Амэрыканскія вайскоўцы на Гаіці забілі чалавека, які вёў сваю машыну на дарожны блёк-пост міратворцаў, якія спрабуюць аднавіць парадак на Гаіці. Паводле камандаваньня, марскія пехацінцы ЗША дзейнічалі з мэтай самаабароны.
Намесьнік генэральнага сакратара ААН з гуманітарных пытаньняў Ян Эгеланд заклікаў да тэрміновай міжнароднай дапамогі народу Гаіці ў памеры 35 мільёнаў даляраў.
Тым часам былы прэзыдэнт Гаіці Жан-Бэртран Арыстыд падпісаў афіцыйны ліст, у якім пацьвярджае сваю адстаўку з пасады кіраўніка дзяржавы. Яшчэ ўчора Арыстыд, які пакінуў краіну 29 лютага і знайшоў прытулак у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, настойваў, што менавіта ён застаецца законна абраным прэзыдэнтам Гаіці і заклікаў да мірнага супраціву новай уладзе.