Сёньня я патэлефанаваў у Цэнтральную камісію ў пытаньнях правядзеньня выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў ды папрасіў ейнага сакратара Мікалая Лазавіка пракамэнтаваць заяву Пуціна пра мажлівы рэфэрэндум наконт уваходжаньня Беларусі ў склад Расейскае Фэдэрацыі.
(Лазавік: ) “Я ня ведаю, што меў на ўвазе Пуцін, калі рабіў такую заяву, але тое, што гэткая прапанова будзе нэгатыўна ўспрынятая большасьцю беларускага насельніцтва – я чамусьці ўпэўнены.
Ня ведаю, ці было гэта ў думках у Пуціна, што гэта будзе неўспрынятае. Мажліва, ён з пункту погляду расейца лічыць, што ён прапанаваў нешта вельмі добрае – да чаго беларусы імкнуцца. У мяне меркаваньне зусім супрацьлеглае: беларусы імкнуцца да саюзу з Расеяй, але з захаваньнем свайго дзяржаўнага сувэрэнітэту”.
(Карэспандэнт: ) “І вы думаеце, што прэзыдэнт Лукашэнка будзе захоўваць гэты сувэрэнітэт?”
(Лазавік: ) “Не сумняюся. Інакш ён проста адступае і ад сваёй праграмы перадвыбарчай, і ад той лініі, якую праводзіў цягам усяго пэрыяду станаўленьня й стварэньня гэтага саюзу Расеі й Беларусі”.
Сакратар беларускага Цэнтарвыбаркаму зазначыў, што з ініцыятывай рэфэрэндуму можа выступіць ня толькі кіраўнік дзяржавы. Але нават калі такая ініцыятыва зарэгістраваная, далей працэдура паводле закону мусіць быць гэткай:
(Лазавік: ) “Прэзыдэнту даецца 2 месяцы на вырашэньне гэтага пытаньня, то бок, прызначаць або не прызначаць, і потым яшчэ рэфэрэндум мусіць праводзіцца не раней, як праз 3 месяцы пасьля яго прызначэньня. Таму лічыце, калі можа быць такая ініцыятыва. І хто з такой ініцыятывай выступіць???”
(Карэспандэнт: ) “А як вы думаеце – Аляксандар Лукашэнка выступіць з такой ініцыятывай?”
(Лазавік: ) “Я сумняюся, каб прэзыдэнт выступіў з ініцыятывай ліквідацыі сувэрэнітэту сваёй рэспублікі”.
Мікалай Лазавік таксама працытваў 112-ты артыкул Выбарчага кодэксу Беларусі:
(Лазавік: ) “На рэспубліканскі рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні – і першым стаіць! – якія могуць выклікаць парушэньне тэрытарыяльнае цэласнасьці Рэспублікі Беларусь”.
Я спытаўся ў спадара Лазавіка, ці падпадае пад гэты пункт Выбарчага кодэксу Пуцінава фармулёўка пытаньня для рэфэрэндуму.
(Лазавік: ) “Пуцін зрабіў там некалькі агаворак, што фармулёўку пытаньня трэба дапрацоўваць і зь юрыдычнага пункту погляду, і з палітычнага пункту погляду, але ў любым выпадку з тым зьместам, зь якім былі заяўленыя гэтыя пытаньні, яны адпаведна нашаму заканадаўству ня могуць быць вынесеныя на рэфэрэндум”.