Урокі ХХ стагодзьдзя. Часопіс "Скарына".

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Сёньняшні выпуск Вострае Брамы апошні ў гэтым годзе, а таксама ў стагодзьдзі і ў тысячагодзьдзі, якое пачыналася з адзінкі. Літаральна ўчора давялося пачуць нечаканае прызнаньне раўналетка, ён сказаў: я нарадзіўся ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя. Адым словам, усё сьведчыць пра тое, што нас чакае цікавая зьмена ракурсаў і што трэба рабіць небудзённыя высновы адносна беларускага культурнага кантэксту. Паспрабуем, так бы мовіць, падвесьці рысу.

Але пачнем з гісторыі. На самай мяжы стагодзьдзяў, у 1900 годзе памірае Францішак Багушэвіч. Гэта ён канчаткова замацаваў за краінай, нацыяй і мовай назву Беларусь і заклікаў "не пакідаць мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі", а таксама зьбірацца і ісьці ў паход.

Прэч бутэлькі, люлькі, карты!
Марна траціць час ня варта.
Хай жывыя рушаць з кіем
У сьвяты паход!

Так пачынаецца стагодзьдзе, наш сьвяты паход, наша нацыянальна-культурнае адраджэньне.

Нехта жартам параўнаў расейскія лёсавызначальныя пытаньні "Что делать?" і "Кто віноват?" зь беларускім "А хто там ідзе?", якое прыдумаў Купала.

Паход пачынальнікаў быў скіраваны ў гушчыні акадэмічнай навукі і ў родную вёску. Рамантыкі мараць пра адраджэньне разам зь літоўцамі Вялікага Княства Літоўскага. Але пра сваю незалежную дзяржаву яшчэ не гаворыць ніхто. Аж да самага 1917 году, калі прыйшло нечаканае ўсьведамленьне. Тады раптам нібы пярун сярод яснага неба (а можа быць, гэта быў усяго толькі прыклад літоўскіх і ўкраінскіх калегаў) беларускіх адраджэнцаў азорвае ідэя незалежнасьці. Спачатку кажуць пра аўтаномію ў складзе Расейскай імпэрыі, а ўжо ў 1918-м абвяшчаюць БНР. Ідэя настолькі фантастычная і фэерычная, што дух захоплівае. Дзяржава! - вось чаго захацелася беларусам. І так сталася.

Яны былі настолькі прыгаломшаныя, што амаль не заўважылі як БНР зьмянілася на БССР. Яны працягвалі верыць у яе нават калі яна стала савецкай, калі яна перанішчыла іх дашчэнту ў Курапатах. Усё адно, бязьмежная вера перадалася іхным наступнікам, якіх дзяржава прыкармлівала ля так званых кармушак. Яны яшчэ ў большай ступені былі загіпнатызаваныя сваёй нацыянальнай дзяржавай. Ажно пакуль не заўважылі, што прападае нацыя і зьнікае з ужытку мова, самое жыцьцё русіфікуецца, асімілюецца. І так мінула ХХ стагодзьдзе.

Гісторыя зь ягонага пачатку, якую я распавёў, з ідэальнай дакладнасьцю паўтарылася ў канцы стагодзьдзя. Дата адліку на гэты раз - 1984 год. Памірае Ўладзімер Караткевіч. Гэта ён сфармаваў рамантычны вобраз Беларусі і яе гісторыі, заклікаў да вывучэньня слаўнай мінуўшчыны і адраджэньня мовы.

Ён сказаў нам: унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса,
Ёсьць у вас, як у іншых сьвятыня,
Не давайце сьвятыні псам.

Пачынаецца нацыянальна-культурнае адраджэньне найноўшага часу. Паход у гушчыні акадэмічнай навукі і ў родную вёску. Рамантыкі мараць пра адраджэньне разам зь літоўцамі і ўкраінцамі Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе балтыйска-чарнаморскага калектара. Але пра сваю незалежную дзяржаву не гаворыць пакуль ніхто. Яшчэ ня верыцца. Нават БНФ пакуль створаны дзеля таго, каб падтрымаць "перастройку". І так аж да 1990-х. Тады раптам нібы пярун сярод яснага неба (а можа быць, гэта быў усяго толькі прыклад літоўскіх і ўкраінскіх калегаў) беларусаў азорвае ідэя незалежнасьці. І вось у 91-м абвяшчаюць РБ. Ідэя настолькі фантастычная і фэерычная, што дух захоплівае. Дзяржава! - вось чаго захацелася беларусам. І так сталася.

Дзяржава наладзіць адукацыю на роднай мове, накорміць пісьменьнікаў і мастакоў, надрукуе бясконцую колькасьць кніжак. Ды вось незадача. Штосьці зноў не спрацоўвае ў гэтым мэханізме. Свая нацыянальная дзяржава выганяе родную мову са школаў, урэзвае наклады беларускіх кніжак, схіляе да эміграцыі найвялікшых культурных аўтарытэтаў... Чарговы сьвяты паход сканчаецца горкім Быкаўскім вырокам - "Пахаджане".

Выглядае, што мы так нічога і не прыдбалі пасьля Багушэвіча, ніякіх гарантыяў. Вы скажаце, цэлая культура? А ці будзе яна заўтра каму-небудзь патрэбная? Вы скажаце, усё ж такі свая дзяржава. А іншыя кажуць, што гэта ўсяго толькі адмывачная машына для грошай расейскіх алігархаў, якая марудна ўцягваецца, усмоктваецца ў вялікае цела вялікай Расеі.

Што да культуры, дык няўзброеным вокам відаць руіны культурнай герархіі, створанай за савецкім часам, інэрцыйныя парэшткі крытыкі, якая заняпала яшчэ да таго, як пасьпела пераацаніць новаадкрытыя здабыткі забароненых або эміграцыйных творцаў. І тая хваля новае паэзіі, што пачалася была напрыканцы 80-х і выконвалася бардамі і рокерамі, заняпала. Як сказаў Адам Глёбус, "паэзія пакінула мяне"...

Словам, з набыткамі ёсьць праблемы. Бо самыя выдатныя шэдэўры вымагаюць культывацыі, жывога культурнага працэсу, які ў нашых стэрэатыпах мусіць наладжваць дзяржава ў абліччы мінкульту, мінасьветы і іншых мінаў. Як і напачатку стагодзьдзя, сёньня жыве тэатар і жыве асьветніцкая літаратура разам зь перакладамі. Але ў цэлым тэндэнцыя паўтарыць савецкую гісторыю культуры ці, дакладней, імітацыю культуры ў якой бы там ні было форме застаецца. Пакуль творцы ня зьменяць свой погляд і абсалютны спадзеў на дзяржаву, пакуль не паспрабуюць засвоіць урокі дваццатага стагодзьдзя.

Відавочна, прычыны трэба шукаць у параўнаньнях. Посткамуністычныя культуры цэнтральнай Эўропы выйшлі зусім не зь дзяржаўнікаў, а наадварот - з дысэнту, з эміграцыі, часам - з турмаў, як Гавэл або Міхнік. Яны ніколі не патрабавалі дабротных ганарарыяў у Дзяржкамдруку. Затое менавіта яны, менавіта такая інтэлігенцыя, сталася гарантыяй для сваіх нацыяў, моваў, а ў выніку і дзяржаваў. Гэта яны дзяржаву трымаюць, а не яна іх. Тут варта згадаць пашыраны стэрэатып пра тое, што ў Беларусі за саветамі дысэнту не было і ў стол ніхто не пісаў. Пры ўсіх нязначных выключэньнях гэта праўда.

Каб лепей адчуць розьніцу, прывяду прыклад нашага Саюзу пісьменьнікаў. Старшыня ягоны Ўладзімер Някляеў нядаўна сказаў, што СП быў створаны пры Сталіне як частка глябальнай рэпрэсіўнай машыны, што "спэцыялізавалася" на вольналюбівых пісьменьніках - пажырала іх. Тое самае вам скажуць і іншыя члены СП. Але ніхто зь іх з СП ня выйшаў. І прычына тут, думаю, ня столькі ў падкормцы, якая сёньня моцна аскудзела, колькі ў тым глыбокім гіпнозе нацыянальнае дзяржавы, на які беларусы купіліся другі раз за стагодзьдзе. З аднолькавым вынікам.

А колькі неаспрэчных тэзаў прагучала апошнім часам і працягвае гучаць на ўсялякіх канфэрэнцыях і мітынгах пра тое, што нацыянальная дзяржава - гэта найвялікшая каштоўнасьць, якую маюць беларусы і таму любым коштам трэба яе захоўваць і мацаваць. Гісторыя ведае прыклады, калі абсалютызацыя дзяржавы прыводзіла да ператварэньня яе ў малох для ўласнага народу. І ў нашым выпадку ў ХХ ст. таксама. Значыць, нешта тут не стасуецца зь лёгікай і з праўдай. Нездарма гэтак пашырыліся сёньня сярод моладзі анархісцкія або постмадэрнісцкія настроі. Гэта як сьвядомы або несьвядомы пратэст супраць абсалютызацыі дзяржавы, якую вызнае інтэлігенцыя, у тым ліку і апазыцыйная.

Але ня будзе ў нас той сваёй дзяржавы. Нездарма пры ўсіх публічных марах пра яе яна застаецца абстракцыяй, пра што мы ня раз гаварылі ў "Вострай Браме". Відаць, не зь дзяржавы трэба пачынаць адраджэньне. Не з абалонкі, а са зьместу. Асабіста мне ўяўляецца, што такі пачатак мусіць ляжаць у шматлікіх культурніцкіх чынах, самыя жывыя зь якіх, заўважце, робяцца сёньня безь ніякай падтрымкі дзяржавы. І пры гэтым - робяцца. Каб ня быць галаслоўным, я зьвярнуўся да свайго калегі Андрэя Дынько, аднаго з заснавальнікаў часопіса ARCHE, які сёньня апанаваны новай ідэяй - часопіса літаратурнае крытыкі, не падобнага да ўсяго, што дагэтуль выдавалася ў Беларусі, але абсалютна стандартнага для іншых цэнтральнаэўрапейскіх краінаў.

(Андрэй Дынько: ) "Вільня. 1519 год. Аўстэрыя "Два дубы". Францішак Скарына і брат ягоны Якуб. Сушаныя ляшчы ляжаць на стале ў пляцёнцы. Піва мутнаватае. Якуб змахвае з вусаў шум рукавом і расказвае пра Аршанскую бітву. Францішак падарыў яму кнігу "Юдзіф". Якубу хочацца спытацца, якой веры цяпер брат: рускай ці каталіцкай? З сумкі цягне скураю і дымам. На стол вывальваецца скрынка з шахматамі. "Малая падарожная кніжыца" - вось на што Бабіч дасьць грошы - кажа сабе Францішак. А як не Бабіч, дык Адвернік. Яна ня толькі акупіцца, але й прыбытак дасьць. Толькі ня ў Празе друкаваць, а тут, каб не вазіць. Але тут няма добрага станка. Хай дадуць грошы на станок. Тут! Каб у кожнай карчме ў якім халерным Магілёве ляжала. Прывезьці прэс і заваліць Літву Малымі падарожнымі кніжыцамі.

Апісаньнем сустрэчы Скарыны з братам у віленскай карчме можна было б пачаць хоць апавяданьне, хоць п'есу, хоць раман. Бо Скарына - гэта цяга да Захаду.

Ты бачыш Скарыну, бачыш гэтага чалавека лепш, чым бачыш сваіх калег. 400 гадоў - гэта павелічальнае шкло. Бачыш, як ягоная жонка-італьянка патрабуе грошай. Бачыш сына ягонага, Сымона, якому трэба большая кватэра ў Празе і грошы на кнігі. Адкуль гэткае пачуцьцё рэінкарнацыі? Найперш праз тое, што з кожным нумарам "Нашай Нівы", з кожнай валюмінай часопіса "ARCHE" перажываеш тую самую вострую ўзбуджанасьць ад нараджэньня ў галаве праекту, якое ня мог не перажываць кожны раз і Скарына. Творчасьць - такі наркотык, пасьля якога ўсе астатнія блякнуць.

З наступнага году часопіс "ARCHE" распачынае новы праект. Гэта будзе часопіс-месячнік. Ён будзе называцца "Скарына". Спачатку паўгоду ён будзе выходзіць асобным блёкам на старонках "ARCHE". Першы нумар ужо, лічы, падрыхтаваны.
Там будуць тэксты Вацлава Гаўла, паляка Чыжэўскага, нашых Роўды, Бушлякова, Булгакава. Там жа будзе анкета "Якой Вам уяўляецца славянская ідэя ў будучай аб'яднанай Эўропе". Сярод тых, хто ўжо напісаў для яе - Зьбігнеў Бжэзінскі з Амэрыкі і Мікола Рабчук з Украіны.

Мы, стваральнікі "ARCHE", задумалі "Скарыну" як часапіс гуманітарнай думкі - рэцэнзіяў, аглядаў, эсэяў, артыкулаў. Хочам зрабіць першы ў Беларусі часопіс інтэлектуальнага чытва - дзе б зусім не было мастацкай літаратуры і навукі. І ніякага інтэлектуальнага касмаганізму. Абсалютова нармальны праект, максымальна адаптаваны да нармалёвай постлукашэнкаўскай краіны, якой бы яна ні аказалася - беларускай ці зноў крыптабеларускай. Галоўнае, што "Скарына" будзе абсалютна пазбаўлены інтэнцыяў асьветніцтва.

З кайфам творчасьці можа параўнацца толькі кайф ад бачаньня плоду сьцёгнаў сваіх. І ты ўжо ўяўляеш сабе, як панясеш у "Цэнтральную кнігарню", што насупраць будынку КГБ, пад пабудаванаю на загад Цанавы вежаю, у адной руцэ пакунак тоўстага блюзьнерскага "ARCHE" з голай бабаю на вокладцы, а ў другой - пачак тонкага, нават сказаў бы - вытанчанага "Скарыны". І нават складзеш сам сабе граматычна правільную фразу: "Я нясу дынаміт беларускага слова ў дзьвюх руках".

(С.Дубавец: ) Андрэй Дынько зьбіраецца выдаваць часопіс літаратурнай крытыкі "Скарына". Ён літаральна зачараваны вобразам беларускага кнігадрукара. А мне думаецца, што менавіта на такіх выданьнях ды праявах і можа ў будучыні паўстаць беларуская культура новага кшталту, не ўтрыманка дзяржавы, а яе гаспадыня. Цяжка прагназаваць на далёкі час, але менавіта незалежная культурніцкая дзейнасьць можа гарантаваць нас ад таго, каб зноў не спатыкнуцца аб уласную дзяржаву, што ўжо адбылося з намі дваойчы ў мінулым дваццатым стагодзьдзі.