Міністар замежных справаў Ірана Камаль Харазі сёньня заявіў, што амэрыканскія сілы ў Іраку павінны дазволіць шыіцкім мусульманскім клерыкам разьвязаць супрацьстаяньне ў Наджафе вакол радыкальнага лідэра Мактады ас-Садра.
Пад час свайго візыту ў Брусэль Каразі зазначыў, што намаганьні вайскоўцаў ЗША арыштаваць ас-Садра толькі распальваюць процістаяньне вакол Наджафа, дзе той знаходзіцца пад абаронай паўстанцаў.
Каразі сказаў таксама, што шыіцкая грамада Ірану мела кантакты з ас-Садрам у мінулым і працягвае свае намаганьні з мэтай дапамагчы ў вырашэньні гэтага канфлікту.
Амэрыканскія вайскоўцы заяўляюць, што хочуць злавіць альбо забіць ас-Садра, які абвінавачваецца ў забойстве іншага духоўнага лідэра ў Іраку.