[ 04:10 ]  Чырвоны Крыж: перадусім бясьпека супрацоўнікаў

БАГДАД. Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжу заявіў пра скарачэньне колькасьці сваіх замежных супрацоўнікаў у Іраку, пасьля таго, як у выніку замаху ў Багдадзе былі забітыя два прадстаўнікі гэтай арганізацыі. Адзін зь кіраўнікоў Чырвонага Крыжу Пьер Крэгэбюль сказаў, што ягоная арганізацыя не пакідае Ірак, але мусіць перадусім клапаціцца пра бясьпеку сваіх супрацоўнікаў. (Крэгэбюль)"Мы маем абавязак перад нашымі калегамі ў Іраку клапаціцца перадусім пра іхную бясьпеку. Мы за гэта адказныя. Менавіта таму ўхваленае рашэньне скараціць колькасьць замежнага пэрсаналу ў Іраку. Мы таксама робім дадатковыя захады, каб падвысіць узровень бясьпекі тых супрацоўнікаў, хто застаецца". Часткова адкліканыя з Іраку ў Ярданію і прадстаўнікі арганізацыі “Лекары бяз межаў”. Між тым два амэрыканскія жаўнеры загінулі, калі іхны танк быў падарваны за 75 кілямэтраў на поўнач ад Багдаду. А ў паўдзённым Іраку ўчора патрапіла ў засаду аўтакалёна, у якой былі 17 вайскоўцаў Украіны. На шляху калёны выбухнулі тры міны, пачалася страляніна, у выніку якой сямёра ўкраінскіх міратвоврцаў былі параненыя.