У Іране сёньня дзень жалобы па ахвярах выбуху цягніка ля горада Нішапур на паўночным усходзе краіны, пад час якога загінулі каля 300 чалавек.
Учора цягнік, які перавозіў прамысловае паліва і хімікаты, сарваўся з тармазоў і праехаў 20 кіламетраў ад станцыі, потым сышоў з рэек і загарэўся. Выбух быў такім моцным, што практычна зьнішчыў 5 навакольных вёсак, жыхары якіх падумалі, што адбыўся землятрус. З загіблых – каля 200 пажарнікаў, якія спрабавалі патушыць пажар.
Афіцыйна паведамляецца пра сьмерць 295 чалавек, у тым ліку -- губэрнатара правінцыі Нішапур, лік ахвяраў можа вырасьці, бо некалькі соцень чалавек параненыя. Жыхары навакольля эвакуяваныя.