ЛЁНДАН. Былы галоўны збройны інспэктар ААН Ганс Блікс кажа, што прадстаўнікі брытанскага ўраду зрабілі сур’ёзную памылку, калі заяўлялі, што Ірак можа цягам 45 хвілінаў разгарнуць зброю масавага зьнішчэньня. Блікс сказаў гэта ў інтэрвію, якое сёньня надрукаваў брытанскі штодзёньнік “Індэпэндэнт”
Паводле Блікса, выснова, якая прысутнічала ў брытанскім урадавым дасье ў справе ірацкай зброі, не адпавядала сапраўднаму стану рэчаў. Дасье было апублікаванае летась у верасьні.
Блікс заклікаў да вяртаньня інспэктараў ААН у Ірак, каб тыя працягнулі пошукі забароненай зброі. Былы галоўны збройны інспэктар кажа, што вяртаньне ў Ірак прадстаўнікоў ААН дадало б даверу да пошукаў.
Апошнім часам узмацнілася крытыка на адрас урадаў ЗША і Вялікай Брытаніі. Іх вінавацяць у перабольшваньні пагрозы з боку Іраку напярэдадні вайны з гэтай краінай.