"Свабода" - вырваная старонка.

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Два тыднi таму ў нашай праграме рэдактар газэты "Свабода" Iгар Гермянчук адказваў на пытаньне: "З кiм i чым ён зьвязвае спадзевы на будучыню беларускае iдэi?" Натуральна, з газэтай. Зь яе папулярнасьцю i нераскрытымi магчымасьцямi. Неўзабаве пасьля гэтага, 24 лiстапада гаспадарчы суд РБ спынiў выхад "Свабоды". У новых сваiх iнтэрвiю рэдактар паабяцаў наладзiць выданьне iншай газэты, а калi закрыюць i яе - выходзiць нелегальна.

Нагадаю, што "Свабода" i пачыналася вясною 1990 году як нелегальнае выданьне. Гэта была ня столькi нават газэта, колькi сумесь палiтычнага бюлетэня зь лiтаратурным альманахам.
Тады праз паўгода "Свабоду" легалiзавалi. А яшчэ праз паўгода, калi iнiцыятары ўзялiся за адраджэньне iншай газэты - "Нашай Нiвы", "Свабоду" ачолiў Iгар Гермянчук, тады дэпутат
Вярхоўнага Савету. Ён сабраў калектыў, наладзiў прадпрыемства, узяў курс на стварэньне прафэсiйнага сродку масавай iнфармацыi, аднаго зь лiдэраў прэсавага рынку краiны. Чым
урэшце "Свабода" i стала. I вось улады змушаюць папулярнае i ўжо безь пяцi хвiлiн штодзённае выданьне вяртацца ў падпольны статус, у пэрыяд - да незалежнасьцi Беларусi i да Гермянчука. Але цi магчыма гэта? Цi сапраўды з закрыцьцём "Свабоды" мы можам гаварыць пра вяртаньне ў 1990 год? А калi не, то - куды? Адказ я паспрабую даць крыху пазьней. Спачатку мы паслухаем, што пра закрыцьцё Свабоды думаюць яе першыя i сталыя аўтары. Напрыканцы праграмы я раскажу пра iншы ўнiкальны праект, якi, напэўна, можна разглядаць i як адказ на рэпрэсiўныя санкцыi супраць "Свабоды".

Пра першы год газэты "Свабода", той, калi яна яшчэ не ператварылася ў прадпрыемства, а была суцэльнай iмправiзацыяй некалькiх энтузiястаў, можна напiсаць цэлую кнiгу. I пра тое, як
ганялi штотыдзень на латвiйска-эстонскую мяжу на "Запарожцы" Паўла Жука, каб аддрукаваць тыраж, якi вяртаўся адтуль ужо грузавiком. I пра тое, як нас лiчылi канкурэнтамi "Навiнаў БНФ", якiя ўрэшце цiха закончылi сваё iснаваньне - бяз шумнага працэсу закрыцьця i скандалу. I пра тое, як на менскiх мiтынгах i вакзалах прадавалiся дзясяткi тысяч газэт. Час быў зусiм iншы. Натхненьня тады было болей, вочы гарэлi ярчэй, рызыкаваць - хацелася i, бадай, дазвалялася. Кампарцейная ўлада была разгубленая i ўжо не выклiкала такога страху, як у ранейшыя часы. Альбо, дадам, як цяпер. Тады памiрала дыктатура, а пэрыяд станаўленьня перажывалi мы. Мы ведалi, што будучыня за намi.

Сярод iншых у "Свабодзе" друкавалi свае тэксты гiсторык Алег Дзярновiч i пiсьменьнiкi Уладзiмер Арлоў i Адам Глёбус. Сяргей Шупа затэлефанаваў iм з Прагi i запытаўся: Што, на iх думку, азначае закрыцьцё Свабоды для беларускага культурнага кантэксту?

Першыя i сталыя аўтары "Свабоды" Алег Дзярновiч, Уладзiмер Арлоў i Адам Глёбус бачаць газэту як культурнiкi, але пры гэтым вельмi па-рознаму. У кожнага зь iх склалiся свае
дачыненьнi са "Свабодай". Такая рознасьць поглядаў азначае, што мы маем справу зь вялiкай зьявай. З галоўнай газэтай беларускага адраджэньня 90-х гадоў. З найбольш прынцыповым
беларускiм заслонам на шляху дэспатызму. З газэтай, iснаваньне якой стала iндыкатарам палiтычнай сытуацыi ў краiне. Спынiўшы "Свабоду", можна ўжо спынiць усё. Нехта назваў закрыцьцё Радыё 101'2 нацыянальнай катастрофай. Закрыцьцё ж "Свабоды" - гэта
выдзiраньне старонкi з кнiгi беларускай гiсторыi.

Свабода праiснавала сем гадоў. I я думаю, куды нас адкiнулi. У 1990-ы? Але ж не падобна. Тады ўсё новае i беларускае толькi брала разгон. Вядома, чаго толькi нi выстаяла, нi перажыла
"Свабода". I легальна выходзiла i нелегальна. I ў Латвii, i ў Магiлёве, i на МАЗе. Хто толькi яе нi зачыняў. Але нiколi яна не спыняла выхаду. У 90-м сёньняшнiя санкцыi гаспадарчага суду
нiхто б папросту ня браў да галавы. Зрэшты, i не магло быць такiх санкцыяў.

А можа, мы вяртаемся ў 1987-ы, калi КГБ арыштавала наклад падпольнага часопiса "Бурачок"? Але нiбы ў адказ сьледам за "Бурачком" нiбы з рога ўсяго многа пасыпалiся нефармальныя, як тады казалi, выданьнi.

Яшчэ раней, да сярэдзiны 80-х параўноўваць увогуле няма з чым. Вядома, выходзiлi альтэрнатыўныя публiкаткi, але гутаркi не было, каб нешта там зачыняць. Бо зачынiць азначала прызнаць, разьдзьмухаць лякальны занятак якога-небудзь адзiночкi ў антысавецкi рух.

Сёньня Свабода - адна з самых уплывовых газэт. Яе рэдактар ведае, што такое амон i што пры найменшай спробе непадпарадкаваньня ён адправiцца сьледам за Адамовiчам або
Вiньнiкавай, або Старавойтавым - у зноў праслаўленую першым прэзыдэнтам амэрыканку.

А можа з амэрыканкi трэба i пачынаць адлiк вызначэньня часу? Ад сталiнскага бруталiзму? Але й тады не зачынялi незалежныя газэты. Iх проста ўжо не было. Тады што ж - ажно ў часы бальшавiсцкага чырвонага тэрору вяртацца? У 20-ы год? На 80 гадоў назад?

Лёгiка падказвае менавiта такi адказ. Гэта яны толькi кажуць - плыць в революцiю дальше. Насамрэч рэванш камунiзму пачынаецца не з таго моманту, дзе ў яго адабралi ўладу, а
заўсёды спачатку? Няхай ён будзе называцца неяк iнакш, але мы ж ведаем, што такое камунiзм. Мы ж бачым, што "Свабоду" закрылi гэтаксама, як закрывалi лiбэральныя i нацыянальныя выданьнi бальшавiкi на чале з Эдмундавiчам. I гэта значыць, што Лукашэнка абяцае нам ня столькi вяртаньне ў савецкi час, колькi паўтарэньне савецкай гiсторыi - ад пачатку. Ад Мясьнiкяна i Кнорына. Вось якая старонка адкрылася, калi яны вырвалi з кнiгi "Свабоду".

У днi закрыцьця газэты "Свабода" ў Архiве Найноўшай Гiсторыi пры фондзе "Наша Нiва" рыхтуецца да друку Каталёг незалежных пэрыядычных выданьняў, якiя выходзiлi ў Беларусi з
пасьляваенных часоў да 1990 году. Спачатку гэтыя выданьнi зьбiралiся ў Архiве, потым апiсвалiся i вось усё зьведзена ў адну кнiгу.

Гартаючы яе, я згадваю, з чаго ў мяне i маiх сяброў пачалося захапленьне выдавецкай дзейнасьцю. Гэта быў самы канец васьмiдзясятых. Мы задумалi друкаваць падпольную газэту пад назвай "Вястун".

Я тады працаваў у друкарнях "Во славу Родины" i МУС, i па лiтарцы цягаў адтуль шрыфты. Памятаю, гэта была акадэмiчная гарнiтура, 10 кегаль. Iгар Гермянчук на Менскiм
палiграфкамбiнаце вырабiў клiшэ загалоўка, а Сяржук Сокалаў з дапамогаю швагра ў Наваполацку зрабiў гумовы валiк. Арына Вячорка пашыла фартух наборшчыка з кiшэнямi для касаў. Гэтак супольнымi намаганьнямi была фактычна створаная матэрыяльная база падпольнай друкарнi. Аднак неўзабаве нас з Гермянчуком загрэблi ў войска. Вiнцук Вячорка i Сяргей Запрудзкi, якiя вучылiся на фiлфаку БДУ, адчулi на сабе перасьлед КГБ, пасьля чаго Запрудзкi закапаў друкарню ў вёсцы сваiх бацькоў. Апошнiм часам, думаю, кожны з нас усё часьцей згадвае той наш юнацкi НЗ - недатыкальны запас.

Што нас натхняла? Напэўна, рамантычны прыклад Калiноўскага i ягонай "Мужыцкай праўды". Тое самае, што натхняла Янку Фiлiстовiча, якi ў 1952 годзе ў лясах пад Маладэчнам выдаў сваю газэту "Жыве Беларусь!". Як бачым, сама гiсторыя паваеннага незалежнага друку пачынаецца зь лясной друкарнi.

Калi ж разглядаць газэту Фiлiстовiча як легенду, дык пачынаць трэба зь "Падсьнежнiка", якi гiсторык Мiкола Ермаловiч пачаў выдаваць ў 1963-м. Друкаваў на машынцы i раздаваў блiзкiм
знаёмым. Гэта значыць, пачатак друку быў наўпрост зьвязаны з хрушчоўскай адлiгай.

Ад "Жыве Беларусь!" да "Падсьнежнiка" - 11 гадоў. Напэўна, увесь наступны друк (да другой паловы 80-х) па сутнасьцi iстотна не адрозьнiваўся ад "Падсьнежнiка". Новыя павевы
залежалi хiба што ад зьмены пакаленьняў выдаўцоў.

На мяжы 70-80-х мы распачыналi выданьне часопiса "Люстра дзён". Усяго выйшла чатыры нумары. Адзiн зь iх быў прысьвечаны 1000-годзьдзю Беларусi i адкрываўся вершам Казiмiра Ўсюдыгнанага:

Мая. Не мая? Мая!
Вам спрэчкай мяне ня здолець,
Бо праўды ад маскальля
Ня мушу пачуць нiколi.

Гiсторыю нашу ўшчэнт
Разьнесьлi. У сiлы права.
I нейкi сьляпы дацэнт
Закрэсьлiў маю дзяржаву.

Казiмiр Усюдыгнаны - гэта псэўданiм Сержука Сокалава. Памятаю, адзiн з матэрыялаў Вiнцука Вячоркi быў прысьвечаны югаслаўскаму (на той час прагрэсiўнаму) сацыялiзму. Таксама друкаваўся лiст лiтоўскай дзяўчыны, якая распавядала пра абставiны самаспаленьня ў Коўне ў пачатку 70-х Ромаса Каланты. Гэты лiст фактычна быў замоваю рэдакцыi, а перакладаў яго Антанас Глейзьнiс, вайсковы фатограф.

Друкаваўся часопiс на машынцы ў рэдакцыi дывiзiйнай газэты "Боевой призыв", што мясьцiлася ў Менскiм апэратыўным палку (або Белпалку) на вул. Грушаўскай, дзе служылi Глейзьнiс i я. Амаль усе тэксты рыхтавалiся Вячоркам i перадавалiся з вулiцы праз краты рэдакцыi. Згадваю ўсё гэта, чытаючы артыкул пра "Люстра дзён" у новым Каталёзе незалежнага друку. Артыкул сканчаецца словамi: у фондах архiву адсутнiчае.

Усяго ў каталёгу больш за сто назваў, некалькi соцень нумароў. Я знаходжу наступнае наша прадпрыемства: 1986-ы, часопiс "Бурачок".

У 70-я гады яшчэ не было i не магло быць рэалiстычнай размовы пра незалежнасьць Беларусi, антыкамунiзм, правы чалавека i г.д., што стала магчымым у другой палове 80-х. Без нацяжкi
першы пэрыяд можна назваць рамантычным, а другi - рэалiстычным. "Бурачок" стаўся якраз зьвязкай, пераходам ад дысыдэнцтва да таго шумлiвага маладзёвага руху, якi ахрысьцiлi
нефармальным.

Тады, у канцы 80-х незалежны друк стаў iндустрыяй. Газэты рабiлiся на машынцы цi кампутары. Макеты завозiлiся ў Вiльню, найчасьцей у Iнстытут фiзыкi АН Лiтвы, дзе нехта спадар Вайтэкунас кiраваў ксэракапiяваньнем такiх газэт ледзьве не з усяго былога СССР. У чарзе на друк разам з намi стаялi азэрбайджанцы, татары, украiнцы. У Лiтве ўлады на такое
закрывалi вочы. Затым тыражы прывозiлiся ў Дом лiтаратара ў Менску, у кабiнэт Емяльянава i Мiхноўскага, дзе заўсёды тоўпiлася шмат людзей з усiх рэгiёнаў Беларусi. Адсюль прэса
развозiлася па краiне.

Iстотны эпiзод - грошы. Калi ў першым пэрыядзе адзiночкi друкавалi толькi за свае асабiстыя, дык у канцы 80-х, з прыходам вялiкiх накладаў (10-50 тысяч) i продажам выданьняў (чаго не было ў першы пэрыяд), стварэньнем рэдакцыяў i найманьнем людзей, пачалi абяртацца такiя сумы грошай, якiя былi недаступныя для iнсьпiратара-адзiночкi. Гэта ўжо не маглi быць асабiстыя сродкi. Масавы гандаль пачаўся на пляцах, вакзалах, у электрычках... Якi-кольвек камунiзм быў начыста выцесьнены з дачыненьняў у альтэрнатыўнай прэсе. Можна
дапусьцiць, што ў канцы 80-х менавiта альтэрнатыўны друк стаў першай сфэрай, у якой грамадзтва сутыкнулася з капiталiзацыяй, з рынкам.

У Каталёзе незалежнага друку называюцца ўсе, хто рабiў выданьнi i хто ў iх публiкаваўся. Гэтыя людзi "сьвяцiлiся" першымi, гэта быў iх грамадзянскi чын, яны давалi прыклад iншым.

З выданьнем Каталёгу зьвязана шмат парадоксаў. Па-першае, ужо сёньня ён сам можа стаць нелегальным. Па-другое, задуманы без працягу, ён выдаецца з думкай пра наступны, другi том. Некалькi гадоў таму нам i ў галаву не прыходзiла, што давядзецца стаць сьведкамi адраджэньня падпольнага друку. Але архiўныя калекцыi так iмклiва папаўняюцца новымi незалежнымi выданьнямi, а закрыцё легальных газэтаў такое брутальнае i адназначнае, што зьбiральнiцкую працу давялося арыентаваць i на сёньняшнi дзень. Адраджэньне падпольнае прэсы зьвязанае з прыходам да ўлады ППРБ. Магчыма, у нашых калекцыях неўзабаве
зьявiцца i новая нелегальная "Свабода"? Як нi дзiўна, а такое прадчуваньне мяне радуе. Бо галоўнае ў iм слова - зьявiцца, не прападзе.