Інтрыгі вакол падзелаў Рэчы Паспалітай. Станіслаў Аўгуст і Кацярына

Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае пісьменьніца Вольга Іпатава

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Гісторыя народаў сьвету, і беларусы тут не выключэньне, сьведчыць, што дзеля дасягненьня палітычных мэтаў удзельнікі дзяржаўнага жыцьця плятуць павуціньне інтрыгаў, не цураюцца авантураў і не заўсёды маральна чыстых гульняў. Здаралася і так, што вонкава зусім бяскрыўдная інтрыга перарастала ў гульню такога шырокага маштабу, яна заходзіла так далёка, што вырашала лёс цэлай нацыі на стагодзьдзі наперад.

Якую інтрыгу такога вось палёту можна перадусім вызначыць у беларускай гісторыі? Гэтае пытаньне я задаю пісьменьніцы, аўтарцы шматлікіх гістарычных раманаў, аповесьцяў, п’есаў Вользе Іпатавай. І адразу зазначаю для слухачоў, што сюжэтныя пабудовы ейных твораў грунтуюцца на палітычных інтрыгах, гульнях, авантурах”.

(Вольга Іпатава: ) “Гісторыя дае шмат прыкладаў, калі дзеля вялікай палітыкі ахвяруюць маральнасьцю, сямейнымі сувязямі, каханьнем. І тое, што для звычайнага чалавека ўяўляецца вялікай каштоўнасьцю, у палітычнай гульні абсалютна ня мае ніякага значэньня. Вельмі часта вялікая палітыка, як сьведчаць факты, пралягала праз ложак.Сярод самых складаных, шматгадовых і шматходавых інтрыгаў, якія мелі самыя істотныя наступствы для нацыі, я назвала бы падзелы Рэчы Паспалітай і сярод іх — канчатковы акт здачы адной дзяржавы другой на гэтак званым “маўклівым” паседжаньні сойму, які адбыўся 24 верасьня 1793 году ў Горадні”.

(Ракіцкі: ) “Спадарыня Вольга, вашыя апанэнты, а беларуская савецкая гістарычная навука на гэтым і стаяла, скажуць, што для Беларусі, ці тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага, трагічны вынік быў немінучы: нават вельмі перадавая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 траўня 1791 году канчаткова скасоўвала аўтаномію ВКЛ і абвяшчала стварэньне ўнітарнай дзяржавы з агульнымі выканаўчымі органамі ўлады, бюджэтам і войскам. З тагачасных пазыцыяў гэта выглядала як умацаваньне краіны, якая гінула ў выніку тых супярэчнасьцяў, якія разьдзіралі яе як звонку, гэтак і знутры”.

(Іпатава: ) “І тым ня меней, факты сьведчаць, што скасаваньне аўтаноміі ВКЛ было часткай інтрыгі, якая мела на мэце здачу цэлай дзяржавы, каб не вазіцца пасьля яшчэ і зь нейкімі там аўтаноміямі. Самым пачаткам гэтай вельмі пасьпяховай найперш для Расеі, а пасьля і для Прусіі з Аўстрыяй інтрыгі я лічу нават не ўзьвядзеньне на трон пры дапамозе Расеі Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Інтрыга была шматходавая. Першыя крокі да зьнішчэньня Рэчы Паспалітай былі зробленыя яшчэ пры каралі і курфюрсьце саксонскім Аўгусце ІІ Моцным, калі ягоныя правы падтрымалі Расея і Прусія, а на “нямым сойме” 1 лютага1717 году ўсталявалі пратэкцыю расейскага цара над Рэччу Паспалітай. Хаця, вядома, захопнікі набывалі смак у працэсе таго, як слабела Рэч Паспалітая, асабліва ж, вядома, пры апошнім каралі (які, імкнучыся да трону, зусім, мабыць, ня думаў, што ён будзе апошнім)”.

(Ракіцкі: ) “Мяркую, што зараз самы час крыху распавесьці пра асобу караля Польшчы і Вялікага князя Літоўскага Станіслава Аўгуста”.

(Іпатава: ) “Прыгажун, сакратар ангельскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу, якога прыўлашчыла яшчэ вялікая княгіня Кацярына, прыйшоў да польскага трону ў многім дзякуючы ейнай падтрымцы, калі яна стала расейскай гасударыняй і займела патрэбныя дзеля гэтага сілы і рэсурсы”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што яна паспрыяла атрыманьню ім польскага трону і літоўскага пасаду на знак удзячнасьці за каханьне?”

(Іпатава: ) “Не, не таму, што яна кахала гэтага слабавольнага аматара зямных задавальненьняў і нават мела ад яго дачку. Гэта быў палітычны крок, які спрацаваў — на такога караля іншай краіны лёгка было ўплываць. І нават тады, калі ён спрабаваў вырвацца зь ейных путаў, яго ўсё роўна лічылі “ўзурпатарам” і стварылі супраць яго Барскую канфэдэрацыю. Але зноў умяшальніцтва Расеі, мяцеж падаўлены, і адбыўся першы падзел дзяржавы. Кацярына прыхапіла першыя кавалкі нашай зямлі”.

(Ракіцкі: ) “Усё адбывалася паводле ёй прыдуманага сцэнару? Ён што, нічога не разумеў? Ён ня мог паўплываць на падзеі? Урэшце зрабіць хоць нейкі крок насуперак? У чым прычына? Няўжо каханьне, дакладней, жарсьць, якая так часта скручвае мужчыну і забірае ў яго апошні розум?”

(Іпатава: ) “Якая жарсьць, калі ён стаў каралём? Прайшлі гады. Ён проста ня мог вырвацца з магутных абцугоў магутнай дзяржавы, якая мела магутныя рэзэрвы, якая была ў хаўрусе з Аўстрыяй і Прусіяй. Ён разумеў, што адбываецца, але ў яго ўжо не было сілаў і палітычнай волі. Дарэчы, у іх была апошняя сустрэча ў 1793 годзе пад Каневам. Ён прапанаваў ёй сустрэчу проста як князь Панятоўскі. Ён хацеў ёй нагадаць пра каханьне, але яна заняла жорсткую пазыцыю. Яна загадала яму сказаць, што сустрэнецца зь ім як з каралём іншай дзяржавы. Гаварыла яна зь ім усяго толькі тры гадзіны ў прысутнасьці іншых. Ён не атрымаў ад яе літасьці, на якую разьлічваў. Быў жорсткі разьлік.

Яна, дарэчы, абяцала яму прытулак, але ня выканала сваіх абяцаньняў: на ейны загад ён пасьля ўсіх падзеяў выехаў у Горадню і жыў там жа, дзе адбыўся надзвычайны сойм, пасьля якога ягоная краіна фактычна была перададзеная ў чужыя рукі. Там ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і падпісаў адрачэньне ад трону на карысьць Кацярыны, але гэта было ўжо аформлена толькі дэ-юрэ. Пасьля сьмерці імпэратрыцы ў 1796 годзе яго “пашкадаваў” Павал: даў яму ўтрыманьне ў Санкт- Пецярбургу, дзе былы кароль не адчуваў уціску і жыў у дастатковай раскошы. Там ён і памёр, пахаваны ў касьцёле сьв. Кацярыны, пасьля,у 1938 годзе, быў перазахаваны ў Волчыне, сваім родавым памесьці на Берасьцейшчыне, а ў першыя гады незалежнасьці ягоныя парэшткі былі перададзеныя палякам. Тое, што ён памёр даволі рана, у 66 гадоў, можа сьведчыць як аб ягонай скрусе, так і аб наступствах раскошнага жыцьця, у якім было шмат каханак і шмат задавальненьняў”.

(Ракіцкі: ) “Але давайце вернемся да вяршыні ганьбы Станіслава Аўгуста і аднаго з самых чорных дзён у беларускай гісторыі. Да надзвычайнага сойму ў Горадні. Там, дарэчы, спрацавала яшчэ адна інтрыга, распрацаваная задоўга да скліканьня сойму”.

(Іпатава: ) “Яшчэ некалькі цікавых асобаў з польскага боку пачалі сваю інтрыгу задоўга да Гарадзенскага сойму. Напачатку, 14 траўня 1792 году, была створаная гэтак званая Таргавіцкая канфэдэрацыя, дзе завадатарамі былі вялікі каронны гетман Ксаверы Браніцкі, польскі гетман Севярын Ржэвускі і Шчэнсны Патоцкі. Канстытуцыя ўшчаміла іхныя правы, і яны хацелі яе скасаваць, спадзеючыся на дапамогу Расеі. Са згоды канфэдэратаў Прусія і Расея ўвялі ў Рэч Паспалітую свае войскі”.

(Ракіцкі: ) “І якія ж тэрыторыі яны захапілі?”

(Іпатава: ) “Вядома, нашыя, беларускія — Браслаў, Вушачы, Бабруйск, Глуск, Нясьвіж, Наваградак, Слонім. Было падрыхтаванае і прапагандысцкае забесьпячэньне — гэта, маўляў, “ісконные русскіе землі” вяртаюцца ў сваю дзяржаву. 28 чэрвеня 1792 году войскам Крэчэтнікава была занятая Вільня, 6 ліпеня войскам Даўгарукава — Горадня. Камэндант яе Забэла, маючы 14-тысячнае войска, ня процідзейнічае гэтаму. Чаму? Ды таму, што ён ведае пазыцыю караля і найбуйнейшых магнатаў. Кароль не заклікае да супраціўленьня , усюды разгубленасьць, мітрэнгі, звады… 28 лістапада ў Горадню прыяжджае Міхаіл Кутузаў. 1 сакавіка — Якаў Северс, якога таргавічане сустрэлі аружэйным салютам. 22 красавіка сюды прыехаў кароль, яго таксама сустракалі аружэйным салютам, аднак, расейскі пасол, назваўшыся хворым, пры тым не прысутнічаў”.

(Ракіцкі: ) “Інакш кажучы — тыя, хто павінен быў думаць пра краіну і яе лёс, думаў пра сябе, пра тое, каб адплаціць суперніку, каб самому заняць трон, няхай усё больш прывідны”.