[ 20:22 ]  Грузія: процістаяньне апазыцыі й прэзыдэнта

ТБІЛІСІ. Прыхільнікі апазыцыі занялі сёньня ўдзень будынак грузінскага парлямэнту. Сотні людзей уварваліся ў залю паседжаньняў у момант, калі прэзыдэнт Грузіі Эдуард Шэварнадзэ выступаў з прамоваю на адкрыцьці сэсіі новага парлямэнту. Пад прыкрыцьцём целаахоўнікаў Эдуард Шэварнадзэ быў змушаны быў пакінуць будынак. Паводле некаторых паведамленьняў, Шэварнадзэ знаходзіцца цяпер у Каджорскім антытэрарыстычным цэнтры Міністэрства абароны Грузіі. У сваёй заяве Эдуард Шэварнадзэ адзначыў, што ў Грузіі адбыўся дзяржаўны пераварот, і абвясьціў пра ўвядзеньне ў краіне надзвычайнага становішча. Тым часам адзін зь лідэраў апазыцыі, сьпікер парлямэнту Ніно Бурджанадзэ заявіла, што бярэ на сябе паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Бурджанадзэ падкрэсьліла, што будзе выконваць функцыі галавы дзяржавы як старшыня парлямэнту – у рамках дзейнай Канстытуцыі. Прадстаўнікі грузінскай апазыцыі лічаць, што Эдуард Шэварнадзэ ня мае легітымных паўнамоцтваў для ўвядзеньня ў краіне надзвычайнага становішча. Ніно Бурджанадзэ заклікала сілавых міністраў Грузіі не падпарадкоўвацца пастанове прэзыдэнта аб увядзеньні надзвычайнага становішча ў краіне. Заўтра Бурджанадзэ мае намер склікаць надзвычайнае паседжаньне парлямэнту для падрыхтовы пазачарговых парлямэнцкіх выбараў у краіне. Яшчэ адзін лідэр грузінскай апазыцыі Міхаіл Саакашвілі заявіў, што прэзыдэнт Шэварнадзэ зможа застацца на сваёй пасадзе адно ў тым разе, калі дасьць згоду на правядзеньне датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў.