[ 05:10 ]  Паўэл называе групоўку "Хамас" ворагам міру

ЕРЫХОН. Дзяржсакратар ЗША Колін Паўэл заклікае Ізраіль пакінуць паўночны раён Паласы Газа й Бетлеем на Заходнім Беразе Ярдану й перадаць гэтыя тэрыторыі пад кантроль палестынскім службам бясьпекі, нягледзячы нават на тое, што ўзброеныя палестынскія групоўкі не пагаджаюцца спыніць напады на ізраільцаў. Дзяржсакратар ЗША заявіў, што гэта стане вельмі моцным і важным першым крокам у рэалізацыі мірнага пляну развязваньня палестына-ізраільскага канфлікту. Учора Колін Паўэл правёў перамовы з палестынскім прэм’ер-міністрам Махмудам Абасам у Ерыхоне, і ў Ерусаліме з прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыэлем Шаронам. Пасьля сустрэчы з ізраільсім лідэрам Дзяржсакратар ЗША заявіў, што групоўка “Хамас” ёсьць ворагам міру, і ўзгадаў пры гэтым шэраг апошніх нападаў на ізраільцаў. Прадстаўнік групоўкі “Хамас” заявіў учора, што напрыканцы наступнага тыдня магчыма будзе абвешчана аб перамір’і й заканчэньні нападаў на ізраільцаў.