ТЭГЕРАН. Чатыры дэпутаты працягваюць двухдзённы сядзячы прытэст у будынку іранскага парляменту. Яны пратэстуюць супраць затрыманьня тысячаў людзей за ўдзел у нядаўніх анты-ўрадавых дэманстрацыях.
Паводле іранскага генэральнага пракурора Абдулнабі Намазі, больш за палову з прыкладна 4 тысячаў затрыманых дагэтуль знаходзяцца ў зьняволеньні. Пракурор кажа, што сярод затрыманых каля 800 студэнтаў.
Сёньня ж у Іран з двухдзённым візытам прыбыў міністар замежных справаў Брытаніі Джэк Стро. Ён мае правесьці перамовы з прэзыдэнтам Ірану Мухамэдам Хатамі. На сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі ў Тэгеране, Стро заявіў, што Брытанія агулам задаволеная паводзінамі Ірану ў суседнім Іраку.