[ 06:11 ]  Савудаўская Арабія расчараваная адмовай ЗША публікаваць справаздачу аб тэрактах 11 верасьня

ВАШЫНГТОН. Міністар замежных справаў Савудаўскай Арабіі выказаў расчараваньне тым, што адміністрацыя ЗША адмовілася апублікавць засакрэчаную частку справаздачы амэрыканскага Кангрэсу аб тэрактах 11 верасьня 2001 году. Прадстаўнікі амэрыканскай адміністрацыі кажуць, што публікацыя зашкодзіла б расьледаваньню і пошукам тэрарыстаў. 15 зь 19 тэрарыстаў, якія захапілі аэмрыканскія самалёты 11 верасьня, былі грамадзянамі Савудаўскай Арабіі. Савудаўскія ўлады абвяргаюць любыя сувязі з тэрарыстамі. Пасьля сустрэчы ў Вашынгтоне з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам міністар замежных справаў Савудаўскай Арабіі, прынц Савуд аль-Файсал, заявіў, што ягоная краіна адназначна падтрымлівае вайну з тэрарызмам. (аль-Файсал: ) “Мы ня маем чаго хаваць, і нам ня трэба, каб нас неяк прыкрывалі. Мы лічым, што публікацыя 28 старонак амэрыканскай справаздачы дазволіла б нам ясна адказаць на любыя закіды і зьняла б усе сумневы наконт ролі Савудаўскай Арабіі ў вайне супраць тэрарызму і наконт нашай прыхільнасьці да гэтага змаганьня”. Раней прэзыдэнт Буш заявіў журналістам, што публікацыя матэрыялаў наконт Савудаўскай Арабіі паставіла б пад пагрозу крыніцы інфармацыі ў антытэрарыстычным расьледаваньні.