(Ракіцкі: ) "Сёлета беларуская грамадзкасьць магла б адзначыць адзін даволі круглы юбілей. Але, на жаль, 125-годзьдзе менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі прайшло незаўважаным, не адзначаным нават сьціплай згадкай. Ну, сапраўды, якая нам справа да нейкага там сельскагаспадарчага таварыства ў царскай Расеі? Між тым, калі прыгледзецца пільна, гэты юбілей надзвычай важны ня толькі для нашай акадэмічнай гісторыі, але і для лепшага разуменьня сёньняшняга дня.Чаму?"
(Белы: ) "Менскае Таварыства Сельскай Гаспадаркі (або па-польску Minskie Towarzystwo Rolnicze) было першай і да самай рэвалюцыі 1905 году адзінай не кантраляванай расейскім урадам, але легальнай грамадзкай арганізацыяй ня толькі ў Менскай губэрні, але і ва ўсёй Беларусі. Як сёньня кажуць — няўрадавай арганізацыяй. Можна сказаць, першай ластаўкай, папярэднікам усяго сёньняшняга "трэцяга сэктару" ў Беларусі".
(Ракіцкі: ) "Маім госьцем — гісторык Алесь Белы. Дык што, у Беларусі тады наагул не было грамадзкіх арганізацыяў?"
(Белы: ) "Яны нібыта былі, хаця й вельмі мала, яле якія? Таварыствы лекараў ці якіх-небудзь пажарных. Як за савецкім часам ДТСААФ і таго ж кшталту. Цалкам падкантрольныя ўраду. А нашае Таварыства, якое адсоткаў на 90 складалася з заможнай каталіцкай шляхты, у праўрадавых сымпатыях не западозрыш".
(Ракіцкі: ) "А як і навошта тое Таварыства было арганізаванае?"
(Белы: ) "Спачатку трэба ўявіць сабе атмасфэру ў Беларусі ў 1876 г. Паўстаньне 1863 г. разгромленае, тысячы ўдзельнікаў эмігравалі ці ўцяклі за мяжу, маёнткі канфіскаваныя, касьцёлы зачыненыя, у край з Расеі хлынула навала з чыноўнікаў-русыфікатараў і папросту авантурных шукальнікаў лёгкай здабычы.
Ані слова пра былую "залатую шляхецкую вольнасьць", соймікі ды выбары. Тыя са шляхты, хто ацалеў, зашыліся па маёнтках, зь якіх яшчэ доўга, цэлыя 34 гады, мусілі плаціць кантрыбуцыю царскаму ўраду. На тое і забраны край. Гора пераможаным! Гэта ў сябе дома пераможцы заводзяць земствы, пачынаюць судовую рэформу, студэнты чытаюць марксысцкую літаратуру, народнікі рыхтуюць забойства цара, каб адразу пачаць свой "чорны перадзел".
У нас жа ўсё пакуль глуха і ціха. Цара, праўда, неўзабаве ўдалося забіць, а "чорны перадзел" давялося адкласьці яшчэ на 40 гадоў. Вось у такіх варунках тагачасны міністар унутраных справаў Расеі Леў Савіч Макаў, які атрымаў ад ураду два канфіскаваныя маёнткі ў Ігуменскім павеце, каля Мар'інай Горкі, вырашае паказаць прыклад узорнага расейскага гаспадараньня — на беларускай зямлі.
Гэты піянэр расейскай культуры склікае іншых ўладальнікаў канфіскаваных маёнткаў і прапануе ім стварыць Таварыства, што і было зроблена 20 жніўня 1876 г. Галоўнай задачай Таварыства абвяшчаецца як найхутчэйшае пашырэньне расейскай уласнасьці ў краі — задача, надзвычай актуальная і сёньня".
(Ракіцкі: ) "Такім чынам, гэта была ініцыятыва начальства?"
(Белы: ) "Так, і не абы-якога! Міністар унутраных справаў усёй трыадзінай Расеі! Плюс "прадвадзіцель каманчаў" — у сэнсе дваранства Менскай губэрні — гаспадзін Паўлаў. Хочаш ня хочаш, а чыноўны люд, у якога была хоць якая дзесяціна зямлі, стаў у чаргу, каб запісацца. У статуце было запісана, што каталіцкая шляхта ня мае права быць сябрамі Таварыства, то яе пачаткова і не было. Таму справы ў новай арганізацыі ішлі сяк-так.
Сябры, паводле даўняй расейскай традыцыі, канкрэтнымі справамі займацца не хацелі і ад сяброўскіх складак ухіляліся. Таварыства пакрысе развальвалася. І вось менскі губэрнскі каманч Паўлаў, чалавек больш прагматычны і меней дагматычны, чым міністар Макаў, прыходзіць да высновы, што безь мясцовых землеўладальнікаў, якія жывуць у краі апошнія гадоў гэтак 400–500, нічога не атрымаецца.
Тады статут вырашаюць падправіць і запрасіць хаця б самых надзейных з ганарлівых шляхцюкоў. Здарылася гэта ў 1878-м, і налічвала тады абноўленае Таварыства 64 чалавекі. Праз 25 год, калі зь вялікім размахам адзначаўся першы юбілей, а значыць роўна 100 год таму, іх было ўжо 675!"
(Ракіцкі: ) "І што гэта былі за людзі?"
(Белы: ) "За выняткам невялікай колькасьці прарасейскай арыентацыі землеўласьнікаў, абсалютную большасьць складалі "польска-каталіцкія паны-прыгнятальнікі", людзі, якія не прымалі самай "перадавой" на той час гуманітарнай тэорыі — марксызму. Перакананыя прыхільнікі прыватнай уласнасьці, зацікаўленыя ў захаваньні свайго прывілеяванага становішча, але і заклапочаныя тым, якімі сродкамі гэтага дабіцца.
Паншчына і аброк былі скасаваныя разам з прыгонам, цана сялянскай працы няўхільна расла — трэба было думаць, як захаваць высокі ўзровень прыбыткаў. Палепшыць племянны статак і семянны фонд? Завезьці машыны з Ангельшчыны ды Нямеччыны? Укараніць найбольш прыбытковыя культуры?
Вось такімі нецікавымі, непалітычнымі, нерамантычнымі і негуманітарнымі пытаньнямі займалася наша першая няўрадавая арганізацыя. Таварыства, па-сутнасьці, было свайго кшталту "прафсаюзам абшарнікаў". А сярод ягоных сяброў бывалі розныя людзі, але я хацеў бы спыніцца перадусім на трох, якія пакінулі самы яскравы сьлед ня толькі ў дзейнасьці Таварыства, але ў гісторыі Беларусі ўвогуле.
Гэта — Эдвард Вайніловіч, Караль Чапскі й Раман Скірмунт. Зорная каманда Minskiego Towarzystwa Rolniczego — тэхноляг, эканаміст, юрыст. Калі б якая-небудзь краіна мела гэткі ўрад хоць пару гадоў, яна магла б абагнаць азіяцкіх тыграў па тэмпах росту".
(Ракіцкі: ) "Гэта той Эдвард Вайніловіч, які ў памяць сваіх заўчасна памерлых дзяцей пабудаваў менскі касьцёл Святых Сымона і Алены?"
(Белы: ) "Той самы. Але ён шмат чаго іншага зрабіў. Абраны віцэ-старшынём Таварыства ў 1888 годзе (бо старшынём мог быць толькі расейскі чыноўнік, тады менскі губэрнатар князь Трубяцкі), ён фактычна кіраваў ягонай дзейнасьцю, пакуль яе не перапыніла першая ўсясьветная вайна і рэвалюцыя.
Вайніловічы былі старадаўнім беларускім родам, вядомым з 16 стагодзьдзя. Эдвард, народжаны ў менскай Сьляпянцы ў 1847 годзе, належыў да дзясятага іхнага пакаленьня. Адзінаццатым сталіся ягоныя дзеці, якія трагічна памерлі. 400 год каліва да каліва зьбіралася сямейная фартуна Вайніловічаў, а зруйнавалася вельмі хутка".
(Ракіцкі: ) "Вось як сам Вайніловіч узгадваў тыя гады:
"Валодаючы беларускай мовай гэтак жа добра, як і польскай і стала ўжываючы яе ў стасунках зь вясковымі працаўнікамі ў сваёй гаспадарцы, я некалькі дзесяцігодзьдзяў падтрымліваў сталы кантакт з усімі праявамі беларускага руху перадусім у Менску, дзе сустракаўся з Луцкевічам і Кастравіцкім, пазьней у Вільні і Петраградзе зь Іваноўскім, Шыпілам і г.д.
Беручы ў беларускіх згуртаваньнях сякі-такі матэрыяльны ўдзел, урэшце мусіў зь іх штораз выходзіць, бо распачатая ў іх праца, спачатку ў кірунку самапазнаньня і нацыянальнага адраджэньня — "Лучынка", "Саха", "Загляне сонца і ў наша аконца" — напрыканцы заўжды прымала сацыялістычныя кірунак і лёзунгі, якім, насуперак сваім перакананьням, служыць я ня мог".
(Белы: ) "Вайніловіч быў нефармальным лідэрам кансэрватыўнага крыла каталіцкай арыстакратыі Беларусі на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў, але яго кансэрватызм ня трэба блытаць зь цемрашальствам. Выдатна адукаваны – Слуцкая гімназія, у якой ён яшчэ засьпеў нямецка-кальвінісцкія парадкі, а пазьней Пецярбурскі тэхналягічны ўнівэрсытэт, Вайніловіч лёгка ўспрымаў тэхналягічныя і эканамічныя інавацыі".
(Ракіцкі: ) "Як бачым, ён вельмі зычліва ставіўся да беларускага руху".
(Белы: ) "Так, нягледзячы на кожнае чарговае ў ім расчараваньне, ізноў рабіў спробы навязаць зь ім кантакты, шукаючы ў ім стваральныя, а не разбуральныя элемэнты, якіх, на жаль, увесь час бракавала. У Дзяржаўнай Радзе Вайніловіч выявіў сябе выдатным дзяржаўным дзеячом, якога, нягледзячы на прынцыповыя разыходжаньні, вельмі паважаў, напрыклад, Сталыпін, зь якім ён калісьці пазнаёміўся менавіта празь дзейнасьць Таварыства".
(Ракіцкі: ) "А як гэта адбылося?"
(Белы: ) "Вайніловіч і ягоныя паплечнікі дбалі ня толькі пра паляпшэньне культуры сельскай гаспадаркі, але і пра наладжваньне выгаднага збыту ейнай прадукцыі, інвэстыцыяў у апрацоўчую прамысловасьць, а таксама пра страхаваньне сельскай гаспадаркі.
Вайніловічу ўдалося на перамовах са славутым расейскім прамысловым магнатам Марозавым, які, між іншым, быў генэральным дырэктарам Паўночнага Таварыства Страхаваньня ў Пецярбургу, дамагчыся надзвычай выгадных умоваў страхаваньня для Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі.
Атрымаўшы статус генэральнага прадстаўніка пецярбурскіх страхаўшчыкоў, менчукі імкнуліся засяродзіць у сваіх руках страхавую справу ва ўсёй Беларусі, Украіне і Літве, але яны ня здолелі паразумецца з абшарнікамі Ковенскай губэрні, адным зь якіх і быў Сталыпін".
(Ракіцкі: ) "Такім чынам, нават за царскім часам, нашыя лепшыя прадпрымальнікі й палітычныя дзеячы былі здольныя годна і на роўных весьці справы з такімі расейскімі "акуламі" як Сталыпін і Марозаў?"
(Белы: ) "Так, Вайніловіч быў фігурай менавіта такога маштабу. Але лёс, як гэта часта бывае, ня быў літасьцівы да гэтага волата. Спачатку сьмерць двух дзяцей, якая парвала нітку ягонага роду, але дзякуючы якой мы маем сёньня цудоўны Чырвоны касьцёл; потым жахлівы пагром Савічаў у Слуцкім павеце, радавой сядзібы Вайніловічаў на працягу 11 пакаленьняў — пагром, які 19–21 лютага 1918 г. учынілі рэвалюцыйныя салдаты і сяляне навакольных вёсак, загітаваныя бальшавіцкімі прапагандыстамі".
(Ракіцкі: ) "І зноў успамін Вайніловіча:
"Загінуў плён культурнай працы 11-ці пакаленьняў, загінула ўсё, што мы зьбіралі ад сярэдзіны 16 стагодзьдзя ў начыньнях, партрэтах, прадметах мастацтва, а галоўнае, у дакумэнтах, упарадкаваных і скаталягізаваных так, як гэта бывае хіба толькі ў славутых дзяржаўных архівах".
(Белы: ) "Актывісты прыйшлі дзяліць панскую зямлю, але ім гэтага было замала. Для поўнага трыюмфу народнай сьмехавой культуры трэба было зьнішчыць унікальныя рэчы: партрэты Вайніловічаў 16 стагодзьдзя, бібліятэку зь 5000 тамоў, разныя гданьскія крэслы — і магчыма, не ў апошнюю чаргу, каналізацыю, якой быў абсталяваны савіцкі маёнтак. Празь некалькі дзён у Савічах зьявіліся нямецкія войскі, якія схапілі завадатараў пагрому і хацелі павесіць, але Вайніловіч іх выратаваў. Ён разумеў, што нічога ўжо ня вернеш, і помста бессэнсоўная.
Адзначу, дарэчы, што пазьней у разрабаваным доме месьціўся штаб слуцкіх паўстанцаў. Вайніловіч памрэ ў Быдгашчы ў 1931 годзе, страціўшы ўсё — дзяцей, фамільны маёнтак, а галоўнае, краіну, аддадзеную ў рукі рабаўнікоў на невядома які час. Праз тыдзень пасьля падпісаньня ў красавіку 1921 г. Рыскага замірэньня, які падзяліў Беларусь, ён сабраў ацалелых на эміграцыі сяброў Менскага Таварыства, каб яго распусьціць.
Апроч Чырвонага касцёлу, раю тым, хто ня бачыў, паглядзець у нашым Нацыянальным музэі бронзавую пліту з радаводам 11-ці пакаленьняў, створанай на замову Эдварда".
(Ракіцкі: ) "Хто ў нас наступны на чарзе? Эканаміст?"
(Белы: ) "Ня менш знакавай фігурай, чым Вайніловіч, хаця і карацейшы час, быў Караль Гуттэн-Чапскі. На 13 гадоў маладзейшы за Вайніловіча (нарадзіўся ў 1860), але шмат у чым падобны да яго. Таксама грунтоўная нямецкая адукацыя: Cанкт-Анэн-Шуле ў Пецярбургу, потым Дэрпцкі ўнівэрсытэт, які скончыў ў 1882 г. са ступеньню кандыдата палітэканоміі і статыстыкі. Пасьля ўнівэрсытэту займаецца ўпарадкаваньнем гаспадаркі ў спадчынным Станькаве, таксама Менскай губэрні".
Славутым гаспадаром быў ужо ягоны бацька Эмэрык Гуттэн-Чапскі, які сабраў у Станькаве найлепшую картаграфічную калекцыю ня тое што ў Беларусі, але ва ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Ёй пашанцавала больш, чым Савіцкім зборам, цяпер яна захоўваецца ў Кракаве. Чапскі-малодшы шмат займаецца грамадзкай дзейнасьцю, таксама робіцца актыўным сябром Менскага Таварыства, не без падтрымкі якога ў 1890-м годзе, маючы ўсяго 30 гадоў, быў абраны менскім гарадзкім галавою.
11 гадоў ягонага знаходжаньня на пасадзе мэра нашай сталіцы — пэрыяд ці ня самых энэргічных рэформаў. Чапскі істынктыўна адчуваў будучы сталічны статус гораду і імкнуўся надаць яму эўрапейскі выгляд, бляск і саліднасьць ня горшую, чым мелі Вільня, Пецярбург ці Варшава: задача ня зь лёгкіх. Пры ім у горадзе зьявіліся электрычнае асвятленьне, конка, тэлефон, забрукавалі многія вуліцы, пабудавалі гарадзкія бойні, заклалі гандлёвую школу, рамесную вучэльню, 2-ю жаночую гімназію, — усяго не пералічыш.
Можна казаць, што пры ім за адно дзесяцігодзьдзе Менск зь вялікага, але бруднага мястэчка зрабіўся сапраўдным сучасным эўрапейскім горадам. Такіх тэмпаў культурнага разьвіцьця горад ніколі ня ведаў. Прычым, Чапскі часта фінансаваў гэтыя праекты не з гарадзкой, але з уласнай кішэні".
(Ракіцкі: ) "Вось як пісаў пра Чапскага Вайніловіч:
"Чалавек непаспалітых здольнасьцяў, энэргіі, ініцыятывы, шырокіх поглядаў, чалавек працы і незвычайнай моцы. Пасьля весела праведзенай у клюбе ночы, на доcьвітку сядаў на каня і гнаў у роднае Станькава за 5 міляў ад Менску, каб даць разгон эканому і вярнуцца ў горад, каб пасьпець на паседжаньне гарадзкой управы і абмеркаваць праекты, якія мусілі ў будучым запэўніць разьвіцьцё дабрабыту гораду. Магла дарога ад вакзалу да гораду быць завузкай, але ён яе выбрукаваў; мог электрычны генэратар ці вадаправодная помпа быць занадта слабымі, магла конка функцыянаваць дрэнна — але горад ужо ніколі не вярнуўся да дарогі сланай фашынамі, газавага асьвятленьня, да разьбітых амнібусаў і таго, каб вазілі ваду бочкамі".
(Белы: ) "На гэтай пасадзе Караль Чапскі зруйнаваў сваё здароўе і набыў шмат ворагаў. Забалятаваны на выбарах 1901, хворы на сухоты, ён зьехаў лячыцца ў Эўропу, але было ўжо запозна. Памёр у 1904, маючы ўсяго 44 гады, у Франкфурце-над-Майнам".
(Ракіцкі: ) "А ці засталося нешта яшчэ ў памяць пра Чапскага, апроч аднаго з гатункаў піва сталічнага бровару "Аліварыя"?"
(Белы: ) "На шчасьце, так. Той жа будынак "Аліварыі" на рагу Старажоўскай і Багдановіча, — выдатны помнік прамысловай архітэктуры, пабудаваны Чапскім у 1893 г. А таксама пабудаваны пры ім Менскі гарадзкі тэатар, зараз тэатар імя Янкі Купалы".
(Ракіцкі: ) "Хто ў нас апошні? Юрыст?"
(Белы: ) "Так, Раман Скірмунт. 1868 году народзінаў. Таксама буйны земляўласьнік Менскай губэрні: радавым гняздом Скірмунтаў было Парэчча ў Пінскім павеце. Падобная адукацыя: нямецкая гімназія ў Рызе, потым вывучэньне права за мяжой. У Менскім Таварыстве, актыўным сябром якога быў ужо ягоны бацька, — спачатку намесьнік, потым старшыня сэкцыі праблемаў Палесься.
Вялікі сымпатык беларускага руху, які ўсяляк падтрымліваў матэрыяльна, але разам з тым намагаўся засьцерагчы ад дэструктыўнасьці. У Дзяржаўнай Думе Расеі Скірмунт быў самым прынцыповым абаронцам прыватнай уласнасьці, самым пасьлядоўным апанэнтам сацыялістычных трызьненьняў".
(Ракіцкі: ) "Гэта неяк не стасуецца з кананічным вобразам беларуса..."
(Белы: ) "На жаль, у нас за прыкметы нацыянальнасці апошнія 100 зь нечым год выдаюцца стэрэатыпы, створаныя вульгарнымі сацыёлягамі ды этнографамі-марксыстамі 19 стагодзьдзя. Скірмунт, дарэчы, адзін з эпізадычных, але досыць важных пэрсанажаў трылёгіі Коласа "На ростанях". Адназначна нэгатыўны".
(Ракіцкі: ) "Але з усіх "краёўцаў", з усіх сяброў Менскага Таварыства Сельскай Гаспадаркі Скірмунт быў хіба найбольш зацікаўлены беларускім рухам?"
(Белы: ) "Ён актыўна намагаўся выпрацаваць нейкі кампраміс паміж культурнымі пошукамі "грамадоўцаў" і эканамічным прагматызмам "краёўцаў". Але ператварыць "прафсаюз абшарнікаў", які быў вельмі эфэктыўнай арганізацыяй, у такую ж эфэктыўную палітычную партыю "краёўцаў" ня здолеў. "Абшарнікаў" палохала радыкальная нацыянальная пераарыентацыя Скірмунта, да якой яны не былі гатовыя".
(Ракіцкі: ) "Скірмунт быў забіты ў сваім спадчынным маёнтку паводле выраку рэвалюцыйнага камітэту неўзабаве пасьля захопу Заходняй Беларусі Чырвонай Арміяй. Ініцыятарам выраку быў адзін зь сялянаў, раней справядліва пакараны за зьнішчэньне Скірмунтавай пасекі.
Узгадваюцца словы Юзафа Пілсудзкага: "Я сыйшоў зь цягніка сацыялізму на прыпынку незалежнасьці…" І дадамо: прыпынак быў хвілінным, "цягнік сацыялізму", злавесна пыхкаючы, набіраў хаду…"