[ 06:23 ]  Аднавiлiся перамовы наконт ядзернай праграмы Паўночнай Карэi

СЭЎЛ. У сталiцы Кiтаю, Пэкiне, аднавiлiся перамовы памiж ЗША i Паўночнай Карэяй наконт паўночнакарэйскай ядзернай праграмы. ЗША жадаюць, каб Паўночная Карэя спынiла сваю ядзерную праграму – у адказ Пхэньян патрабуе гарантыяў бясьпекi. Пакуль няма iнфармацыi наконт вынiкаў учорашняй сустрэчы – першай зь мiнулага кастрычнiка. Паўночная Карэя кажа, што вынiкi перамоваў наконт яе ядзернай праграмы будуць залежаць ад жаданьня Злучаных Штатаў зьмянiць сваю палiтыку. Паўночнакарэйскае кiраўнiцтва лiчыць цяперашнюю амэрыканскую палiтыку варожай да сябе. Як пiша афiцыйная агенцыя навiнаў Паўночнай Карэi, адносiны памiж Пхэньнянам i Вашынгтонам скрайне пагоршылiся пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Джордж Буш назваў Паўночную Карэю часткай усясьветнай “восi зла”, разам з Іракам ды Іранам.