МАСКВА Кіраўніцтва расейскай памежнай службы публічна падтрымала ідэю папераджальных удараў па тэрыторыі Грузіі. Намесьнік дырэктара службы Мікалай Рэзьнічэнка заявіў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, што такія ўдары неабходныя, і ня трэба чакаць пагадненьня паміж Расеяй і Грузіяй. Паводле Рэзьнічэнкі, расейскія памежнікі і міністэрства ўнутраных справаў маюць “надзейную і дакладную інфармацыю” аб месцазнаходжаньні каля 500 чачэнскіх і замежных ваяўнікоў, якія нібыта хаваюцца ў Панкіскай цясьніне. Грузінскія ўлады адкідаюць гэтыя абвінавачваньні. Міністар унутраных справаў Грузіі Коба Нарчэмашвілі сёньня павез у Панкісі журналістаў, каб прадэманстраваць ім, што грузінскія войскі кантралююць сытуацыю, і што ў вёсках на мяжы з Чачэніяй няма чачэнскіх ваяўнікоў. Учора міністар замежных справаў Грузіі Іраклі Менагарышвілі заўвіў у ААН, што амэрыканскі ўрад прапануе трохбаковыя перамовы з Расеяй і Грузіяй аб сытуацыі ў Панкісі.