ВАТЫКАН. Хрысьціяне розных канфэсіяў па ўсім сьвеце сёньня сьвяткуюць Вялікдзень – дзень уваскрашэньня Хрыстовага. Папа Рымскі Ян Павал Другі ў сваім традыцыйным вялікодным пасланьні перад тысячамі людзей на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане сказаў, што культура любові мусіць перамагчы лёгіку сьмерці. Ён заклікаў усясьветных лідэраў вырашыць мірным шляхам канфлікты ў розных рэгіёнах плянэты: “Хай лідэры сьвету ўмацуюцца і трываюць у сваіх намаганьнях задавальняюча вырашыць працяглыя канфлікты, ад якіх ільецца кроў у некаторых рэгіёнах Афрыкі, у Іраку і на Сьвятой зямлі Блізкага Ўсходу”.
Папа таксама заклікаў да хрысьціянскага адзінства. Ён выказаў спадзяваньне, што каталіцкая і праваслаўная некалі цэрквы здолеюць прымірыцца.
Папа таксама пажадаў шчасьлівага Вялікадня больш чым на 60-ці мовах.