[ 15:26 ]  3 мільёны подпісаў -- за ўсеагульныя выбары ва Ўкраіне

КІЕЎ. Украінскі дэмакратычны блёк партыяў “Наша Ўкраіна” сабраў больш за тры мільёны подпісаў у падтрымку ўсеагульных выбараў прэзыдэнта. Пра гэта паведаміў журналістам дэпутат Тарас Стэцькіў – кіраўнік акцыі “Украіне – народнага прэзыдэнта”. Паводле ягоных словаў, подпісы зьбіралі ад 7-га лістапада па 16-га сьнежня ва ўсіх абласьцях Украіны. Найбольш подпісаў сабралі ў Львоўскай, Віньніцкай ды Луганскай абласьцёх. На мінулым тыдні Канстытуцыйны суд Украіны прыняў рашэньне, што ў будучыні украінскага прэзыдэнта можа абіраць парлямэнт. Апазыцыя кажа, што цяперашні прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма такім чынам хоча захаваць уладу ці прызначыць сабе пераемніка. Паводле апытаньняў, найбольш верагодным пераможцам на ўсеагульных прэзыдэнцкіх выбарах, што маюць адбыцца ў наступным годзе, быў бы Віктар Юшчанка – лідэр “Нашай Украіны”. За выбары прэзыдэнта ў парлямэнце выступае пра-прэыздэнцкая, большасьць і фракцыя камуністаў, але камуністы супраць таго, каб прэзыдэнта абіраў цяперашні склад парлямэнту.