Свойскія жывёлы. Сабака

Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае: археоляг Алег Трусаў

(Ракіцкі: ) “Сабака — сябар чалавека”; “дурны сабака і на гаспадара брэша” — дзьве прымаўкі, якія выключаюць адна другую. Якая зь іх найболей адпавядае беларускаму ўсьведамленьню ролі ў жыцьці чалавека сабакі?”

(Трусаў: ) “Сабака ўвесь час быў увасабленьнем лаянкі. І само слова “лаянка” азначае: “гаварыць па-сабачы”. У Беларусі да сабакі заўсёды было адмоўнае стаўленьне, і толькі ў ХХ ст. савецкія псыхолягі захацелі гэты стэрэатып зьмяніць. У выніку сабака стаў выконваць “вельмі важную” функцыю для чалавека: узьніклі санітарныя сабакі, службовыя і г. д.”.

(Ракіцкі: ) “Мой госьць — гісторык і археоляг Алег Трусаў. Спадар Трусаў, калі ж зьяўляецца сабака ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “У сьвеце сабаку прыручылі людзі яшчэ ў часы верхняга палеаліту (30–40 тыс. гадоў таму, а ў Беларусі ўпершыню рэшткі косткаў сабакі знайшлі на стаянках нэаліту (5 тыс. гадоў да н. э.). Дарэчы, сабака прыйшоў у Беларусь разам са сьвіньнёй”.

(Ракіцкі: ) “…і гэта жа, як і свіньня, сабака меў адмоўны вобраз у людзей. Спадар Трусаў, а вось у стараславянскай мове ўжывалася зусім іншае слова — “пёс”. Яно сёньня ўжываецца ў расейскай мове. Калі ж гэтае слова ў нашай мове было замененае на “сабаку”?”

(Трусаў: ) “У часы сярэднявечча слова “пёс” зьнікае з нашай мовы, і застаецца толькі слова “псіна”, якое азначае велізарнага сабаку, альбо непрыемны пах. Усё астатняе ўжо замянілася словам “сабака”, і паколькі “пёс” — ён, то і сабака ў беларусаў — ён, а не яна, як у расейскай мове. І ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага ўжываецца толькі слова “сабака”, а слова “пёс” альбо “пес” зьнікае канчаткова”.

(Ракіцкі: ) “У Статуце ажно тры артыкулы прысьвечаныя сабакам. Асабліва мяне ўразіў дванаццаты артыкул — “Цана сабакам”, дзе вызначаюцца дванаццаць тыпаў сабакаў у Беларусі:

“За ланцуговага дамашняга сабаку – тры капы грошаў, за ганчака загоншчыка зьвярынага – тры рублі грошаў, за бабровага сабаку – тры рублі грошаў, за курча і харта – тры капы грошаў, за выжла – дзьве капы грошаў, за лайку на зьвера – тры капы грошаў, за шчаю – паўтары капы грошаў, за выжла падстрэлчага – тры капы грошаў, за сабаку абсочнага – тры рублі грошаў, за медзялянскага сабаку – тры рублі грошаў, за харта падсакольнага – тры рублі грошаў.”

(Трусаў: ) “Трэба дадаць, што некаторыя беларускія назвы сабакаў дажылі, нягледзячы на русіфікацыю, да нашых дзён: словы “хорт” і “выжла”. “Хорт” — тое ж, што па-расейску “борзая” — сабака-паляўнічы з доўгімі нагамі, выгнутай сьпіною, даўгім хвастом, які яшчэ называўся “ганчак”.

(Ракіцкі: ) “Пра паляўнічага сабаку літаратура захавала шмат цікавых успамінаў, згадак пра тое, як палявала шляхта, як ставіліся да сабакаў, якую ролю выконвалі сабакі. Паляваньне — адна з самых папулярных забаваў беларускай шляхты”

(Трусаў: ) “Дарэчы, сабакі далучыліся і да зьнішчэньня беларускай экалёгіі. Так, напрыклад, дзякуючы сабакам у сярэдзіне ХVIІІ ст. былі зьнішчаныя тарпаны — старажытныя беларускія коні, а ў пачатку ХХ ст. былі зьнішчаныя высакародны алень, расамаха і чорны заяц”.

(Ракіцкі: ) “А якія яшчэ тыпы сабакаў былі гістарычна важныя для беларусаў, спадар Трусаў?”

(Трусаў: ) “Гэта службовы сабака, а пачынаючы з ХVI ст. ужо зьяўляюцца і пакаёвыя сабакі для забаваў багатых людзей. Прыкладам, у Статуце дванаццатым артыкулам згадваецца “медзялянскі сабака” — сабака зь Міляну, балёнка — сабака з Балёніі. Такім чынам, у пачатку ХVI ст. зьяўляюцца новыя функцыі ў сабакі — службовая і пакаёвая. Службовага сабаку Статут называе “ланцуговым дамашнім сабакам” — сабакам, які сядзіць на ланцугу і пільнуе”.

(Ракіцкі: ) “Карацей, галоўнай функцыяй было пільнаваць, вартаваць дом ці двор. А яшчэ якія функцыі выконвалі службовыя сабакі, магчыма, ужо пазьней?”

(Трусаў: ) “У ХХ ст. службовая функцыя наогул выйшла на першае месца, таму што паляваньне зьнікла. Таталітарны рэжым вельмі палюбіў сабакаў, бо сабакі ахоўвалі зьняволеных. Фашысты нават вывелі аўчарку — нямецкую аўчарку, спэцыяльнага сабаку супраць чалавека, які драў людзей. Аўчарак потым запазычылі энкавэдысты, калі ў ГУЛАГу ахоўвалі зьняволеных.

Другая службовая функцыя сабакі — ваенная: у другую сусьветную вайну існавалі сабакі-санітары, якія ратавалі параненых, былі таксама памежныя сабакі. Дарэчы, у музэі Берасьцейскай крэпасьці ёсьць унікальны здымак, на якім сабака — ён забіты ў той час, калі цягне параненага ці, магчыма, ужо забітага памежніка. Чым не прыклад самаахвярнасьці: выратоўваў жыцьцё і загінуў сам. Яшчэ былі сабакі-тэрарысты, сабакі-мінёры — да якіх прывязвалі міну і пускалі пад танк. Сабака падрываўся разам з танкам. Былі таксама сабакі-павадыры для сьляпых людзей… Гэта ўсё розныя функцыі службовых сабакаў”.

(Ракіцкі: ) “І нават тут, гаворачы пра ХХ ст., мы бачым, што ўсё ж такі беларусы не любілі сабакаў. Яны іх кідалі пад танкі й гэтак далей. Ці не адтуль гэтыя прымаўкі, устойлівыя выразы, такія як “сабачае жыцьцё”, а пра дрэннага чалавека — “злы, як сабака”?”

(Трусаў: ) “Магу дабавіць прымаўкі: “сабакам сена касіць”, “сабаку пад хвост”, “у сабакі вачэй пазычыць” — усе яны зьвязаныя зь сялянскім фальклёрам ХІХ–ХХ стст. Шляхта ж настолькі любіла сваіх сабакаў, што пагарджала простым чалавекам. Шляхецкі сабака жыў значна лепш за простага чалавека, добрыя псарні былі вельмі дарагія. І пра некаторых шляхцічаў казалі, што яго “сабакі зьелі”. Гэтыя шляхцічы разарыліся на сабаках, ня могучы ўтрымліваць сотні сабакаў. Лічылася, што чым больш у цябе сабакаў, тым больш ты “круты” і заможны. Таму сяляне нэгатыўна ставіліся да пакаёвых і панскіх сабакаў”.

(Ракіцкі: ) “Сялянскае ўсьведамленьне, напэўна ж, падхапіла і дзяржава. Глядзіце, у тым жа Статуце мы назіраем некалькі разьдзелаў, у якіх рэглямэнтуюцца штрафы, падаткі на сабакаў. Паслухайце невялічкі фрагмэнтык:

“... калі б у каго дваровы сабака або жывёліна якую шкоду чыніла ў навакольлі, а той гаспадар дому, ведаючы аб тым, не хацеў тую жывёліну вартаваць або сабаку трымаць на прывязі, тады такі будзе абавязаны ўсю шкоду, нанесеную па суседству гэтай жывёлінай або сабакам, плаціць і пакрываць, аб чым павінны быць прыведзены належныя доказы. Калі ж такая жывёліна пашкодзіла што якому чалавеку, тады такая жывёліна павінна быць выдадзена таму, каго пашкодзіла.”

(Трусаў: ) “Беларусь была адной зь першых краінаў у Эўропе, якія ўвялі спэцыяльныя падаткі на сабакаў. Цяпер гэтае ж самае з посьпехам робіць сучасная Рэспубліка Беларусь. Прыкладам, у Менску ўсіх сабакаў абклалі падаткамі ў залежнасьці ад іх вышыні. І куды ідуць тыя падаткі, ніхто ня ведае: быццам бы на сабачыя пляцоўкі. Але паспрабуйце знайсьці ў якім-небудзь раёне пляцоўку для выгулу сабакаў…”

(Ракіцкі: ) “Сёньня ва ўсім сьвеце ідзе змаганьне — асабліва шчыруюць так званыя “зялёныя партыі” — за добрае стаўленьне да жывёлаў, у тым ліку і да сабакаў. А ці не гістарычная нелюбоў да іх выяўляецца сёньня ў такой вялізнай колькасьці бадзяжных сабакаў? Усё ж няма ніякай літасьці да нашых братоў меншых: мы ж параўноўваем сябе з сабакамі часта”.

(Трусаў: ) “Так, маеце рацыю. У Беларусі стаўленьне да ката значна лепшае, чым да сабакі. Больш за тое, зноў адрадзілася слова “сабакар”, якое раней азначала чалавека, што ў шляхціча разводзіў і гадаваў сабакаў. У савецкі час гэтае слова набыло адмоўны характар: “сабакар” — багаты чалавек, які трымае сабакаў дома ў той час, калі простаму чалавеку няма чаго есьці. Гэты ж чалавек шкодзіць суседзям, бо трымае сабаку ў кватэры (савецкай ці беларускай), што вельмі непрыемна для іх (патыхае псінай, сабака можа пакусаць і г. д.)”.

(Ракіцкі: ) “…а мяне разбудзіў сёньня ня сьвет сабака…”

(Трусаў: ) “Так. Таму адмоўны стэрэатып, нягледзячы на савецкія спробы яго зьмяніць і выгадаваць станоўчыя эмоцыі да службовага сабакі — прыкладам, фільм “Да мяне, Мухтар!” — застаўся нязьменным. А калі задумацца, навошта было яго мяняць на станоўчы? А затым, каб дзіцёнак выхоўваў сабаку з малых гадоў, у войска прывёў ужо дрэсіраванага сабаку, а дзяржава ня траціла грошай на дрэсуру. Было вельмі модна ў другой палове ХХ ст.: піянэр выхоўвае сабаку, потым іх разам прызываюць у войска, і хлапец ідзе ў памежнікі разам са сваім сабакам.

Аднак адмоўны стэрэатып да пакаёвага сабакі ў простага селяніна зь вёскі застаўся на ўсё жыцьцё. Ён лічыць, што сабака павінен жыць у будзе на ланцугу, а ня ў хаце. І паспрабуйце гэты стэрэатып зьмяніць!”

(Ракіцкі: ) “Напэўна, таму сёньня бяруць летам на лецішча сабаку, якую восеньню выкідваюць бязь літасьці…”

(Трусаў: ) “…і ён бадзяецца. Адсюль і шаленства. Цяпер у нас існуюць цэлыя зграі шалёных сабакаў. Гэтую праблему трэба вырашаць заканадаўча, аднак новы закон аб жывёлах яе ня вырашыў”.