[ 16:24 ]  У выніку чарговага замаху, у Насірыі загінулі як мнімум 22 чалавекі

БАГДАД: Сёньня, у выніку выбуху ў базе італьянскай паліцыі ў горадзе Насірыя, як мінімум 22 чалавекі загінулі, і многія былі параненыя. Паводле агенцтва Ройтэрс, сярод ахвяраў 14 італьянцаў, і 8 іракцаў. Прадстаўнік кааліцыйных сілаў у Іраку палкоўнік Кэтрын МэкКінтош паведаміла, што выбухнуў аўтамабіль, наладаваны выбуховымі рэчывамі, які ехаў за грузавіком. Аўтамабіль ўрэзаўся з разгону ў браму базы. У выніку загарэўся будынак і прыпаркаваныя непадалёку аўтамабілі. Пасьля гэтага наступіў чарговы выбух, гэтым разе ў мясцовым складзе боепрыпасаў. Прэзыдэнт Італіі Чьямпі заявіў, што атака не паўстрымае Італію ад далейшага ўдзелу ў місіі ў Іраку. “ Мы будзем далей працягваць, разам з ААН і нашымі саюзьнікамі, нашую барацьбу з міжнародным тэрарызмам” У рамках міжнародных сілаў, у Іраку знаходзяцца дзьве тысячы трыста італьянскіх вайскоўцаў. Сёньня, кіраўнік Кіруючай Рады Іраку Джалал Талябані заклікаў як мага хутчэй сфармаваць часовы ўрад Іраку, не чакаючы ўхваленьня новай Канстытуцыі. На ягоную думку, гэта выбіла б асноўны аргумант у тэрарыстаў, якія праводзяць атакі нібыта таму, што на іхнюю думку, краіна знаходзіцца пад акупацыяй.