[ 18:12 ]  Іранскі лідар супраць амэрыканцаў у Іраку

ТЭГЕРАН Іранскі вярхоўны рэлігійны лідар аятала Хаменеі заявіў сёньня, што амэрыканская ваенная апэрацыя ў Іраку правальваецца і абвінаваціў ЗША у імкненьні паставіць новага дыктатара замест зрынутага. У рэлігійнай казані перад дзясяткамі тысячаў вернікаў у Тэгеране Хаменеі заявіў, што ЗША абяцалі вызваліць народ Ірака, а на самой справе стварылі там вартую жалю сытуацыю. Паводле іранскага рэлігійнага лідара, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш і прэм’ер-міністр Ізраілю Арыэль Шарон цяпер зьяўляюцца самымі зьненавіджанымі людзьмі ў іслямскім сьвеце. ЗША абвінавачваюць Іран, што ён робіць недастаткова для таго, каб прадухіліць пранікненьне ў Ірак антыамэрыканскіх сілаў.