамусьці, на гэтай самай пасадзе.

Галоўным рэдактарам часопіса "Полымя рэвалюцыі" быў Міхась Лынькоў. Адказным сакратаром - Макар Пасьлядовіч

У 37-м Васіль Барысенка заступае на пасаду дырэктара інстытуту мовы і літаратуры АН БССР, якую ён будзе займаць амаль 30 гадоў. Павел Кавалёў працуе ў Зьвязьдзе. Васіль Вітка ў 37-м пераходзіць з Чырвонай змены на працу ў ЛіМ. Цікава, што і Агняцьвет, і Вітка, і Вольскі пасьля ўсяго гэтага перажытага сталі дзіцячымі пісьменьнікамі.

Што да расстраляных габрэйскіх паэтаў, варта згадаць, што рэжысэрам Дзяржаўнага габрэйскага тэатру ў 37-м працуе Віктар Галаўчынер. Народным артыстам БССР ён стане толькі пасьля вайны. Заснавальнік беларускага савецкага тэатру Ўладзіслаў Галубок атрымаў званьне народнага ў 28-м. Аднак гэта не замінае расстрэлу Галубка 28 верасьня 1937-га.

А габрэйскую сэкцыю СП ўзначальвае Гірш Камянецкі.

І два словы пра народных песьняроў. Дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Якуб Колас выпускае зборнік вершаў "Нашы дні". А член ЦВК БССР Янка Купала - зборнік "Беларусі ардэнаноснай". Я разумею, што два народныя паэты нацыі загнаныя ў невыносную сытуацыю, і адзін зь іх нават спрабуе сканчыць жыцьцё самагубствам. Верагодна, урэшце і сканчае. Бо сядзець у сталінскім прэзыдыюме з баржомі і ўсьведамляць, што ў гэтыя хвіліны расстрэльваюць Маладняк - непамысна.

Вось такі атрымаўся адказ на пытаньне: а дзе ж былі людзі? Людзі былі за рэдакцыйнымі сталамі і ў радыёстудыі давалі слова ля мікрафону пісьменьнікам і паэтам. Магчыма, нехта зь іх і ня ведаў, што складае ў гісторыі чалавечы фон, на якім паўстае Таварыства мёртвых паэтаў. Зрэшты, тыя каго я назваў, ня ведаць не маглі. Усе яны займалі, так бы мовіць, публічныя пасады і ўсе, асабліва супрацоўнікі СП, добра ведалі кожнага з расстраляных.

Пранізьлівы трагізм Галякосту, фашыстоўскіх і сталінскіх канцлягераў пакуль толькі крыху крануў беларускую літаратуру. Магчыма, гэта з-за таго, што няма тых расстраляных паэтаў. Ці з-за таго, што жалезныя шчэлепы цэху не даюць літаратарам вызваліцца і ўзьняцца да вялікага мастацкага вобразу. Пра тое з прафэсіяналаў пісалі ў нас сапраўды глыбока хіба толькі Геніюш ды Быкаў. Але цяпер першая ў зямлі, другі за мяжою. Так і так яны па-за цэхам. Яны вызваліліся. Што да астатніх, дык, мабыць, і наймаладзейшых трымае жалезным кулаком тая разнарадка, тая кругавая парука даўно памерлых калегаў, тое Таварыства мёртвых паэтаў.