[ 16:35 ]  Ёсьць праект канстытуцыі Афганістану

КАБУЛ. У Афганістане сёньня афіцыйна прадстаўлены праект новай канстытуцыі краіны, які быў перададзены афганскаму лідэру Хаміду Карзаю ў часе ўрачыстай цырымоніі ў Кабуле. У часе ўрачыстасьцяў старшыня канстытуцыйнай камісіі Нематула Шархані сказаў: (Шархані) “Няхай Бог будзе сьведкам і блаславіць гэты важны для ўсяго афганскага народу дакумэнт – праект канстытуцыі Іслямскага пераходнага ўраду Афганістану”. Паводле праекту канстытуцыі, значная роля надаецца прэзыдэнту краіны, а таксама дзвюхпалатнаму парляманту, у той час, як пасада прэм’ер-міністра не прадугледжаная. Прэзыдэнт будзе абірацца праз непасрэднае наўпроставае галасаваньне. Акрамя гэтага, у дакумэнце прызнаная важная роля Ісьляму ў жыцьці афганскага грамадзтва, аднак пра законы Шарыяту гаворка не ідзе.