Міжнародная нязгода з магчымым нападам Злучаных Штатаў на Ірак сёньня выявілася надалей. Прэзыдэнт Эгіпту Хосьні Мубарак заявіў, што напад на Ірак можа прывесьці да грамадзянскай вайны ў рэгіёне. Мубарак выказаў сваё перакананьне, што ніводная краіна сьвету ня мае права мяняць уладу ў іншай краіне. Эўрапейскі зьвяз падзелены ў пытаньні новай рэзалюцыі Рады бясьпекі ААН, якая дала б больш паўнамоцтваў збройным інспэктарам і дазволіла б ужыць сілу супраць Іраку, калі ірацкія ўлады адмовяцца супрацоўнічаць зь інспэкцыяй. Інспэктары ААН маюць праверыць, ці вырабляе Ірак ядзерную, хімічнай альбо біялягічную зброю. Французкая міністарка абароны Мішэль Альо-Мары заявіла, што ўсе міністры Эўразьвязу падтрымліваюць найхутчэйшае вяртаньне інспэктараў ў Ірак.
Камісар ў справах зьнешняй палітыкі Эўразьвязу Гавьер Саляна сёньня заявіў, што Эўропа не ставіць сваёй мэтай зьмену рэжыму ў Іраку.
Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня заявіў у радыёпрамове, што выкарыстаньне сілы супраць Іраку можа стацца непазьбежным. Буш вінаваціць прэзыдэнта Іраку Садама Хусэйна ў назапашваньні зброі масавага зьнішчэньня.