[ 04:33 ]  У Іраку супраць кааліцыі змагаюцца 50 тысячаў ваяўнікоў

БАГДАД. Мінулае начы ў Багдадзе вайскоўцы ЗША ўжылі авіяцыю, артылерыю і мінамёты ў часе сутычак з узброенымі групамі, якія змагаюцца супраць амэрыканскай прысутнасьці ў Іраку. Паводле прадстаўніка амэрыканскага войска, жаўнеры, сярод іншага, цэлілі ў будынак, які быў ужыты замахоўцамі ў часе абстрэлу вайскоўцаў ЗША ў сераду. Палкоўнік Джордж Крыво заявіў, што такія рэйды супраць узброеных груповак іракцаў будуць працягвацца і стануць больш інтэнсіўнымі. Між тым, кіраўнік камандаваньня амэрыканскім войскам на Блізкім Усходзе генерал Джон Эйбізэйд сказаў, што колькасьць узброеных іракцаў, што змагаюцца супраць кааліцыі не перавышае 50-ці тысячаў чалавек, якія ня здолеюць выцясьніць войска ЗША з Іраку. (Эйбізэйд) “Няма такой вайсковай пагрозы, якая б прымусіла нас выйсьці з Іраку. Мы маем найлепей узброенае і падрыхтаванае войска ў сьвеце. Яно здатнае спраўна выконваць свае задчы ў самых складных умовах”. Заявіў амэрыканскі генерал.