[ 19:48 ]  Паўстанцы-шыіты часткова кантралююць два гарады

БАГДАД. Камандуючы амэрыканскімі сіламі ў Іраку генэрал Рыкарда Санчэз паведаміў, што паўстанцы з Войска Махдзі, прыхільнікі радыкальнага аяталы Магтада аль-Садра часткова кантралююць найменей два гарады. Ён прызнаў, што паўстанцы цалкам занялі горад Кут і часткова кантралююць Наджаф, а таксама Куфу. Санчэз дадаў, што пакуль нельга сказаць пра супрацоўніцтва паміж сунітамі і шыітамі. Аднак, генэрал адзначыў, што кааліцыйныя сілы будуць працягваць наступ супраць узброеных прыхільнікаў Аль-Садра. “ Кааліцыйныя сілы будуць працягваць магутную і ўзважаную ваенную аперацыю, пакуль заданьне ня будзе выкананае. Мы поўныя рашучасьці і нас не запалохаюць. Не падлягае сумневу. Мы будзем працягваць атакі пакуль не скончым з ўплывамі Садра і ягоных прыхільнікаў, каб яны болей не пагражалі Іраку і грамадзянам краіны,” -- сказаў генэрал Рыкарда Санчэз. Сёньня ў адстаўку падаў міністар унутраных спраў Іраку Нуры аль-Бадран . Ён паведаміў, што амэрыканская адміністрацыя Іраку была незадаволеная ягонай працай і складам кабінэту міністраў. Аль-Бадран, які сам зьяўляецца шыітам, паведаміў, што амэрыканцы не хацелі, каб шыіты займалі пасады міністраў абароны і ўнутраных справаў.