Расейскія перавозчыкі баяцца беларускіх уладаў

Юры Сьвірко, Менск

Гэтую статыстыку фактычна пацьвярджае й дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, які паведаміў, што за гэтыя восем месяцаў кошт сканфіскаваных тавараў і транспартных сродкаў склаў больш за 117 мільярдаў рублёў. Хаця ў далярах гэтая сума прыблізна роўная 55 мільёнам, трэба ўлічыць, што канфіскацыяй у Беларусі займаюцца ня толькі мытнікі, але і іншыя структуры.

Паводле зьвестак амбасадара Блахіна, з пачатку новага тысячагодзьдзя ў Беларусі кошт канфіскату павялічваўся штогод удвая. А мытня паведаміла, што летась утрая быў перавышаны паказьнік 2001 году, і агульны кошт сканфіскаваных паводле рашэньняў судоў тавару й транспарту склаў амаль 67 мільярдаў рублёў, або 33 мільёны даляраў. Расейскі амбасадар абурана кажа: “Ёсьць фірмы, у якіх 14–15 фураў сканфіскавалі. Хто ж пасьля гэтага будзе езьдзіць празь Беларусь? Бальшыня вельмі каштоўных грузаў ідзе, абыходзячы Беларусь”.

Гэтыя словы спадара Блахіна пацьвярджаюць ва ўсіх буйных экспэдытарскіх фірмах Масквы. Я патэлефанаваў у кампанію “Алан-карга”, і яе супрацоўніца Натальля катэгарычна заявіла:

(Натальля: ) “Вы ведаеце, мы ня езьдзім празь Беларусь ужо даўно. У нас дарагія грузы, якія падпадаюць пад канвой. Таму канвой там скрайне складана арганізоўваць, а на латвійскай мяжы арганізоўваецца нармальна”.

Натальля кажа, што каштоўныя грузы з Расеі ідуць цяпер толькі праз Латвію і Літву або празь Фінляндыю, таму што беларускія ўлады паводзяць сябе зь перавозчыкамі вельмі кепска — калі не канфіскоўваюць тавар назаўжды, дык затрымліваюць яго хаця б на час.

(Натальля: ) “Затрымлівалі колькі заўгодна — вось нядаўна машына тыдзень прастаяла”.

Экспэдытарская кампанія, дзе працуе Натальля, займаецца і перавозкай тэхнікі фірмы “Siemens”. Яна кажа, што катэгарычна рэкамэндуе кліентам абыходзіць Беларусь бокам. На пытаньне, ці можна ўвогуле езьдзіць празь беларускую тэрыторыю, Натальля адказвае гэтак:

(Натальля: ) “Калі тавар не ўяўляе ніякага інтарэсу для жыцьця і просты ў афармленьні, тады можна ехаць. Калі вы везяце бытавую тэхніку — я ня ведаю, мо хто й езьдзіць, але там тады вельмі наладжаныя, намазаныя рэйкі”.

Кіраўнік службы перавозак добра вядомай кампаніі “Саўтрансаўта” Аляксандар Арцёмаў кажа, што расейскія перавозчыкі вельмі баяцца беларускай мытні.

(Арцёмаў: ) “Гэта частая сытуацыя, калі беларуская мытня прад’яўляе прэтэнзіі перавозчыку паводле якога-небудзь артыкулу — напрыклад, няправільныя зьвесткі пра тавар, і пры гэтым затрымлівае транспарт, доўга трымае, не афармляючы працэсуальна ніякіх дзеяньняў”.

Спадар Арцёмаў зазначае, што расейскія адмыслоўцы даюць толькі адну рэкамэндацыю наконт Беларусі:

(Арцёмаў: ) “Пазьбягаць гэтага маршруту, хаця ён найбольш прамы й мусіць быць выгадны”.

Што да пацярпелых перавозчыкаў, дык яны ня вельмі хочуць заяўляць пра свае парушаныя правы.

(Арцёмаў: ) “Дастаткова абазначыць гэтага перавозчыка, і ён будзе адкрыта падвяргацца перасьледу. У гэтага перавозчыка будуць проста праблемы — мытнае права вельмі складанае, асабліва беларускае. То бок трэба быць дасьведчаным чалавекам, каб супрацьстаяць тым прэтэнзіям ці прыдзіркам, якія нічым не абгрунтаваныя, разумець, што цябе потым не затрымаюць на дзень-два-тры проста “да высьвятленьня абставінаў”, а кодэксам у іх гэта прадугледжана”.

На прафэсійных сайтах расейскіх экспэдытараў распавядаецца, напрыклад, як у адной маскоўскай фірмы ў Беларусі сканфіскавалі аконныя рамы, пасьля чаго прадстаўнікоў кампаніі запрасілі на суд праз тры дні пасьля канфіскацыі. Калі масквічы прыехалі на суд, ім патлумачылі, што суд адбыўся пазаўчора, і іхныя рамы ўжо прадаюцца ў мясцовых крамах.

Прадстаўнікі расейскай мытнай службы ў Менску кажуць, што нічога ня могуць зрабіць з гэтым бяспраўем, і рэкамэндуюць кіроўцам расейскіх грузавікоў: па-першае, на мытні не разгружацца, па-другое, тэрмінова тэлефанаваць уласьніку грузу, каб ён праз гадзіну быў на месцы разам з адвакатам. “А самая сяброўская парада — не вазіце нічога празь Беларусь”.