Беларусь і транспарт.

Аўтар і вядучы: Вячаслаў Ракіцкі, Менск

(Ракіцкі: ) "Беларусь мае ўнікальнае геаграфічнае становішча. Са старажытных часоў наш народ усьведамляў яго й выкарыстоўваў. Спачатку рэкі, што скрозь пушчы праляглі па ўсіх напрамках сьвету, а пасьля ўжо людзьмі пракладзеныя наземныя, падземныя, паветраныя магістралі рабілі край транспартным калідорам, эўрапейскім скрыжаваньнем.

Транспарт — наш шлях да дабрабыту й шлях у рабства. Боскі дар і пакараньне. Наш лёс, які тым ня менш быў і ёсьць у нашых руках".

(Шыбека: ) "Усьведамленьне гэта зьявілася даўно. Можа, з часоў інтэнсыўнага засяленьня Беларусі, 10 тысячаў гадоў таму. Тады не было такой сыстэмы дарог, як зараз. Зямля наша пакрывалася пушчамі.

Наш край меў унікальную й надзвычай густую сетку паўнаводных рэк: Днепр, Заходняя Дзьвіна, Нёман, Прыпяць і Сож, Бярэзіна й шматлікія ейныя прытокі. Яны цяклі ва ўсе бакі. Рэкі й дапамаглі засяліць беларускія землі. Платы былі найпершым відам транспарту.

Балты сюды ішлі з поўдня 2 000 гадоў таму. Славяне — з захаду й поўдня ў VІІ-VIII стагодзьдзях нашае эры. Асеўшы тут, яны станавіліся рачнымі людзьмі. Рэкі іх кармілі, дапамагалі наладзіць абмен таварамі. Рэкі кансалідавалі нашых продкаў у адзіны народ.

Беларускі народ склаўся дзесьці ў ІХ-ХІІІ стагодзьдзях. Нашмат раней, чым рускі й украінскі народы. І шмат у чым дзякуючы рэкам".

(Ракіцкі: ) "Куды напачатку скіроўваліся транспартныя шляхі? І ці можна казаць, што першапачаткова транспарт усё ж узбагачаў Беларусь?"

(Шыбека: ) "Ужо балты везьлі да скіфаў балотную руду й драўняны вугаль, таму што яны плацілі за гэта золатам. Першыя старажытна-беларускія княствы на чале з Полацкім квітнелі ў ІХ-ХІІ стагодзьдзі на рачным гандлі зь Бізантыйскай Імпэрыяй і Арабскім Халіфатам. Гэта краіны, якія складалі тады цэнтар зямной цывілізацыі. Гандаль прыносіў больш прыбытку, чым земляробства й рамяство.

З ХІІ стагодзьдзя сыстэма зручных рэкаў і гандлёвы саюз Ганза забясьпечылі збыт у Эўропу фантастычных дароў лесу, а таксама пушніну, воск, мёд, дзічыну. З таго часу можна сказаць, што пачынаецца вэстэрнізацыя нашых земляў. Гэты гандаль з Заходнімі краінамі падрыхтаваў уздым ВКЛ.

У ХVІ стагодзьдзі рэкі забясьпечвалі лёгкі збыт мясцовага хлеба ў Эўропу праз Балтыйскія парты: Рыгу, Крулявец, Мемель, Гданьск і тым самым тварылі казачнае багацьце беларускіх магнатаў і магутнасьць нашае Літоўскае дзяржавы.

На пачатку ХІХ стагодзьдзя тут узьнікла ўнікальная сыстэма рачных каналаў. Бярэзінскі канал зьвязваў Днепр з Заходняй Дзьвіной, а Агіньскі ці Каралеўскі — Прыпяць зь Нёманам. На эўрапейскі рынак атрымалі доступ амаль усе беларускія раёны. Паводле эўрапейскіх узораў узьнікалі мануфактуры, а ў першай палове ХІХ стагодзьдзя й першыя фабрыкі.

Рачны транспарт узбагачаў мясцовых прадпрымальнікаў і найперш аграрыяў. Гэта адбывалася да зьяўленьня чыгунак. Чыгункі ўжо пракладвалі й выкарыстоўвалі новыя гаспадары — расейцы".

(Ракіцкі: ) "Транспартыя перавагі ўзбагачалі. Там жа, дзе ўзбагачэньне, там і пэўная барацьба за гэтае багацьце. Напэўна, транспарт спрыяў і пранікненьню ў Беларусь ворагаў?"

(Шыбека: ) "За кантроль над рачнымі шляхамі спрадвеку йшла барацьба. 10 000 гадоў таму прыйшлі індаэўрапейцы, балты й пацясьнілі абарыгенаў. У VІІ стагодзьдзі на вярхоўях Дняпра, Заходняй Дзьвіны сяліліся славяне, якія ў сваю чаргу пацясьнілі балтаў.

У ХІІ стагодзьдзі сюды імкнуліся крыжакі й татары. Ад пачатку ўзьнікненьня Маскоўскай дзяржавы ейныя гаспадары марылі захапіць старадаўнюю Літву. І гэтую мару нарэшце ўдалося ажыцьцявіць Кацярыне ІІ. З тае пары Беларусь і знаходзіца ў падпарадкаваньні Расеі. Акрамя ўсяго іншага, і транспартныя шляхі вялі Беларусь да страты дзяржаўнай незалежнасьці й рабства".

(Ракіцкі: ) "Вы зараз узгадалі Кацярыну ІІ. А мне адразу ж згадаліся “кацярынінскія тракты”. Дзеля чаго яны выкарыстоўваліся, будаваліся? Увогуле, як новыя гаспадары абжывалі ўнікальнае геаграфічнае становішча Беларусі?"

(Шыбека: ) "Адразу ж пасьля далучэньня Ўсходняй Беларусі да Расеі Днепр стаў стратэгічнай "артэрыяй" для расейскіх войнаў на поўдні, а Беларусь — іхнай ваеннай базай. Для расейскай арміі й флёту тут выраблялі канаты, парусіну й сукно, будавалі нават караблі й адпраўлялі па Дняпры на ваенныя дзеяньні.

Беларускія землі перасяклі дзяржаўныя дарогі, вядомыя гісторыі як "кацярынаўкі". Па іх ішлі маршам расейскія войскі з усходу на захад завяршаць падзел Рэчы Паспалітай, а пасьля і ўціхамірваць ейныя народы".

(Ракіцкі: ) "ХІХ стагодзьдзе — гэта час, калі наш край апынуўся пад расейскай акупацыяй. Але транспарт працягвае разьвівацца. Так, царскі ўрад заклаў у Беларусі чыгункі. Што значылі чыгункі для краю з гледзішча нашага, беларускага інтарэсу?"

(Шыбека: ) "Чыгункі ў Беларусі пачалі пракладваць з 1862 году. Будаваліся яны пераважна ў ваенна-стратэгічных інтарэсах Расеі, з усходу на захад.

З той пары Беларусь і ператварылася ў шырока вядомы цяпер транспартны калідор для Расеі. Бо выгады для Беларусі ад новага транспарту былі невялікія.

Першае, мы страцілі сваю перавагу перад Расеяй у рачным гандлі з Эўропай. Праз чыгункі цэнтральныя расейскія губэрні займелі прамы выхад на Захад.

Другое, чыгункі не давалі беларускім землям аніякіх перавагаў перад цэнтральнымі расейскімі губэрнямі. Чыгуначныя тарыфы былі складзеныя гэтак, што перавоз грузаў з Масквы ў Варшаву каштаваў таньней, чым зь Менску. Расейскія паравозы праносіліся празь Беларусь, выклікаючы ў мясцовых багацеяў сумныя настроі.

А трэцяе, уведзеныя з 1889 году высокія мыты на ўвоз адгароджвалі беларускія землі ад эўрапейскіх рынкаў і ператваралі Беларусь у рынак збыту расейскіх тавараў. Вынікам такой дыскрэдытацыі зьявілася эканамічная залежнасьць Беларусі ад Расеі. Чыгункі вялі нас да эканамічнага рабства, якое мацнела разам з пашырэньнем чыгуначнага будаўніцтва".

(Ракіцкі: ) "Беларусь і бальшавізм. Спадар Шыбека, з вашага гледзішча, якое значэньне надавалі транспарту бальшавікі? Дзеля чаго ды як яго выкарыстоўвалі?"

(Шыбека: ) "Ленін ужо цягам савецка-польскай вайны ў 1919-1920 гадоў рабіў спробу транспартаваць па беларускіх рэйках расейскі сацыялізм у Эўропу, але пад Варшавай іх добра турнулі. Сталін дзеля ўсясьветнае перамогі сацыялізму ажыцьцявіў у Савецкім Саюзе "эканамічны скачок" і плянаваў у 1941 годзе напад на Нямеччыну. Але Гітлер апярэдзіў.

Пасьля вайны, дзякуючы ўнікальнай сыстэме беларускага транспарту, інтэграцыя краіны ў саюзную эканоміку аказалася беспрэцэдэнтнай — самай высокай сярод саюзных рэспублік. Беларусь звалі "зборачным цэхам Саюзу".

Дзякуючы выдатным транспартным магчымасьцям, Беларусь стала й самай мілітарызаванай рэспублікай. Тут разьмяшчаліся 23 з 44-х ракетных базаў СССР. З той жа прычыны — высокая транспартная забясьпечанасьць — Беларусь зрабілася й самай зрусіфікаванай савецкай рэспублікай.

А яшчэ беларускія рэйкі ды беларускі паветраны калідор зьвязваў Маскву з Польшчай і ГДР. За часам польскай рэвалюцыі ды "Салідарнасьці" савецкія вайсковыя аддзелы, пагружаныя на цягнікі, чакалі сыгналу".

(Ракіцкі: ) "Сёньня спрачаюцца пра тое, якую ролю ў разьвіцьці сучаснай Беларусі можа адыграць транспарт. Якое значэньне, з вашага гледзішча як гісторыка, мае транспарт?"

(Шыбека: ) "Узгадваюцца словы, што транспарт — наш вялікі нацыянальны скарб. Але, на жаль, ён не выкарыстоўваецца дастаткова эфэктыўна. Пакуль — гэта аднабаковы рух. А для эфэктыўнасьці ён мусіць быць, сама мала, двухбаковым — і на ўсход, і на захад.

Усе замежныя экспэрты — і эканамісты, і палітыкі, і дыпляматы — на адзін голас сьцьвярджаюць, што транспарт Беларусі — гэта ўнікальны нацыянальны скарб, які дазваляе хутка вывесьці краіну на ўзровень годнага жыцьця.

Аднак, гэтай магчымасьці дагэтуль упарта не выкарыстоўваць. Чаму?

Пасьля распаду Саюзу беларускі транспарт фактычна не выходзіў з-пад кантролю Масквы. Толькі празь Беларусь Масква мае самы кароткі шлях да Калінінградзкай вобласьці. Беларусь — найкарацейшы шлях для паўночных расейскіх радовішчаў газу й нафты да эўрапейскіх краінаў. Толькі разьмешчаная ў Беларусі сыстэма супрацьпаветранай абароны робіць яе эфэктыўнай для Масквы. Вось чаму Расея робіць усё, каб утрымаць беларускі транспартны калідор у сваім падпарадкаваньні".

(Ракіцкі: ) "Ці доўга будзе цягнуцца гэткая сытуацыя — сучасная Беларусь стала ж закладніцай транспарту?"

(Шыбека: ) "Гісторыя сьведчыць, што Расеі каштавала вялікіх ахвяраў утрымліваць беларускі калідор. Карл ХІІ, Напалеон, Гітлер — усе вядомыя заваёўнікі новай і найноўшай гісторыі ішлі ў Беларусь, імкнуліся захапіць беларускія землі, каб перарэзаць непрадказальнай Расеі дарогу на Захад.

Кантраляваць беларускі калідор Маскве ўсё цяжэй. Нашай усходняй суседцы таньней было б адмовіцца ад прэтэнзіяў на гэты кантроль. Беларусы ніколі ня стануць закрываць Расеі дарогу на Захад, але тое, што яны забяруць у рукі свой нацыянальны скарб — гэта бясспрэчна".