БРАЦІСЛАВА. Сёньня ў Славакіі – другі дзень рэферэндуму аб далучэньні краіны да Эўразьвязу. Афіцыйныя вынікі галасаваньня будуць вядомыя ў нядзелю. Агульная колькасьць выбаршчыкаў у краіне перавышае чатыры мільёны чалавек. Каб вынікі рэфэрэндуму былі прызнаныя, неабходна, каб удзел у плебысцыце ўзялі болей за палову зарэгістраваных выбаршчыкаў. Улады Славаччыны выказваюць занепакоенасьць магчымымі вынікамі рэфэрэндуму, таму што папярэдне ў краіне былі праведзеныя пяць рэфэрэндумаў, але ніводзін зь іх ня быў прызнаны, таму што колькасьць іхных удзельнікаў не перавысіла 50%. Калі выбаршчыкі праігнаруюць рэферэндум, то ў гэтым выпадку парлямант краіны можа ратыфікаваць пагадненьне ад уваходзе ў Эўразьвяз, якое Славакія і яшчэ дзевяць краінаў-кандыдатаў падпісалі ў красавіку. Выбаршчыкі ў Літве, Мальце, Славеніі й Вугоршчыне ўжо прагаласавалі за далучэньне да Эўразьвязу.