[ 17:44 ]  Францыя й Нямеччына бачаць прагрэс у раззбраеньні Іраку

БРУСЭЛЬ. Сёньня прадстаўнікі Францыі й Нямеччыны заявілі, што намер Іраку пачаць з заўтрашняга дня зьнішчаць свае нелегальныя ракеты пацьвярджае наяўнасьць прагрэсу ў разбраеньні Іраку, і таму інспэкцыі павінны быць працягнутыя. Міністар замежных справаў Францыі Дамінік Дэ Вільпэн сказаў сёньня, што зьнішчэньне Іракам ракет Аль-Samoud 2 – як таго патрабуе ААН – будзе “важным крокам на шляху разбраеньня”. Міністар замежных справаў Нямеччыны Ёшка Фішэр, у сваю чаргу заявіў, што інспэкцыі пачынаюць даваць “канкрэтныя вынікі” і адначасова падкрэсьліў, што Багдад павінен цалкам супрацоўнічаць з Арганізацыяй Аб’еднаных Нацыяў. Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, аднак, заявіў раней сёньня ў Мадрыдзе, што зараз насьпеў час, каб сапраўды пачаць дзейнічаць для разбраеньня Іраку, і адмова ад гэтых дзеяньняў можа зрабіць сытуацыю толькі больш небясьпечнай.