[ 05:49 ]  Ці забіты супрацоўнік міністэрства абароны Вялікай Брытаніі?

ЛЁНДАН. Судовыя экспэрты сёньня, як чакаецца, вызначаць, ці знойдзенае ўчора у Вялікай Брытаніі цела належыць экспэрту па зброі з Міністэрства абароны Дэвіду Кэльлі. Ён зьнік два дні таму. Існуюць меркаваньні, што менавіта Кэльлі перадаў радыё ВВС інфармацыю, на якой грунтавалася рэпартаж ВВС з крытыкай ураду ў пытаньнях выведкі пра ірацкую зброю. Брытанскі прэм’ер-міністар Тоні Блэр заявіў, што калі пацьвердзіцца, што забіты – Дэвід Кэльлі, будзе праведзенае афіцыйнае дасьледваньне. Паводле ўчорашніх паведамленьняў, прыкметы сьведчаць, што забіты – Дэвід Кэльлі. На гэтым тыдні Кэльлі адказваў на пытаньні парлямэнцкага камітэту, які дасьледуе абвінавачаньні супроць ўраду у фальсыфікацыі зьвестак пра ірацкую зброю дзеля апраўданьня вайны у Іраку. Кэльлі прызнаў, што размаўляў з карэспандантам ВВС, аўтарам рэпартажу, які выклікаў скандал. Але, паводле Кэльлі, ён ня быў крыніцай інфармацыі для гэтага рэпартажу.