Сёньня я патэлефанаваў у расейскую амбасаду ў Менску ды папрасіў пракамэнтаваць учорашнія рэзкія заявы Аляксандра Лукашэнкі на адрас Уладзімера Пуціна.
Цяперашні кіраўнік дыпляматычнае місіі Расеі Вячаслаў Каваленка адказаў на гэта так:
(Каваленка: ) “А чаму амбасада мусіць рэагаваць? Мала што там кажуць... Што мы будзем камэнтаваць? Амбасада ўвогуле ніколі не камэнтуе кіраўніка дзяржавы. Увогуле, амбасада, якая працуе ў краіне знаходжаньня, ніколі не камэнтуе кіраўніка дзяржавы”.
Вячаслаў Каваленка, як высьветлілася, апошні дзень афіцыйна кіруе амбасадай Раcеі ў Менску. Ад заўтрашняга дня кіраўніком стане новы расейскі амбасадар у Беларусі Аляксандар Блахін.
(Каваленка: ) “Ён пакуль не ўручыў – ён заўтра будзе ўручаць копіі даверчых граматаў. Ну й адразу пасьля гэтага...”
(Карэспандэнт: ) “Козак – памятаеце – таксама ўручыў копіі, а потым...”
(Каваленка: ) “Ну што вы параўноўваеце з Козакам? Ой, госпадзі, Козак... Козак там, яшчэ хто-небудзь... Спадар Блахін заўтра ўручае копіі даверчых граматаў”.
Аднак, паводле некаторых зьвестак, амбасадару Расеі ўсё ж давядзецца пачакаць аўдыенцыі Аляксандра Лукашэнкі, хаця, можа, і ня так доўга, як чакаў у свой час амэрыканскі амбасадар Майкл Козак. Прынамсі, у беларуска-расейскіх стасунках зараз гучная паўза.
У прэсавай службе прэзыдэнта Расеі зазначылі, што Ўладзімер Пуцін ведае пра ўчорашнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, але камэнтаваць іх не зьбіраецца.
Супрацоўнік крамлёўскае прэсавае службы Аляксандар Шушараў сказаў толькі наступнае:
(Шушараў: ) “Не, няма рэакцыі. На дадзены момант нічога няма”.
Значна больш гаваркімі сёньня былі расейскія парлямэнтары. Сьпікер Рады Фэдэрацыі Расеі Сяргей Міронаў ня выключыў, што за рэзкімі заявамі Аляксандра Лукашэнкі хаваецца незацікаўленасьць беларускага лідэра ў інтэграцыйных працэсах з Расеяй:
“Гэткага кшатлту заявы з боку Аляксандра Рыгоравіча даюць падставы рабіць гэткага кшалту высновы”, – заявіў кіраўнік верхняе палаты расейскага парлямэнту й дадаў, што за савецкім часам Беларусь захоўвала сваю ідэнтычнасьць. “Гэтая ідэнтычнасьць была, застанецца й будзе разьвівацца ў рамках адзінае дзяржавы”, – падкрэсьліў Сяргей Міронаў.
Ён таксама сказаў, што пытаньні, што трэба выносіць на рэфэрэндум, мусяць мець дакладныя фармулёўкі. “Тут ня трэба лукавіць і наводзіць цень на пляцень”, – заявіў сьпікер Рады Фэдэрацыі Расеі.
А ягоны першы намесьнік Валеры Гарагляд сказаў сёньня наступнае: “Пазыцыя Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі ды ягоныя выказваньні толькі ўскладняюць працэс інтэграцыі. Падабаюцца вам ці не падабаюцца прапановы расейскага прэзыдэнта, абмяркоўвайце іх, але ня трэба рабіць ніякіх параўнаньняў, што ўшчымляюць годнасьць кіраўніка іншае дзяржавы”.
На просьбу Радыё Свабода ўдакладніць, кіраўніка якой дзяржавы ён меў на ўвазе, спадар Гарагляд адказаў: “Вядома ж, Пуціна. Меліся на ўвазе Лукашэнкавы параўнаньні са Сталіным і Леніным”.
Тое, што годнасьць кіраўніка беларускае дзяржавы таксама мог ушчыміць сваімі прапановамі спадар Пуцін, стала для першага віцэ-сьпікера верхняе палаты расейскага парлямэнту вялікай нечаканасьцю.
На дапамогу Аляксандру Лукашэнку сёньня прыйшоў толькі лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў. “Апошнія выступы Ўладзімера Пуціна мы лічым гістарычна нявернымі, палітычна некарэкнымі, эканамічна абсалютна шкоднымі – таму што яны выказваюць пагарду да волі абодвух народаў жыць у раўнапраўным саюзе”, – сказаў спадар Зюганаў. Ён бачыць саюз Беларусі й Расеі заснаваным толькі на раўнапраўі бакоў.