[ 17:51 ]  Тоні Блэр: без Саддама Хусэйна Ірак стаў лепшай краінай

ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ. Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тоні Блэр, зьвяртаючыся да сябраў Лейбарысцкай партыі, заявіў, што цяпер ізноў прыняў бы тое самае рашэньне, што да ўварваньня ў Ірак. Паводле Блэра, ён ведае, што шмаь людзей “разчараваныя, пакрыўджаныя і раз’юшаныя” з нагоды вайны ў Іраку, у тым ліку і сябры Лейбарысцкай партыі. Аднак, сказаў Блэр, Ірак цяпер ёсьць іншай краінай, чым быў да вайны, а галоўная задача кааліцыі – ўсталяваць там мір. (Блэр) “Мы не шкадуем, што скінулі Мілошавіча, адсунулі ад улады Талібан, вызвалілі Сьера Леонэ і гэтак далей. Я папросту хачу сказаць, што без Саддама Ірак стаў лепшай краінай”. Брытанскі прэм’ер сутыкнуўся з усё больш актыўнай крытыкай сваёй палітыкі што да вайны ў Іраку. У прыватнасьці Блэра, абвінавачваюць у тым, што ягоная адміністрацыя пераацаніла дадзеныя выведкі што да праграмаў распрацоўкі Іракам зброі масавага зьнішчэньня, каб атрымаць падтрымку дзеля вайны супраць Саддама Хусэйна.