БЭРЛІН Парлямент Нямеччыны абраў сёньня новага прэзідэнта краіны. Ім стаў былы старшыня Міжнароднага Валютнага Фонду Харст Кэлер. Кандыдатура Кэлера была вылучаная апазіцыйнай Хрысьціянска-дэмакратычнай партыяй. Былы старшыня МВФ зьмяніў на пасадзе кіраўніка дзяржавы Ёганэса Раў і стаў 9 прэзідэнтам Нямеччыны пасьля Другой Усясьветнай вайны. Прэзідэнт у Нямеччыне выконвае ў асноўным прадстаўнічыя функцыі і мае няшмат уладных паўнамоцтваў.