[ 17:21 ]  Амэрыканскія войскі зладзілі рэйд у Тыкрыце

ТЫКРЫТ. ІРАК. У Іраку ў раёне гораду Тыкрыт – радзінным горадзе зрынутага ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна -- амэрыканскія вайскоўцы сёньня затрымалі чатырох мясцовых жыхароў. Яны падазраюцца ў датычнасьці да нападаў на вайскоўцаў ЗША. Камандзер рэйду Стыв Расэл паведаміў, што двое з арыштаваных былі зьвязаныя са службамі бясьпекі Садама Хусэйна: Двое з тых, каго мы затрымалі, маюць сувязь са спэцслужбамі былога рэжыму. Гэтая інфармацыя важная для нас, і мы пастараемся высьветліць, што гэта за сувязь. У часе апэрацыяў амэрыканскіх войскаў у Тыкрыце знойдзена некалькі самаробных выбуховых прыладаў і невялікія схованкі са зброяй. Учора на нафтаправодах на поўначы Іраку адбыліся два выбухі. Паводле дырэктара мясцовай нафтавай кампаніі, адзін зь іх быў выкліканы бомбай, іншы – перанагрэвам трубаў.