Ізраіль увёў танкі у Паласу Газа і перавёў свае сілы бясьпекі ў найвышэйшую ступень гатовасьці. Такім чынам ізраільскі ўрад адрэагаваў на пагрозы помсты з боку палестынскай групоўкі ХАМАС у адказ на забойства яе стваральніка і духоўнага лідэра Ахмэда Ясіна.
Палестыскі лідэр Ясір Арафат тым часам абвесьціў трохдзённую жалобу па Ясіне.
Учора ў Газе адбылося пахаваньне шэйха Ахмэда Ясіна, у якім узялі ўдзел болей за дзьвесьце тысячаў палестынцаў. Масавыя акцыі пратэсту адбыліся і на Заходнім беразе Ярдану. Баевікі з розных палестынскіх груповак пагражаюць Ізраілю што створаць “пекла” на яго зямлі у адказ за забойства Ясіна.
Кіраўніцтва Ізраілю кажа, што Ясін кіраваў тэрарыстычнымі атакамі, пад час якіх загінулі сотні ізраільцян.
Прэм’ер-міністар Ізраілю Арыэль Шарон павіншаваў ізраільскія войскі з забойствам Ясіна, ён заявіў, што гэта быў крок у барацьбе з тэрарызмам.
Забойства Ясіна было асуджанае арабскімі краінамі, прадстаўнікамі краін Эўразьвязу, а таксама генэральным сакратаром ААН.
Кофі Анан заявіў, што забойства Ясіна не дапаможа мірнаму працэсу на Блізкім Усходзе.
Злучаныя Штаты заклікалі абодва бакі канфлікту да стрыманасьці.