[ 16:18 ]  Гаагскі суд дасьледуе законнасьць будаўніцтва ахоўнай сьцяны

Міжнародны суд у Гаазе сёньня пачаў разгляд справы аб законнасьці ўзьвядзеньня Ізраілем так званай сьцяны бясьпекі на Заходнім беразе Ярдану. Слуханьні будуць доўжыцца тры дні, па іх выніках суд перадасьць сваё меркаваньне Генэральнай асамблеі ААН. Ізраіль байкатуе гэтыя слуханьні. Прадстаўнік Палестыны на працэсе Насэр Аль-Кідва заявіў: -- Гэтая сьцяна, калі яна будзе завершаная, пакіне палестынскі народ ізаляваным на адной палове Заходняга берагу Ярдану. І ў выніку двухбаковае вырашэньне ізраільска-палестынскага канфлікту застанецца практычна невырашальным. Ізраільскі міністар юстыцыі Томі Лапід сёньня заявіў, што Міжнародны суд ня мае права асуджаць намаганьні Ізраілю ў абароне свайго насельніцтва. ЗША і Эўразьвяз былі супраць ўмяшаньня Міжнароднага суда ў гэтую справу, але таксама скрытыкавалі будаўніцтва ахоўнай сьцяны, якая глыбока заходзіць у палестынскія землі.