Як піша маскоўскі карэспандэнт “Frankfurter Allgemeine” Маркус Вэнэр, тое, што дагэтуль Крэмль падтрымліваў беларускае кіраўніцтва, выклікала пэўны недавер з боку ЗША і Эўразьвязу. Нядаўняя заява Пуціна адносна расейска-беларускіх дачыненьняў стала першай за апошнія месяцы адкрытай крытыкай Крамля на адрас Аляксандра Лукашэнкі — тым ня менш, яна не разглядаецца экспэртамі як нешта надзвычайнае.
Выказаўшы нарэшце сваю пазыцыю адносна расейска-беларускага аб’яднаньня, Масква, праўдападобна, пакончыла з ружовым ілюзіямі Менску адносна палітычнай самастойнасьці й адначаснай эканамічнай залежнасьці. Пуцін даў дакладна зразумець менскаму кіраўніку, што адхіляе ўсе прапановы наконт права вэта для Беларусі. Паводле нямецкіх аналітыкаў, Расея лічыць сябе дастаткова вялікай і моцнай краінай і не зьбіраецца аддаваць свае нацыянальныя правы нейкім незразумелым наднацыянальным органам, а тым больш Лукашэнку.
Рэакцыя Пуціна на дзесяцігадзінную размову з Аляксандрам Лукашэнкам настала праз пару дзён пасьля Пецярбургу. Вядома, што пасьля сустрэчы Лукашэнка выказаўся накшталт таго, што Беларусь адрозна ад Расеі мае іншыя ідэалёгію і парадак, зь якімі маскоўскі лідэр ня згодны, — піша “Frankfurter Allgemeine”. Як падкрэсьліваюць аглядальнікі, відавочна, што Пуцін не зьбіраецца дапускаць Лукашэнку ў расейскія справы. Як лічаць экспэрты з Фонду нямецкай палітыкі, відавочна, што Лукашэнка сёньня перашкаджае Пуціну, ягонай празаходняй палітыцы.
Паводле аналітыкаў, Масква падкрэсьлена дэманструе, што ня хоча рабіць нейкі ціск на суседнюю сувэрэнную дзяржаву. Тым часам, Лукашэнку не застаецца нічога іншага, як адпавядаць новай крамлёўскай лініі альбо ў выніку эканамічнага абвалу краіны прасіцца ў склад Расеі.