[ 21:19 ]  Вашынгтон дашле вайскоўцаў у Філіпіны

ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў сёньня, што Злучаныя Штаты хай няхутка, аднак абавязкова зліквідуюць тэрарыстычную сетку Аль-Каіда, нягледзячы на апошнія тэракты ў Савудаўскай Арабіі, Марока ды іншых месцах. Амэрыканскі прэзыдэнт зрабіў гэтую заяву пасьля сусрэчы з прэзыдэнтам Філіпінаў Глорыяй Аройо. Ён сказаў, што вайна з тэрарызмам будзе весьціся ва ўсім сьвеце, і гэта будзе доўгае змаганьне. Ен запэўніў, што ніякіх перамоваў з тэрарыстамі весьціся ня будзе. Прэзыдэнт Філіпінаў падтрымаў амэрыканскага лідэра ў справе барацьбы з тэрарызмам. Джордж Буш паведаміў пра тое, што дашле амэрыкаскіх вайскоўцаў у Філіпіны, каб дапамагчы змагацца з іслямскімі сэпарацістамі на поўдні Філіпінаў. Амэрыканскі прэзыдэнт не паведаміў пра колькасьць вайскоўцаў. Іслямскую групоўку “Абу Саяф”, якая дзейнічае на поўдні Філіпінаў, Вашынгтон лічыць тэрарыстычнай арганізацыяй, зьвязанай з “Аль-Каідай”.