“ДЛЯ АПАЗЫЦЫІ БЫЛО Б ЗАЎЧАСНА ІНТЭРПРЭТАВАЦЬ ЗАЯВУ ПУЦІНА НА СВАЮ КАРЫСЬЦЬ”

Алена Панкратава, Менск

Падобнае меркаваньне адрозьніваецца ад ацэнак прадстаўнікоў іншых аналітычных цэнтраў краіны. Напрыклад, экспэртаў зь Нямецкага фонду палітыкі альбо Нямецкага таварыства зьнешняй палітыкі, якія схільныя сьцьвярджаць, што ў выніку канфлікту менскае кіраўніцтва вымушанае будзе карэктаваць сваю палітыку адпаведна з апошнімі празаходнімі падыходамі Расеі. Навукоўцы з Мангайму пакуль не расцэньваюць апошнія заявы абодвух лідэраў як нешта надзвычайнае.

Палітоляг Мангаймскага ўнівэрсытэту Астрыд Заам лічыць, што падобныя выпады рабіліся і раней. Сапраўднае стаўленьне маскоўскага лідэра да менскага было вельмі заўважнае. У сваю чаргу, і Лукашэнка дазваляў сабе нейкія шпількі на адрас Пуціна, — маўляў, прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць.

(Заам: ) “Калі б Пуцін сказаў што-небудзь канкрэтнае не ў дачыненьні да расейска-беларускага саюзу, а ў дачыненьні да міжнароднай палітыкі ў цэлым, то гэта б можна было б разглядаць як сапраўдную сэнсацыю. Зразумела, апошняя крытыка Пуціна адрозьніваецца жорсткасьцю, аднак з гледзішча тэматыкі тут няма нічога новага. Усе пытаньні, што тычаць расейска-беларускай інтэграцыі, былі даўно пастаўленыя, і падобны канфлікт ня можа быць для аналітыкам чымсьці нечаканым”.

Паводле Астрыд Заам і яе калегаў з Мангаймскага цэнтру палітычных дасьледаваньняў, на цяперашні момант крытыку Масквы на адрас Менску рана разглядаць як сыгнал таго, што расейска-беларускія стасункі мяняюцца. Хаця з боку Захаду і робяцца актыўныя спробы прыцягнуць Пуціна да беларускага пытаньня.

(Заам: ) “Вядома, можна дадаць, што апошні час было шмат размоваў адносна Беларусі на ўзроўні Пуціна і Буша, на ўзроўні нямецка-расейскіх дачыненьняў. Такім чынам, якасна новае партнэрства Расеі з ЗША і Эўразьвязам стварае пэўную глебу да зьмены ў стаўленьні расейскага кіраўніцтва да беларускага. Хаця ўсё гэта пакуль не прывяло Маскву да нейкай актыўнай пазыцыі. Калі беларуская апазыцыя інтэрпрэтуе апошнюю заяву Пуціна на сваю карысьць, то гэта заўчасна”.

Адрозна ад сваіх бэрлінскіх калегаў, мангаймскія экспэрты разглядаюць цяперашні расейска-беларускі канфлікт у зьвязку з прыватызацыяй беларускай прамысловасьці.

(Заам: ) “Мне здаецца, усё рухаецца і будзе рухацца вакол гэтага пытаньня. Альбо Лукашэнка капітулюе, альбо будзе вялікі канфлікт. Трэба зыходзіць з таго, што Расея ўсё ж хоча ў наступным годзе ўступіць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю, і таму яна ня зможа дазволіць сабе аб’яднаньне зь дзяржавай, якая мае зусім іншую эканоміку. У гэтым зьвязку ўжо бачныя тэндэнцыі да канфлікту паміж палітычным кіраўніцтвам Беларусі і беларускім дырэктаратам, які больш адкрыты для расейскіх патрабаваньняў”.