[ 17:56 ]  Пуцін вінаваціць Беларусь у зрыве інтэграцыі

МАСКВА. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін сёньня заявіў, што выставіць сваю кандыдатуру на пераабраньне падчас прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку наступнага году. Падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі Пуцін, аднак, сказаў, што ня будзе балятавацца на трэці тэрмін і зьмяняць дзеля гэтага расейскую Канстытуцыю. Пуцін заявіў наконт беларуска-расейскай інтэграцыі: (Пуцін: ) “Сёньня поўнае аб’яднаньне паміж Расеяй і Беларусьсю немагчымае – нам так сказалі. Я не лічу, што маю права настойваць на аб’яднаньні такога кшталту, калі гэта непрымальна для нашых партнэраў. Мы мусім рабіць тое, да чаго гатовыя нашыя партнэры. Навязваць нашую волю проста ня мае сэнсу." Пуцін таксама выступіў з крытыкай ЗША за вайну супраць Іраку бяз санкцыі ААН. Ён сказаў, што толькі ААН можа зрабіць законным выкарыстаньне ваеннай сілы па-за межамі нейкай краіны. Паводле расейскага прэзыдэнта, ірацкі дыктатар Садам Хусэйн ня меў дачыненьня да міжнароднага тэрарызму. Пуцін падкрэсьліў, што пытаньне Іраку адрознае ад барацьбы з тэрарызмам, у якой Расея падтрымлівае Злучаныя Штаты. (Пуцін: ) “Мы не зацікаўленыя ў паразе Злучаных Штатаў у іх барацьбе супраць міжнароднага тэрарызму, бо мы партнэры ў гэтай барацьбе”. Выступаючы за некалькі гадзінаў перад сустрэчай з адмысловым пасланьнікам ЗША Джэймсам Бэйкерам, Пуцін таксама сказаў, што Злучаныя Штаты зрабіліся занадта самаўпэўненыя ў міжнародных дачыненьнях. Паводле Пуціна, імпэрыі разваліваліся з-за таго, што адчувалі сябе занадта моцнымі.