Вострая Брама і Курган Славы

Аўтар і вядучы Сяргей Дубавец, Вільня

Напрыканцы савецкай эпохi галоўны архiтэктар Менску Грыгор'еў прапанаваў новы праект цэнтру беларускае сталiцы. Паводле Грыгор'ева ўвесь стары горад падлягаў зносу. З вокнаў ЦК КПБ мусiў адкрывацца вiд на Сьвiслач i праспэкт Машэрава. Прыгаломшаныя апанэнты спыталi ў аўтара: "А што ж будзе бачыць чалавек, праяжджаючы памiж вулiцай Энгельса й Палацам прафсаюзаў?" На што архiтэктурны "мэтр", не мiргнуўшы, адказаў: "Неба!"

Гэта ўрывак з цыклю занатовак мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага пра Менск. Аглядаючы горад з 22-га паверху гатэлю "Беларусь" наш аўтар спрабуе ўзгадаць маршрут, па якiм некалi хадзiў у школу. Ён углядаецца ў горад - i не пазнае... Пачатак менскiх занатовак сёньня - у другой частцы праграмы. У першай частцы - вытлумачэньне назвы.

Мы крочым праз вострыя брамы,
якiя ўтварае пара дарагая,
мая залатая пара.
Але нас ня золата вабiць,
што ўрэшце абернецца
бруднай iржою i гноем,
а готыка голых таполяў,
што рукi скрыжоўваюць
недзе ля самага шэрага, шэрага,
шэрага неба.

Мы рушым праз новыя
вострыя брамы старыя,
як некалi, поруч,
i вера вяртаецца нам,
i нешта нам кажа,
што мы не адзiныя ў сьвеце.

Вострае Брамы няма ў Энцыкляпэдыi Архiтэктуры Беларусi. Гэты помнiк дойлiдзтва - хрысьцiянская рэлiгiйная сьвятыня, адна з брамаў старажытнае Вiльнi - апынулася за адмiнiстрацыйнай мяжой нашай краiны. Сёньня гэта Летува, Вiльнюс. Але праз тое Вострая Брама не апынулася за межамi нашай культуры, беларускай паэзii ХХ стагодзьдзя, пачынаючы з нашанiўскае пары. Нездарма адзiн зь беларускiх нацыянальных гiмнаў ужо ў трэцiм радку згадвае пра яе:

Толькi у сэрцы трывожным пачую
За краiну радзiмую жах,
Успомню Вострую Браму сьвятую
I ваякаў на грозных канях.

Прызнацца, я доўга шукаў якiх iншых канкрэтных сьвятыняў, якiя б згадвалiся i апявалiся ў нашай клясычнай паэзii гэтак часта, як Вострая Брама. Шэраг вымалёўваецца незвычайны: касьцёл сьвятой Ганны, гара Гедымiна, - адным словам, усё Вiльня. Яшчэ, можа быць, полацкая Сафiя або наваградзкi замак разглядаюцца як унiвэрсальная беларуская сымболiка. Але на паўнавартасную паэтычную анталёгiю можа прэтэндаваць толькi Вострая Брама, у якой месьцiцца цудатворны абраз Божае Мацi, аднолькава дарагi як для каталiкоў, так i для праваслаўных.

... Твар то збляднее, то зробiцца ў плямы...
Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы,
Просiць: "Прачыстая, згiнуць ня дай,
Гора адкiнь, ад бяды захавай!" -

гэтак Алесь Гарун распавядае пра пакуты гераiнi свае "Засьцянковае аповесьцi". На мяжы мiнулага й нашага стагодзьдзя абразкi Вострабрамскай Божай Мацi былi ў хатах па ўсёй Беларусi - як галоўны абярэжны знак. А яшчэ ў канцы мiнулага стагодзьдзя Янка Лучына апiсаў такi абразок у сваiх "Паляўнiчых акварэльках з Палесься"...

Гаспода вось. На градцы посуд. Чыста ў хаце.
Абраз з выявай Божай Вастрабрамскай Мацi
На покуцi ў вянку. Таўстуха-печ. Вакол
Абеглi лавы проста змайстраваны стол.
На iм выглядваў хлеб з-пад чыстай палатнiны,
Нож побач, соль на сподку. Ток чысьцюткi з глiны,
Заместа мосту, - гаспадынiна хвала.
Пры печы вiлы, качарга i чапяла.

Дарэчы, зьвярнiце ўвагу на дэталь: абразок Вострабрамскай Марыi ў палескай хаце - на покуцi. Гэта значыць, што гаспадары хаты - праваслаўныя, што лiшнi раз пацьвярджае мiжканфэсiйнасьць чудадзейнага абраза i самой Вострай Брамы. Хоць найчасьцей апявалi ў нас гэтую сьвятыню каталiкi, паэты-ксяндзы:

О, Мацi Божая, што ў слаўнай Вострай Браме,
Як зорка ясная, нам сьвецiш заўсягды...

пачынае сваю "Малiтву" Андрэй Зязюля. У другога паэта-сьвятара Казiмера Сваяка верш на гэтую тэму аказаўся адным зь лепшых у творчым даробку:

Вострабрамска Мацi Божа
Краска чыстая, прыгожа.
Мiласэрдзе Твае волi
Сьвецiць Вiльнi у нядолi.

Ў краi нашым Ты у чэсьцi,
Нясеш зь неба добры весьцi!
Шчасьце для нашага краю
Даеш нам ад Бога з раю!

Ўся Цябе Русь славiць Бела
I Лiтва i Польшча цэла,
Бо Ты мацi мiласьцiва,
Сваiм дзеткам дабратлiва. -

Iх у смутку пацяшаеш,
Слабых, хворых папраўляеш!
I хто толькi к Табе прыйдзе,
То бяз радасьцi ня выйдзе.

Ты так кожнаму дагодзiш,
Што надзею ў сэрцы зродзiш;
Празь Цябе усе правiны,
Даруюцца ў Бога Сына!

Сьвятыня краю магла служыць для паэтаў i проста адметным будынкам, якi сваiм старажытным духам удзячна ўваходзiць у страфу, i тапаграфiчным арыенцiрам у горадзе, як, напрыклад, у Мiхася Кавыля. Ён усю ноч шпацыраваў з каханаю па Вiльнi, а разьвiталiся яны ранiцою каля Вострай Брамы. Такiх згадак у беларускай паэзii шмат. Мяне ж цiкавяць сапраўдныя паэтычныя пэрлiны, настраёвыя або хрэстаматыйныя, якiя запамiнаюцца адразу i назаўсёды. Адзiн з такiх твораў належыць пяру Алеся Салаўя, якi ў 44-м разьвiтваўся зь Вiльняй, яшчэ ня ведаючы, што ўсё астатняе жыцьцё яму давядзецца пражыць у Аўстралii. Верш называецца "Ля Вострай Брамы".

I прашчуры схiлялi тут галовы...
Мiнаю я праход Яе сьвяты,
а вусны шэпчуць дабравесьця словы:
- Сьвятая Ты!

За Ёй - i старадаўная сталiца
мае радзiмы ў чарах пекнаты.
Iзноў табе прыехаў пакланiцца -
- Сьвятая Ты!

У вершы iншай эмiгранткi, Натальлi Арсеньневай Вострая Брама ўяўляецца iндульгенцыяй, прошчай. А iрваныя строфы верша гучаць роспачна i зусiм непадобна на звычайна мэлядычныя творы паэткi.

Выходжу й гукаю,
гляджу, выглядаю - нямашка...
У ходзiшча шчырбах каштанавы тае сьнег.
Праз дошкi кастрывыя
крыва ўсьмiхаюцца крамы.
(На яве ўсё гэта? У сьне?)
Чыйсь крок невясёлы i важкi.
- Дзе Вострая Брама?
- Нямашка.

Кажучы пра шэраг нацыянальных сымбаляў, якiя апетыя нашай паэзiяй, я да часу ня згадваў савецкiя вершы. Там мы знойдзем індустрыйны Менск, гiганты прамысловасьцi, якiя цяжка ўпiсаць у шэраг нацыянальных сьвятыняў, а найперш - Хатынь i Курган Славы. У савецкай сыстэме каардынат уласна беларушчына пачынаецца зь мiнулай вайны. Гэтаксама як дзень незалежнасьцi сёньня прызначаны на дату вызваленьня Менску ад немцаў.

Дзьве сыстэмы сымбаляў - Вострая Брама i Курган Славы - нiбы ртуць i вада, нiякiм чынам не спалучаюцца, не ўзаемапранiкаюць. Немагчыма ўявiць сабе паэтычны твор, дзе б згадвалiся абедзьве гэтыя сьвятынi. Як, зрэшты, немагчыма ўявiць сабе верш Максiма Багдановiча пра Хатынь. Тут нам адкрываецца вельмi глыбокi раскол нацыянальнае сьвядомасьцi. Напэўна, нават больш глыбокi, чым падзел на канфармiзм i нонканфармiзм, савецкую i несавецкую беларускую культуру. Верш пра Курган Славы цалкам мог напiсаць Купала, зрэшты, Курган - гэта ягонае слова, назва хрэстаматыйнай паэмы. Але пра Вострую Браму Купала не пiсаў нiколi. Дый вершы пра Вiльню ў яго выходзiлi нейкiя непаважныя, гратэскавыя, як бы з падскокам. Выразны прыклад - верш "Замкавая гара" зь Вiленскiх абразоў.

Над Вяльлёй-ракой,
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Нi то лом-ламок,
Нi то дом-дамок
Там вiднеецца...

Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валiцца;
Нават гнёзды вiць
Птушка не ляцiць, -
Знаць, пужаецца.

Адно йдуць сюды
З гарадзкой нуды
Адказелiцца
Бедната i "знаць" -
Вiды аглядаць,
Што ў ног сьцелюцца.

Ды як згасьне дзень,
Ночкi ляжа цень
Над дамочкамi,
Людскiх шэптаў тут
Повен кожны кут
Пад кусточкамi.

Найлепей вытлумачвае такiя адносiны да Вiльнi i Вострае Брамы Мiхась Машара ў сваёй паэме "Падарожжа". Дарэчы, часам можна пачуць думку, што менавiта такi падыход - сапраўды беларускi, ісьцiнна народны.

Iду далей... вось Востра-брама.
Зьнiмаю шапку (трэба тут).
Малiтвай раньняю сабраны
Каля муроў таўпiцца люд.

Я не малюсь мурам i тайнам
Незразумелым i пустым.
Мой Бог - такi прасты, звычайны,
Але магутны i жывы.

Яго аўтар - лясы i поле,
Яго сялiбай - даль i шыр,
I гай зялёны на прывольлi
Шумiць iмшой, як манастыр.

I я малюсь Яму з калосьсем,
I я малюсь Яму з травой,
I ў веснашумаў адгалосьсi
Гуторыць часта Ён са мной.

Вось у чым справа. Тое, што ў нас называлi народнасьцю ў дачыненьнi да лiтаратуры - гэта насамрэч паганства, дух паганства. Вострая Брама i Курган Славы ўступаюць у этычны i эстэтычны канфлiкт менавiта як хрысьцiянская i паганская сьвятынi. Можна працягнуць гэтую палярызацыю на ўсё, што сёньня адбываецца ў Беларусi. Ледзьве абазначыўся ў нас эўрапейскi, хрысьцiянскi тып цывiлiзацыi, як зараз жа быў зломлены i адмоўлены рэваншам паганства.

Падзел сьвядомасьцi памiж Вострай Брамай i Курганам Славы - i этычны, i эстэтычны. Можна разглядаць яго таксама як падзел памiж пралетарскiмi i арыстакратычнымi ўяўленьнямi, памiж стыхiяй душы i культурай сэрца. Праекцыя гэтага ўнутранага расколу праглядаецца ў беларускiх палярызацыях "захад - усход", "каталiцызм - праваслаўе". Вынiкi гэтага падзелу - у неаб'яднанасьцi свайго. Калi цётка гаворыць "па-нашаму", але не прызнае, што па-беларуску. Калi намэнклятура адчувае проста фiзычную няпрыязь да фактаў i асобаў нацыянальнай гiсторыi i культуры. Калi народ хоча жыць як жыве, але пры гэтым не
згаджаецца абазначыць стан краiны як незалежную Беларусь i галасуе за СССР.

Даводзячы гэты раскол да зусiм канкрэтнага знакавага ўзроўню, я спрабую паставiць эстэтычную задачу. Я чакаю верша, у якiм бы апявалiся Вострая Брама i Курган Славы адначасова. Вострая Брама - мiжканфэсiйны сымбаль. Для курганаслаўшчыкаў ён незразумелы i чужы. Курган Славы - для вострабрамшчыкаў - сымбаль чужое вайны на беларускай зямлi. Хоць нiшто не замiнае разглядаць яго як сымбаль перамогi над фашызмам, а супраць гэтага, думаю, ня будзе выступаць нiхто. Так цi iнакш, уся справа ў трактоўках, якiя яшчэ трэба будзе стварыць. Сёньня ж найвялiкшай недарэчнасьцю ўяўляецца думаць пра Вострую Браму, схiлiўшы галаву ля падножжа Кургана Славы, або ўяўляць сабе Курган Славы, уваходзячы ў Вострую Браму. Можа быць, калi такi верш усё ж зьявiцца, тады адбудзецца i наша нацыянальная кансалiдацыя. У прынцыпе магчымасьць такога твору - гэта ёсьць магчымасьць кансалiдацыi. Калi ж я памыляюся, i два сымбалi нiколi ня ўступяць у эстэтычную сувязь, а будуць працягваць сьмяротны двубой, той адному зь iх рана цi позна давядзецца капiтуляваць, загiнуць, прапасьцi. Але гэта будзе ўжо зусiм iншая краiна або тэрыторыя.

Вострая брама. Атвор
у нязвыклую глыб,
дзе нэафiт пачувае сябе
як на Марсе,
ну, а заўсёднiк
утульных кавярняў, прынамсi,
можа сядзець за ажурнымi
кратамi шыб,
каву смакуючы i пазiраючы на
шыльду насупраць,
якая цямнее на муры
помнiка вельмi далёкае
архiтэктуры,
i, не стрываўшы,
мiжволi ўздыхнуць
- даўнiна...

Пасьля ўсяго сказанага, думаю, зразумела, чаму за назву новае перадачы абраная Вострая Брама. За ёю - за гэтай брамай беларушчыны, брамай наступнага стагодзьдзя - мне бачыцца будучыня i нутро, кантэкст культуры, безь якога зразумець яе немагчыма. Пра гэта мы i будзем гаварыць у нашых перадачах. Слова, вопратка, iнтанацыя - усё, у чым выяўляецца беларушчына - стане прадметам нашага аналiзу.

Далей у праграме - эсэ Сяргея Харэўскага пра Менск, сёньня - пра Менскi палац Рэспублiкi, якi Аляксандар Лукашэнка хоча ўрачыста адкрыць сёлета на гадавiну Вялiкага Кастрычнiка. Гмах, якi вырастае ў самым цэнтры сталiцы, даўно i густа абвiты тайнамi, плёткамi i трапнымi народнымi мянушкамi, накшталт "саркафагу". А што ж там на самой справе?

(Сяргей Харэўскi: ) "Седзячы ў кавярнi гэтэля "Беларусь", на паддашку самага высокага будынку ў Менску, азiраючы навакольле, я прыгадаў адну зь бясконцых менскiх гiсторыяў. Гэты гатэль будаваў архiтэктар Пагарэлаў, адзiн са старэйшых архiтэктараў Беларусi, родам з Ачакава, з Украiны. Аб'ект мусiлi здаць да 70-х угодкаў Кастрычнiцкай рэвалюцыi, сьпяшалiся. У 1984-м хмарачос гатэля быў амаль гатовы. Ды раптам... пахiснуўся. Балотныя менскiя глебы ня вытрымалi цяжару бэтону. Дырэктара iнстытуту геадэзii, у якiм рабiлiся досьледы пад будаўнiцтва, "зьнялi". Iжынэр-геадэзiст, якi непасрэдна кiраваў досьледаваньнямi, павесiўся, баючыся суду. Аднак усё абыйшлося... Да таго боку, якi даў усадку, прыбудавалi
рэстаран i саўну. Аб'ект быў здадзены своечасова.

Менская зямля малапрыдатная для будаўнiцтва хмарачосаў, тунэляў цi яшчэ чаго такога. Паў-Менску стаiць на балоце. Каб збудаваць плошчу Коласа й вулiцу Харужай, давялося стварыць гiганцкую бэтонную падушку. Мэтрапалiтэн узводзiлi ў суцэльнай тванi, таму ён у Менску неглыбокi. Зрэшты, з вышынi, на якой я сяджу, гэтага не вiдаць. Вiдаць гару Верхняга Гораду, на якой вырас Палац. Дарэчы, менскiя горы цалкам прыдатныя для любых iнжынэрных працаў, бо ў iх у сярэдзiне шчыльная глiна. Таму старыя менскiя камянiцы мелi глыбокiя сутарэньнi, часам у некалькi паверхаў.

У сярэдзiне ХIХ ст. Шпiлеўскi пiсаў: "Гасьцiнны двор (на Верхнiм Месьце) напоўнены лепшымi крамамi i пiўнiцамi... У сутарэньнях уладкаваныя галянтэрэйныя, мускатыльныя й садавiнавыя крамы; перад садавiнавымi ў прамой лiнii расстаўленыя квадратныя зялёныя сталы, на якiх у любы час году, асаблiва летам i ўвосень, знойдзеце цытрыны, памаранчы, сьлiвы i розных гатункаў яблыкi i йгрушы...".

Але задоўга да крамнiкаў, зь сярэдзiны XVII ст., гару Верхняга Места прарэзалi падземныя хады памiж каталiцкiмi кляштарамi. Напэўна, каталiцкiм мнiхам было што хаваць ад хцiвых рук акупантаў. У наш час гэты падземны горад быў знойдзены выпадкова. Зянон Пазьняк апiсвае гэта такiм чынам:

"Падчас будаўнiцтва кiнатэатру "Перамога", каля руiнаў колiшняга кляштару бэнэдыктынак, коўш экскаватара правалiўся пад зямлю. Перад рабочымi раскрылiся сярэднявечныя сутарэньнi. Некалькi чалавек са сьвечкамi спусьцiлiся туды й пабачылi прасторны ход у бок плошчы Свабоды. Яны прайшлi каля 150(!) мэтраў, як сьвечкi пачалi гаснуць. Гэта азначала, што наперадзе скапленьне вуглекiслага газу..."

Па вайне сутарэньнi засыпалi, было не да таямнiцаў. Недзе ў гэты ж час быў знойдзены другi ход, у двары колiшняга кляштару бэрнардынак, якi стаў жылым домам. Па вайне, раптам пасярэдзiне двара пачала правальвацца зямля, аж пакуль не адкрыўся ўваход у глыбокiя лёхi. Туды памкнулiся дзецi, якiя натыкнулiся на груду шкiлетаў. Бацькi напалоханых дзяцей завалiлi ўваход сьмецьцем. Урэшце насыпалi вялiкую клюмбу ў мэтар вышынёю.

Пра падземны горад загаварылi йзноў, калi пачалося будаўнiцтва мэтро. Але дзе там! Трэба было ратаваць хаця б тыя помнiкi, што былi зьверху. Аднак археолягi ўсё ж цягнулiся да разгадкi таямнiцы менскiх падзямельляў... Калi ўявiць, якой яны даўжынi (ад кiнатэатру "Перамога" да Сьвiслачы), дык там абавязкова мусiлi быць вэнтыляцыя, прылады да забору вады, магчыма, нейкiя асобныя памяшканьнi, пераходы... Зусiм нядаўна я бачыў, як археоляг Валянцiн Собаль знайшоў галерэю, перакрытую цылiндрычнымi скляпеньнямi зусiм побач са Сьвiслаччу, на вулiцы Гандлёвай, а Iгар Чарняўскi спрабаваў раскапаць уваход у двары таго кляштару бэрнардынак... Але сам лёс сьцеражэ падземны горад. У абодвух археолягаў не хапiла фiнансаваньня й часу... Cпадзявалiся на незалежнасьць...

Мала хто зь менчукоў здагадваецца i пра другую таямнiцу. Шмат гадоў таму пад Кастрычнiцкай плошчай быў запраектаваны падземны горад. Да часоў галоснасьцi было далёка, а неўзабаве пачаўся карагод уладаў. Улады незалежнае Беларусi пра недабудаваны Менск пад зямлёю ўжо нiчога ня ведалi.

Пад час будаўнiцтва Палацу Рэспублiкi пра яго раптам згадалi. Слова архiтэктару Пiрагову, кiраўнiку праекту Палаца: "Мы плянавалi да завяршэньня палацу раскрыць усю дзялку, выканаць апорныя канструкцыi, добраўпарадкаваць. Ужо гатовыя выхады зь дзьвух лiнiяў мэтро. Але сёлета ўсё засыпалi пяском..."

Можна зразумець крыўду Пiрагова, бо ён стаў бы аўтарам ня толькi нечуванага па памерах гмаху, але й цэлага падземнага гораду, цэнтрам якога стаў бы Палац. Гэта бадай, чыста менская iдэя. Iдэя, народжаная ў горадзе, дзе ўсё шматкроць спляжана, альбо зьменена. Нi я, нi хто iншы не пакажа ў Менску кутка, у якiм за апошнiя дваццаць гадоў нiчога не зьмянiлася. А пад зямлёю... Што там зруйнуеш? Сёлета нешта падобнае было зробленае ў Маскве, на Манежнай плошчы: сыстэма стаянак, зоны адпачынку, крамы. Але ў Менску задумана ўсяго значна болей i больш грандыёзна. Гаворыць суаўтар Пiрагова, архiтэктар Лявонцi Зданевiч: "Калi Аляксандр Грыгор'евiч Лукашэнка быў у нас на суботнiку, я далажыў яму пра падземны горад. Ён аднёсся станоўча..."

Не сумняваюся, падземны Менск будзе. Будзе горад у тры паверхi ўнiз памiж трыма лiнiямi мэтраплiтэну, зьвязаны зь iмi. Сыстэма гаражоў, крамаў, рэстаранаў, выставачных заляў.

Каўтаючы каву на 22-м паверсе гатэлю "Беларусь, з насьцярогаю паглядаю ўнiз. Напэўна мне было б спакайней, каб ня ведаў, якая няпэўная ў Менску глеба. Балотная..."

(Сяргей Дубавец: ) Працяг занатовак Сяргея Харэўскага - у наступным выпуску "Вострае Брамы", праз тыдзень. У сёньняшняй перадачы былi выкарыстаныя вершы Янкi Лучыны, Максiма Багдановiча, Алеся Гаруна, Янкi Купалы, Казiмера Сваяка, Андрэя Зязюлi, Мiхася Машары, Алеся Салаўя, Тацяны Сапач i Алега Мiнкiна.