"Пад'езд старых кавалераў".

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Сёньня ў праграме мы працягнем наведаньне так званых забытых адрасоў. Зьміцер Бартосік, які месяц таму зьезьдзіў у Мігаўку, фальварак першага рэдактара "Нашай Нівы" Аляксандра Ўласава, і казаў пра гэта ў "Вострай Браме", распавядзе пра менскую кватэру Ўладзімера Караткевіча. Ня тую, дзе пісьменьнік правёў апошнія гады жыцьця, а тую каля Старажоўскага рынку, дзе ён жыў раней і якая разьмяшчаецца ў знакамітым "пад'езьдзе старых кавалераў", што апісаны ў рамане "Чорны замак Альшанскі". Калі памятаеце, там фігуруе зусім рэальны дом і быццам бы рэальныя пэрсанажы.

Старыя кавалеры, высакародныя псыхiятры, адстаўныя шпiёны... У выніку атрымалася падарожжа па мясьцінах літаратурных герояў і крывавых літаратурных падзеяў. Аднак пра гэта - у другой частцы перадачы. А пачнем мы з актуальнае падзеі. У менскім Музэі сучаснага мастацтва адкрылася выстава жывапісу віленскіх беларускіх мастакоў Сяргея і Алеся Покладаў. Беларускія яны паводле паходжаньня, паводле адукацыі і паводле творчасьці. Віленскія - паводле месца жыхарства, паводле таго, што пішуць, і паводле свабоды, што асабліва заўважаецца на іхнай менскай выставе. Гэтую тэму працягвае Сяргей Харэўскі:

(Сяргей Харэўскі: ) "Віленскія беларускія мастакі браты Сяргей і Алесь Поклады прывезьлі сваю экспазыцыю ў Менск. Паміж іншым, на іхных карцінах - Вільня. У кантэксьце даўняга культурнага дуалізму і тэорыі двух цэнтраў беларушчыны - Вільні і Менску - згаданая выстава выглядае сапраўдным адкрыцьцём. Віленскія краявіды Покладаў ня маюць і блізкіх канцэптуальных аналягаў сярод вядомых выяваў Менску. Прынамсі ў жывапісе два гэтыя недалёкія адзін ад аднаго цэнтры жывуць зусім розным жыцьцём. У чым тут загадка? Загадка - у іроніі.

Перад абодвума мастакамі заўсёды стаяла няпростая задача: быць вартымі тых вобразаў Вільні, што былі створаныя клясыкамі і адначасова - быць іншымі. Ведаючы дакладна, што ствараецца абапал мяжы, яны йдуць па самым краі гэтае мяжы, дзівячы гледачоў і там і тут - і ў Літве, і ў Беларусі. Гэтая мяжа і ёсьць - іронія. Алесь Поклад дазваляе сабе кпіць з эрзацнае, паштовачнае Вільні, стакроць абсмактанае. Ягоныя "Гаспадары гораду" - гэта зашмальцаваныя тутэйшыя дворнікі, якія міжсобку гавораць па-тутэйшаму і чысьцяць гэтыя цацкі, тутэйшыя здабыткі, каб на іх тле маглі пакрасавацца турысты. А Сяргей Поклад, адкінуўшы сумневы, піша горад гэткім, якім хацеў бы сам яго бачыць у дзяцінстве. Ня тым, фанабэрыстым і сівым, а стракатым, у бляску лятарняў ды ў казачных пярэстых ценях. "Тата купі!" - цягнецца малы літоўчык да ягоных работаў. Пісаны ім горад выкрыўляецца,зыбіцца, плыве, як у каляровым шкле.

Яны могуць дазволіць сабе гэтую гіронію. Сярод таго, што створана пра Горад у розных жанрах і відах мастацтва, бракавала менавіта гэткага штрыху. Гледзячы на бясконцыя шэрагі карцінаў з сур'ёзнымі віленскімі краявідамі на тутэйшых вуліцах і ў шматлікіх салёнах, у калідорах Сэйму і ў паліцэйскіх пастарунках, міжволі пачынаеш усьміхацца. Надта ўсё гэта сур'ёзна. А зь іншага боку - касьцельныя завітушкі, наноў адбудаваныя цацачныя замкі, цацачны ж помнік Гедыміну. Нібы дзіцячыя цацкі.

Гледзячы на Вільню Покладаў, я згадваю Менск, якому гэтак не хапае іроніі. Памятаю, калі ў 1990 годзе на міжнародным плэнэры ў Менску француская мастачка Клазіна Булуд напісала алеем бясконцыя зялёныя платы "Мэтарабуду", за якімі й гораду не відаць, ніхто не ўсьміхнуўся... Аднак мусілі прыняць гэткі недарэчны прэзэнт. Хоць досьціпу і ў тутэйшых мастакоў хапае. У Менску іранізуе Рымашэўскі, але іранізуе са старасьвецкага заходняга жывапісу. Альбо Клінаў іранізуе са "Сьмерці Марата" ці з кустодзіеўскага чаепіція. Кпяць з чаго заўгодна. Аднак жа з фактуры самога Менску пасьмяяцца не наважваюцца.

І Менск застаецца ў мастацтве вельмі сур'ёзным горадам: палац Генштабу на адной гары, грамада Опэры на другой, Дом афіцэраў на трэцяй? Сур'ёзныя назвы вуліцаў. Сур'ёзныя ўстановы. Ды й помнік, скажам, паэту Коласу, не выклікае смневу ў ягонай сур'ёзнасьці. А можа дзеля таго, каб мець цёплую іронію, трэба быць свабодным, каб ня блытацца паміж палітычным сарказмам і анахранічным краязнаўствам? Ці насамрэч палюбіць Менск, як палюбілі Вільню браты Поклады".

(С.Дубавец: ) Сяргей Харэўскі распавёў пра іронію ў творчасьці мастакоў Сяргея і Алеся Покладаў, выстава якіх праходзіць цяпер у менскім Музэі сучаснага мастацтва. На маю думку, з сказанага можна зрабіць і больш шырокія абагульненьні. Пра пераважную неіранічнасьць усёй беларускай культуры. І зьвязана гэта, верагодна, з тым, што наша культура не назапашваецца ў той ступені, у якой гэта патрэбна для рэальнага існаваньня і разьвіцьця. Гэта значыць, што ў ёй дагэтуль не запрацавалі, скажам так, канвэеры памнажэньня. Такую думку і падказваюць віленскія краявіды братоў Покладаў. Калі створаныя дзясяткі мастацкіх фотаальбомаў з выявамі Вільні, калі горад бясконца растыражаваны ў сувэнірнай прадукцыі і працах мастакоў, калі ўзьнікае перавытворчасьць відаў горада і іх стандартызацыя, тады і пачынаецца іронія. Горад літаральна ажывае ў мастацтве - ужо не паводле законаў падабенства, а паводле законаў індывідуальнае вобразатворчасьці. Верхам банальнасьці падаецца сёньня пайсьці ды сфатаграфаваць Вострую Браму. Прасьцей каля Брамы набыць якасную паштоўку зь ейнай выявай. І гэта тая сытуацыя, калі пачынаецца творчасьць. Вось жа ў Менску найперш і паўсюль у Беларусі такой сытуацыі папросту не існуе. Не існуе таго валу высокаякасных выяваў, калі ўжо няма патрэбы паўтараць. Творы беларускае культуры носяць адзінкавы, падзьвіжніцкі характар, як той менскі фотаальбом фатографа Зянона Пазьняка, выпушчаны ў 1968 годзе ў выдавецтве "Беларусь". Тут жа хаваецца і разгадка сёньняшняе культурнае сытуацыі. Мастацтва ня можа кожнага разу пачынацца на цаліку. Інакш яно ня мае, з чым сябе параўноўваць, ад чаго адштурхоўвацца і ня ведае сабе цаны.

А цяпер зьвернемся да абяцанага сюжэту пра "пад'езд старых кавалераў", які ў "Чорным замку Альшанскім" апісаў Уладзімер Караткевіч. Гэты пад'езд наведаў Зьміцер Бартосік.

(З.Бартосік: ) "У Маскве непадалёк ад Беларускага вакзалу ёсьць вулiца Вялікая Садовая. А ў доме 14/1 на гэтай вулiцы ёсьць кватэра N50, "дзе жыў Воланд". У Лёндане ёсьць вулiца Бэйкер-стрыт, "дзе кватараваў Шэрлак Холмс". А ў Кiеве ёсьць Андрэеўскi ўзьвiз, "дзе прайшлi апошнiя днi сям'i Турбiных". Турысты перш-наперш сьпяшаюцца наведаць менавiта гэтыя адрасы, дзе жылі тыя літаратурныя героi.

Але адкуль такое імкненьне ў мясьціны прыдуманых падзеяў? Можа быць, гэта дзiцячая прага насамрэч патрапiць у прачытаную некалi казку? Як бы там ні было, лiтаратурны мiт заўжды цiкавейшы за рэальнасьць. Таму ў нашых падарожных нататнiках дамы-музэi вялiкiх, але рэальных людзей, заўжды будуць стаяць пасьля тых мiтычных "нячыстых кватэр". Ёсьць такія адрасы і ў Менску.

У 79-м годзе часопiс "Маладосьць" пачынае друкаваць псыхалягiчна-дэтэктыўны раман Уладзiмера Караткевiча "Чорны замак Альшанскi". За некалькi гадоў раман становiцца
бэстсэлерам, вытрымлiвае некалькi выданьняў у арыгiнале і ў перакладзе на расейскую мову. У iнтэлiгенцкiх дамах кнiга Караткевiча займае пачэснае месца побач з тамамi Булгакава й
Акуджавы. У 84-м раман экранiзуецца, што спрыяе яшчэ большаму камэрцыйнаму посьпеху. Агульны наклад "Чорнага замку" наблiжаецца да мiльёну асобнiкаў - выпадак у беларускай лiтаратуры беспрэцэдэнтны. I хоць большая частка накладу перакладная, мне прыгадваецца аплёмбная фраза тых часоў: "Короткевича нужно читать только в оригинале".

"Чорны замак" я перачытваў, нібы правяраючы, наколькi можа стары раман захапiць мяне сёньняшняга. I хоць пэўныя патасныя фрагмэнты твору нельга чытаць бяз скiдкi на час стварэньня кнiгi, "Замак" i сёньня захоплiвае. I блiскучай iнтрыгай, i гатычным антуражам, i спалучэньнем розных эпохаў. Спалучэньнем ня "змрочнага сярэднявечча" са "сьветлым савецкiм" сёньня, а таемнае мiнуўшчыны зь ня менш таямнiчаю цяперашчынай. Прычым Караткевiчаў "наш час" зусiм не ўспрымаецца канкрэтнымi сямiдзясятымi гадамi нашага стагодзьдзя. Ягоныя героi маюць несавецкiя iмёны: Мар'ян Пташынскi, Герард Пахольчык, Адам Хiлiнскi. Цi, напрыклад, Вiтаўт-Ксавэры-Iнэзiлья-Хасэ-Марыя Шапо-Калавур-Лыганоўскi. I зьвяртаюцца яны адзiн да аднаго ня йнакш, як "пане мой вялебны". Нiякiх "дарагiх таварышаў". Быццам аўтар прадчуваў, што ў хуткiм часе iм месца ня знойдзецца.

Калi я чытаў раман, мне нясьцерпна хацелася наведаць тое месца, дзе жыў галоўны герой Антон Косьмiч i дзе адбывалася частка тых неверагодныя падзеяў. Маю на ўвазе "Пад'езд кавалераў". Памятаеце?

"У маiм доме пяць паверхаў i чатыры пад'езды. Мой пад'езд трэцi. Завуць яго "пад'ездам старых кавалераў" нездарма. Па нявыказанай iронii лёсу ўсе мужыкi ў iм (пра незямужнiх
дзяўчат не кажу) або нежанатыя, або ўдаўцы, або... Але гэта сумная гiсторыя..."

Я быў далёкi ад думкi атаясамлiваць Альшанскi замак з Гальшанамi. Але ў iснаваньнi менскага дому аўтар не пакiдаў шанцаў на сумневы. Месца дзеяньня было апiсана як з тапаграфiчнай, так i зь лiрычнай дакладнасьцю.

"Ранiцай мяне разбудзiў залiвiсты крык пеўня, а пасьля адчайнадушнае, надрывiстае кувiканьне парасяцi: вiдаць, несьлi ў мяху. Як на вёсцы. I кожную нядзелю мне вось так прыемна. I гэта адна з прычын, чаму я люблю сваю хату. Прыемна гэта казаць: мая хата, мой пад'езд, мой двор... Немагчыма ўседзець на месцы кожную нядзелю, калi цераз тракт ад майго дому адкрываецца рынак худобы: конi, каровы, сьвiньнi, залатыя рыбкi, авечкi галубы, трусы, лясное зьвяр'ё, птушкi, сабакi i ўсё жывое. Да таго, як агарадзiлi квартал - дзядзькi з вазамi
стаялi сабе на тратуарах, а здаравушчыя мацёры, адвалiўшы саскi, ляжалi, мiлыя, на газоне. Харошы куток! Шкада, што рынак куды-небудзь перанясуць. I, галоўнае, у двух кроках ад
"вёскi", ад таго куточка, занесенага на брук, вулачка, далей бульвар i шумны вялiкi горад".

Нядаўна, чытаючы Караткевiчавы дзёньнiкi, я зрабiў для сябе "адкрыцьцё": нумары кватэраў Антона Косьмiча і Ўладзiмера Караткевiча супадаюць. Праз пару гадзiнаў пасьля гэтага я стаяў каля дому N48 на вулiцы Веры Харужай у Менску.

Пасярод двара я з прыемнасьцю адкрывальнiка аглядаў гэтую жывую i даўно знаёмую мне з кнiгі дэкарацыю.

"Звычайны новы двор з маладымi дрэўцамi, лавачкамi, газонамi, выбiтымi на бубен футбольным мячом. Толькi што ў двары засталося ад зьнесеных хат ускраiны - двухпавярховы дамок, дуб, зарасьцi ясеню, пара груш ды некалькi асуджаных яблынь i
вiшань".

Зрэшты, двор - адзiнае, што супадала з кнiгаю. Асаблiвага драматызму ў звычайны краявiд дадаваў той двухпавярховы дамок, афарбаваны чырваньню. Пад'езд жа "кавалераў", у якiм
калiсьцi жыў пiсьменьнiк, быў ня трэцi, а другi. Таму, што на пляцоўках "хрушчоўскiх" дамоў не магло быць па дзьве кватэры, як у рамане. Аўтар i тут "ашляхецiў" савецкае жытло. З-за чаго блыталася ўся выстраеная сыстэма пражываньня герояў. Я стаяў на другiм паверсе надзвычай чыстага пад'езду, перад 26-й кватэрай з новымi дзьвярыма i не рашаўся пазванiць. Паўзь мяне прабег нейкi iнтэлігентнага выгляду мужчына. "Прабачце", - аклiкнуў я яго. "Пардон, очень спешу". Я пазванiў. Званок не працаваў. Я пагрукатаў. Нiякага адказу. Напэўна, гаспадароў няма дома, - здагадаўся я.

Ну павiнны ж жыхары такога пад'езду нешта ведаць цi адчуваць. Я йзноў выйшаў на двор, дзе абмяняўся параю фразаў з прыгожай маладой кабетай, што ўваходзiла ў дом. "Даруйце, - сказаў я, - Вам iмя Ўладзiмер Караткевiч што-небудзь гаворыць?" "Короткевич? Писатель, да? Говорят, он живет в доме, где гастроном". "Жыве?" - перапытаў я. "Ну да. Я так слышала". "А што Вы скажаце наконт 26-й кватэры?" "Ой, я сама тут недавно. Но 26-я продовалась уже раз десять. Наверное, и сейчас переходит из рук в руки". Даведаўшыся ад мяне, што ў ёй жыў Караткевiч, кабета падумаўшы спытала: "Так что, мы, выходит, живем в легендарном доме?" "Выходзiць", - адказаў я.

Мае далейшыя блуканьнi па пад'езьдзе ўсё больш пераконвалi мяне ў тым, што ня варта блытаць лiтаратуру з рэальнасьцю. Караткевiча тут, безумоўна памяталi. Як шумнага п'янiцу.
Старая настаўнiца з чацьвертага паверху паскардзiлася мне на пісьменьніка за тое, што той, п'яны, пераблiтаў паверхi i вельмi яе напалохаў сярод ночы, ломячыся ў яе цiхае гняздо. Крыўда бабулi была настолькi натуральнай, быццам iнцыдэнт адбыўся ня тры дзясяткi гадоў, а пару дзён таму.

Пабыўшы ў ролi ўчастковага мiлiцыянта, я падняўся на пяты, цалкам закратаваны паверх. Пажылы iнжынэр з-за кратаў паведамiў мне, як ён шкадуе, што ўвесь час адмаўляў Караткевiчу скласьцi кампанiю за пляшкаю гарэлкi. "Я ведь к водке отношусь строго отрицательно, - сказаў ён, - а сейчас было бы что вспомнить. И даже, может быть, рассказать что-нибудь вам".

Вядома, нi старых кавалераў, нi высакародных псыхiятраў, нi адстаўных шпiёнаў у гэтым пад'езьдзе нiколi не пражывала. I што самае для мяне дзiўнае - "Чорнага замку" з апытаных мною жыхароў нiхто не чытаў...

Ну, навошта было рамантызаваць гэтыя няўдзячныя "хрушчобы", наракаў я на аўтара. Ну, чаму ён не стварыў свой "пад'езд кавалераў" дзе-небудзь на няiснай сёньня Нямiзе?

Я выйшаў на вулiцу ды пайшоў на асфальтавую пустку, на месцы якой некалi шумеў Старажоўскi рынак. Вокны Косьмiча па-ранейшаму заставалiся цёмнымi. Закурыўшы, я адкрыў старую кнiгу i напрыканцы раману натрапiў на адзiн цiкавы абзац. Якiмi-ж па-дзiцячы недарэчнымi выглядалi мае нараканьнi на няспраўджаны мiт.

"Вось i скончылiся мае пошукi, а ўсё адно застаецца адчуваньне нейкай незавершанасьцi, нiбы скончыў алфавiт недзе на трох ягоных чвэрцях. I ўспомнiўся герой нейкага твору, пакаёвы
iнтэлiгент, якi цэлы дзень хадзiў па кватэры i абураўся, што вось недзе кошкi нагадзiлi, а ён анiяк ня можа разабрацца дзе. I толькi вечарам выясьнiў, што гэта зусiм ня кошкi ў кватэры
напаскудзiлi, а гэта на вулiцы лiпы расцвiлi".

"Наш час" гэтага раману, якi шмат хто ўжо пасьпеў залiчыць у састарэлыя, насамрэч наперадзе. Яшчэ ня раз памяняюцца жыхары ў гэтым доме. Яшчэ ня раз, дзякуючы Караткевiчаву мiту, нехта iншы па-новаму зiрне на такi, здавалася, нецiкавы гарадзкi краявiд. I яшчэ ня раз, праяжджаючы паўз гэты квартал, я скажу свайму спадарожнiку: "А цi ведаеш, пане мой вялебны, што гэта за дом?"

(С.Дубавец: ) Зьміцер Бартосік чытае Ўладзімера Караткевіча, супастаўляючы адрасы ў ягоных творах з адрасамі ў рэальнасьці. Высновы напрошваюцца несуцешныя. Караткевіча забываюць і чытаюць усё менш. Гэта вам ня той культавы пісьменьнік пачатку 80-х, якога багатварылі ўсе, хто трымаў кнігі ў руках. І тут самы раз вярнуцца да тэмы неназапашваньня культуры. Караткевіча ня толькі менш чытаюць, але найперш - менш выдаюць. Яго, вельмі жывога паводле энэргетыкі літаратара выцясьняюць зь Беларусі іншамоўныя аўтары дэтэктываў і прыгодаў, часта нічым ня лепшыя за яго творцы. Няма сумневу, што вырашае тут усю справу дзяржаўная палітыка. Калі б дзяржава не трымала ўсе працэсы ў сваіх руках, можна было б спаслацца на рынак. Маўляў, гэта рынак выцесьніў Караткевіча. Але ў нашай сытуцыі рынку няма. Асабіста я ўпэўнены, што якраз рынак і падхапіў бы і "Чорны замак Альшанскі" і многія іншыя рэальныя каштоўнасьці беларушчыны, рынак бы іх растыражаваў і прывёў да сытуацыі рэальнага назапашваньня культуры. Дасьць Бог, некалі так і будзе, скончыцца сёньняшняя эвалюцыйная пярэрва.

Яшчэ адна надзвычай цікавая тэма, зьвязаная зь імем Караткевіча - гэта ягоная эвэнтуальная роля ў сёньняшнім беларускім жыцьці. Любімы многімі пісьменьнік памёр у 1984 годзе, заўчасна, маючы ўсяго 54 гады. Ужо праз тры гады пасьля ягонае сьмерці перад беларускімі літаратарамі пачала паўставаць праблема выбару. Караткевіч, няма сумневу, зрабіў бы свой выбар на карысьць незалежнасьці і дэмакратыі. Але гэта вельмі агульныя словы. Тое, што ён пагадзіўся адкрыта ўдзельнічаць у апытаньні Алега Бембеля для кнігі "Мова і маральна-эстэтычны прагрэс" у глыбокія савецкія часы, сьведчыць, што падкрэсьлены індывідуаліст Караткевіч быў гатовы да ўдзелу ў Мартыралёгу Беларусі альбо ў першым зьезьдзе БНФ. Сёньня ён відавочна апынуўся б у апале і жорсткай апазыцыі рэжыму Лукашэнкі, як тое сталася з Васілём Быкавым. Магчыма, Караткевіч працаваў бы за мяжой. Аднак, усе гэтыя дапушчэньні патрабуюць пацьверджаньня людзей, якія блізка ведалі пісьменьніка. Зважаючы, што час сёньняшняе перадачы сканчаецца, некалі іншым разам мы абавязкова раскрыем гэтую імаверную тэму, якая мае непасрэднае дачыненьне да культурнага кантэксту ХХ ст.