(Ракіцкі: ) "Даўно мінулі тыя часы, калі чалавеку дастаткова было апрануць зьвярыную шкуру альбо павязаць на сьцёгны павязку. У іншыя эпохі адзеньне было своеасаблівым пашпартам чалавека, які паказваў на ягоныя пол, клясу, сацыяльны статус.
Сёньня ж фантазіі ў манеры апранацца няма межаў, нагавіцы ахвотна надзелі кабеты, і мужчыны ня супраць пераняць сёе-тое з жаночага гардэробу. Мода зрабілася адной з найбуйнейшых галінаў індустрыі, паламаўшы ўсе звыклыя стэрэатыпы й традыцыі.
І сярод гэтага бязьмежжа стыляў і варыянтаў ёсьць адзін, асаблівы, скрозь напоўнены нейкім унутраным, "нематэрыяльным" сэнсам — народны нацыянальны строй. Той касьцюм, што ўвабраў у сябе жыцьцёвыя пачуваньні й погляды нашых продкаў.
Пра сымболіку традыцыйнага беларускага ўбору й пойдзе нашая сёньняшняя гаворка".
(Валодзіна: ) "Чалавек упершыню апрануўся, каб укрыцца ад вонкавых непрыемнасьцяў — холаду, гарачыні, дажджу. Ужо ў гэтым бытавым успрыйманьні адзеньне стала аналягічным дому, жытлу. І чалавек тады жыве ў адзеньні, як у хаце, толькі хата гэтая носіцца на сабе. Яшчэ да індаэўрапейскіх глыбіняў сягае сымбалічнае атаясамленьне дому і самога чалавека з Космасам, адпаведна, структура Сусьвету як бы пераносіцца на структуру касьцюма і тым задае ягоныя сэнсы".
(Ракіцкі: ) "Як вядома, нашыя продкі дзялілі Сьвет на тры часткі — неба, зямлю і падзем’е. Ці не азначае гэта, што і ў структуры строю вылучаюцца тыя ж складнікі ды ідэі?"
(Валодзіна: ) "Неба, верх, крону як сымбаль мужчынскага пачатку ў народнай культуры дэманструе рытуальнае функцыянаваньне шапкі, ніз жа з традыцыйна жаночым ягоным успрыманьнем увасобіўся ў сымболіцы абутку.
А яшчэ ніз — гэта замагільле і шлях туды, таму і ўяўляўся лапаць ці як сымбаль пераходу на той сьвет ці як атрыбут самога нябожчыка. Кашуля як "прадаўжэньне" цела чалавека, ягоны "двайнік" — пасярэдніца між верхам і нізам".
(Ракіцкі: ) "Як бы хутка ні мянялася мода, але мы ўсё роўна носім нагавіцы, кашулі, шапкі ды хусткі. Сьвітка мадыфікавалася ў элегантны пінжак, гарсэт — у камізэльку, андарак — у спадніцу. Сталі значна карацейшыя мужчынскія кашулі, жанчыны навучыліся насіць споднюю бялізну. А што з традыцыйнага строю зьнікла зусім? Што засталося толькі ў сцэнічным убраньні ці ў музэйных шафах?"
(Валодзіна: ) "Перадусім, гэта фартух — элемэнт жаночага паяснога адзеньня, рэч дужа насычаная ў сымбалічным пляне. Як сьведчыць большасьць этнаграфiчных запiсаў, фартух дзяўчаты пачыналi насiць з дасягненьнем паўналецьця. Ён якраз і паказваў на іхную гатовасьць да шлюбу.
У першую чаргу праз генiтальную аднесенасьць сымболiка фартуха замяшчала iдэю жанчыны, iдэю нараджэньня — у фартух кiдалi чарапкi, каб бясплодныя жанчыны маглi зацяжараць, фартухом выцiралi сурочаных дзетак. Ды й вераваньні зьвязваліся перадусім з пытаньнямі каханьня ды зносінаў полаў: калi дарогай разьвяжацца пярэднiк — муж здрадзiў, страта фартуха паказвала на пэўную вольнасьць у жаночых паводзінах. Сымболіка ж парванага фартуха не выклікае сумненьняў:
Я ўстала рана-рана.
Гляджу — фартух разарваны.
Гляджу-гляджу туды-сюды,
Ажно вецер вее ўсюды".
(Ракіцкі: ) "Зьвяртае на сябе ўвагу колеравая характарыстыка традыцыйных фартухоў. У абсалютнай бальшыні гэта чаргаваньне чырвоных і белых палосаў, чырвоны арнамэнт на белым тле. Ці выпадковая такая камбінацыя, і ці можа яна мець працяг у іншых сымбалях?"
(Валодзіна: ) "Асабліва строгай была арнамэнтыка вясельнага фартушка. Рытмізаванае чаргаваньне чырвоных і белых палосак сымбалізавала радаводную эстафэту жыцьця на фоне вечнасьці. Але хацелася б зьвярнуцца да адметных палескіх запісаў. На Юр'я на Століншчыне нават у другой палове ХХ стагодзьдзя адбываўся наступны абрад:
"Зьбіраюцца дзеўкі і хлопцы і ідуць на жыто. Беруць граблі і почэпюць з одное стороны фартуха красного, а з другой — белого. Да ў вокно махаюць хвартухамі. То й дзе жалоба — то белым, а йдзе весело, то красным. А ім даем ужо хлеб, яйца, хто што мае".
Спалучэнне белага і чырвонага фартухоў, хаця і на граблях, фактычна паўтарае функцыянаваньне і сэмантыку бела-чырвона-белага сьцяга зь ягоным асноўным значэньнем сымбалічнай дэманстрацыі радаводных ідэяў".
(Ракіцкі: ) "Ну, а тыя нагавіцы, што зараз такія папулярныя ў жаночым гардэробе? Калісьці гэта было выключна мужчынскае адзеньне, і гэта, відаць, не магло не паўплываць на іхны сымбалічны сэнс".
(Валодзіна: ) "Сапраўды, нагавіцы выступалі як асноўны полавызначальны элемэнт i сымбалiзавалі самога мужчыну — у варожбах iх падкладвалi пад галаву; у любоўнай магii на Iвана абцягвалi вакол вёскi, каб хлопцы не хадзiлi да чужых дзяўчат; у зубах абносiлi вакол хаты i задумвалi iмя хлопца.
Калi муж памiраў, жонцы, каб не тужыла, рэкамэндавалi надзець ягоныя нагавіцы, цi сымбалiчна, умоўна зымiтаваць ягоную прысутнасьць. А іншым наглядна выражаным сымбалічным сэнсам штаноў ёсьць iхная абарончая моц, накiраваная на супрацьдзеяньне ўсiм магчымым праявам iншасьвету (штанамi выцiралi ад сурокаў ці выганялi чужога хлеўнiка)".
(Ракіцкі: ) "Кожны з нас яшчэ зь дзяцінства памятае казкі і сярод іх вядомую "Папялушку", калі зьмена адзеньня раўналася зьмене зьнешнасьці наогул ды рабіла чалавека непазнавальным. Але казкі — гэта ня толькі чыясьці таленавітая выдумка, але і адбітак архаічнага светагляду".
(Валодзіна: ) "Так, адзеньне — матэрыяльны фотаздымак чалавека, у ім — ягоная сацыяльныя, узроставыя і іншыя характарыстыкі. Таму пераапрануць чалавека ў слоўніку казкі — зьмяніць ягоны статус і тым перавярнуць ці нават пераўтварыць яго. Такога чалавека ніхто не пазнае, больш дакладна, яго прымаюць за іншага. Аднак ён і становіцца іншым. Цікава, апрануўшы нават мітычнага пэрсанажа, ваўкалака, лічылася, што магчыма пераўтварыць яго і вярнуць да чалавечага жыцьця:
"Ішоў адзін мужык сабе лесам, бачыць: ляжыць воўк, дрыжыць, але ня выіць, ня кідаіцца, а ўсё калоціцца. Пашкадаваў яго чалавек, скінуў зь сябе сьвітку ды прыкрыў таго воўка. Як упала на яго сьвітка чалавеча, дык ён і сам зноў стаў чалавекам".
(Ракіцкі: ) "І яшчэ адзін казачны матыў — шапка-невідзімка. Калі мара пра дыван-самалёт ці сямімільныя боты знайшла ў наш час тэхнічных адкрыцьцяў хоць якое жыцьцёвае ўвасабленьне, то шапка-невідзімка па-ранейшаму радуе нас толькі ў казках. Ды, відаць, шыфруе сабою пэўныя старадаўнія ўяўленьні".
(Валодзіна: ) "З дапамогай шапкі-невідзімкі казачны герой мог бесьперашкодна пераадольваць час ці прастору, зьнікаць у адным месцы і зьяўляцца ў іншым. У традыцыйнай жа культуры імгненныя ці прасторавыя перамяшчэньні разглядаліся як сьмерць у адным месцы і ўваскрэсеньне ў іншым.
Таму нябачнасьць героя ўспрымалася як ягоная часовая міні-сьмерць, неабходная для далейшага ажываньня-пераўтварэньня. Разумеючы сувязь шапкі-невідзімкі са сьмерцю і тагасьветамі, беларусы верылі, што здабыць яе можна, толькі адабраўшы ў чорта:
"Шукаюць струк такога гароху, у якім дзевяць зярнят, той гарох сеюць на полі, дзе не чуваць, як пяюць пеўні. Як вырасьце, вырываюць сем каліў і моўчкі нясуць іх тою парой, як жывёла ідзе з поля. Жывёла пацягнецца да яго, каб зьесьці. Тут нада прыглядацца, дзе на валу ці на карове едзе якісь немчык у шапачцы. Трэба тую шапачку схапіць, бо яна і ёсць невідзімка".
(Ракіцкі: ) "Сучасная эстэтыка сьцьвярджае, што праўдзівым чалавек становіцца тады, калі скідае зь сябе вопраткі, а значыць, умоўнасьці цывілізацыі.
Чалавек без адзеньня, такі, як ёсьць, — хто ён у народных поглядах беларусаў? Можа, становіцца зноўку часткаю прыроды, можа, губляе свой культурны статус?"
(Валодзіна: ) "Найперш рытуальнае распрананьне вылучаецца ў абрадзе хрышчэньня. Голы чалавек, як і Ісус Хрыстос, скідае зь сябе старое адзеньне граху, якое "апрануў" на сябе пасьля падзеньня Адам. Гэта і сымбалізуе вяртаньне да першаснай чысьціні й бязьвіннасьці, словам, вяртаньне ў тагасьветную прастору.
Разам з тым, катэгорыя "голае" выводзіць чалавека па-за межы культуры, далучае да катэгорыяў "чужога" і "неасвоенага". Голы чалавек станавіўся адкрытым для кантактаў з іншасьветамі — і таму, распрануўшыся, варажылі, чаравалі, лекавалі ды шукалі сустрэчы з чарцямі".
(Ракіцкі: ) "Адпаведна, у адзеньні чалавек шукаў нібы абароны ад непажаданых уплываў, холаду ды варожых паглядаў. А сёньня ці можна казаць, што вопратка, акрамя практычнага сэнсу, пакліканая сьцьвердзіць яшчэ нейкія ідэі ці вобразы?"
(Валодзіна: ) "Безумоўна, па адзеньні, хаця і не заўсёды, можна адрозьніць жанчын ад мужчынаў, выказаць меркаваньні пра іхны ўзрост, прафэсію ці сацыяльны статус. Ды й імкненьне купіць касьцюм "ад Кардэна" мае за мэту ня проста ўцяпленьне.
Іншая справа, што ідэі моды, прэстыжу амаль цалкам выцесьнілі традыцыйныя сэнсы. Але асабіста для кожнага адзеньне працягвае заставацца другім міні-домам ды становіцца Космасам, што супрацьстаіць Хаосу навакольнага сьвету".