ТБІЛІСІ. Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі рэкамэндавала правесьці паўторныя парлямэнцкія выбары 25 студзеня. Рэкамэндацыю Цэнтравыбаркаму мае цяпер ухваліць выканаўца абавязкаў прэзыдэнта краіны Ніно Бурджанадзэ.
Сёньня ў Грузію для перамоваў з часовым кіраўніцтвам гэтай краіны прыбывае афіцыйная амэрыканская дэлегацыя. Сярод заплянаваных для абмеркаваньня тэмаў – двухбаковыя дачыненьні, дапамога Злучаных Штатаў у арганізацыі прызначаных на 4 студзеня прэзыдэнцкіх выбараў, а таксама пэрспэктывы палітычных і эканамічных рэформаў у Грузіі.
Учора старшыня Эўракамісіі Рамана Продзі паведаміў, што Эўрапейскі Зьвяз выдзеліць Грузіі два мільёны эўра для правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў і яшчэ 5 мільёнаў эўра ў якасьці тэрміновай харчовай дапамогі.
Учора дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл зноў заявіў пра абавязковасьць захаваньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Паўэл узяў слова пасьля таго, як Расея заблякавала прыняцьце супольнай заявы міністраў замежных справаў краін-чальцоў АБСЭ пра сытуацыю ў Грузіі.