[ 05:23 ]  Шматтысячныя акцыі пратэсту супраць магчымай вайны ў Іраку

ВАШЫНГТОН. У шмат якіх краінах сьвету прайшлі дэманстрацыі пратэсту супраць магчымай ваеннай апэрацыі ЗША ў Іраку. На антываенным мітынгу ў Вашынгтоне прыблізна 200 тысячаў дэманстрантаў запатрабавалі, каб экспэртам ААН далі магчымасьць давесьці да канца інспэкцыі ірацкіх ваенных аб’ектаў. Акцыі пратэсту былі заплянаваныя таксама ў Сан-Францыска, Чыкага, Тампе і Флёрыдзе. У Францыі акцыі пратэсту прайшлі ў 40 местах. У Парыжы каля шасьці тысячаў маніфэстантаў запатрабавалі ад ураду ЗША адмовіцца ад плянаў ваеннага разьвязаньня ірацкай праблемы. Тысячы дэманстрантаў выйшлі на вуліцы нямецкіх местаў Расток і Туйбінгэн. У Швэцыі каля 5 тысячаў асобаў пратэставалі ў месьце Готэнбург, а ў Лёндане некалькі сотняў актывістаў сабраліся ля ваеннай базы. Масавыя дэманстрацыі прайшлі таксама ў Японіі, Пакістане і ў краінах Блізкага Ўсходу.