[ 19:58 ]  Сэрыя выбухаў прагрымела ўвечары ў Багдадзе

БАГДАД. Сэрыя моцных выбухаў прагрымела ўвечары ў Багдадзе. Ня менш як дзьве ракеты ўпалі ў аколіцах сядзібы часовай адміністрацыі Іраку. Разьмешчаную на заходнім беразе Тыгру сядзібу некалькі разоў у лістападзе ўжо абстрэльвалі з гарматаў. Раней сёньня прадстаўнікі амэрыканскіх вайсковых сілаў прызналі, што за апошнія два тыдні паменела ўзброеных нападаў на войскі кааліцыі. У той жа час, як заявіў кіраўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША генэрал Джон Абізаід, ірацкія паўстанцы ўсё часьцей нападаюць на іракцаў, якія супрацоўнічаюць з кааліцыяй. Амэрыканскае камандаваньне цьвердзіць, што апэрацыі, праведзеныя апошнімі днямі ў Цэнтральным Іраку, прынесьлі істотныя вынікі. У сваю чаргу галава часовай амэрыканска-брытанскай адміністрацыі ў Іраку Пол Брэмэр заявіў, што паўстанцы зьмяняюць тактыку процістаяньня вайсковай кааліцыі.