[ 16:39 ]  Грузія афіцыйна ўшануе памяць З. Гамсахурдзіі

ТБІЛІСІ: Грузінскі ўрад сфінансуе шэраг культурных і рэлігійных мерапрыемстаў з нагоды 65 угодкаў з дня нараджэньня былога прэзыдэнта Звіяда Гамсахурдзіі. Прадстаўнік ураду Гурам Абсандзэ паведаміў, што імпрэзы пачнуцца заўтра і будуць працягвацца паўгоду. Першы лідэр незалежнай Грузіі нарадзіўся 31 сакавіка 1939 году. Пасьля некалькіх месяцаў кіраваньня ён быў адхілены ад ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту. Пасьля гэтага ён уцёк у Арменію, а затым у Чачэнію. У 93 годзе Гамсахурдзія загінуў у таямнічых акалічнасьцях, калі на чале сваіх прыхільнікаў ён спрабаваў вярнуцца да ўлады. Паводле афіцыйнай вэрсыі, прычынай сьмерці было самагубства, але прыхільнікі Гамсахурдзіі кажуць, што ён быў забіты. Цела першага прэзыдэнта Грузіі было пахаванае ў Чачэніі. Прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі хоча, каб парэшткі Гамсахурдзіі былі вернутыя на Радзіму і паслужылі кансалідацыі краіны.