БАГДАД. Злучаныя Штаты паведамiлi аб арышце былога намесьнiка прэм’ер-мiнiстра Іраку Тарыка Азыза, а таксама аб тым, што з наступнага тыдню пачнецца фармаваньне новага iрацкага ўраду.
Тарык Азыз быў у асноўным сьпiсе 55 iрацкiх кiраўнiкоў, якiх Злучаныя Штаты абвесьцiлi ў вышук. У свой час ён часта прадстаўляў Ірак на мiжнародных перамовах.
Учора амэрыканскі адміністратар Іраку, генэрал у адстаўцы Джэй Гарнэр, заявіў, што з наступнага тыдня пачнецца фармаваньне новага iрацкага ўраду. На сустрэчы з групай ірацкіх навукоўцаў i тэхнiчных спэцыялiстаў у Багдадзе Гарнэр падкрэсьлiў, што Іракам будуць кiраваць самi iракцы.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у сваёй прамове ў штаце Агая заявiў, што Злучаныя Штаты не зьбiраюцца навязваць Іраку новы ўрад. Буш сказаў, што ЗША жадаюць дапамагчы ў пабудове дэмакратычнага ўраду, якi будзе прадстаўляць iрацкi народ i працаваць для iрацкага народу.